Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму і праз 25 гадоў пасьля канца СССР «савецкасьць» перасьледуе беларусаў


Мітынг супраць развалу СССР. Архіўнае фота
Мітынг супраць развалу СССР. Архіўнае фота

Удзельнічаюць: Дзьмітры Гурневіч, Уладзімер Глод, Валер Каліноўскі.

Гурневіч: Я заўсёды зь вялікай цікавасьцю чытаю беларускія газэты і часопісы канца 80-х пачатку 90-х гадоў. Адчуваецца новае дыханьне, новыя тэмы, вельмі адважныя, цікавыя дыскусіі, якія сёньня рэдка сустрэнеш. Там і разьлік з савецкай спадчынай рэпрэсій, цікавыя матэрыялы пра Вялікае Княства Літоўскае, БНР, дыскусіі пра свабоду слова. Такое ўражаньне, што гэта прэса дарослай дэмакратычнай краіны. Усе гэтыя тэксты паказваюць настроі ў асяродзьдзі інтэлектуалаў і вялікай часткі насельніцтва, паколькі ўся гэтая друкаваная прадукцыя была адрасаваная беларусам. Тым ня менш, сёньня пра Беларусь кажуць як пра краіну, дзе спыніўся час, а беларусаў часта называюць «саўкамі».

На маю думку, гэты закід будзе справядлівы да ўсёй постсавецкай прасторы. 25 гадоў — гэта адно пакаленьне. Гэтага недастаткова, каб разьвітацца з такой моцнай савецкай прышчэпкай. І нават у балтыйскіх краінах, якія ўжо больш за 10 гадоў у Эўразьвязе, савецкасьць у пэўнай дозе і пэўных праявах прысутнічае. Дзесьці праз звычайную настальгію старэйшых па гадах сваёй маладосьці, а дзесьці і празь некаторыя паразы краін у новай рэчаіснасьці. У рэшце рэшт многае не ўдалося і балтыйскім краінам.

У Беларусі с ніколі не была падведзеная тлустая рыса, якая б адназначна аддзяляла краіну ад «саўковасьці». У выніку атрымаўся гібрыд — эўрапейская краіна, якая захоўвае некаторыя рысы савецкасьці.

Але ёсьць рэч, якая не дазваляе ставіць у адзін шэраг эстонцаў і беларусаў. Эстонія з усіх сілаў імкнецца пазбыцца савецкай спадчыны. Для большасьці эстонцаў гэта нешта чужое і саромнае. У Беларусі савецкія ўзоры культывуюцца, пачынаючы ад эканомікі і завяршаючы культурай. Вядома, што гэта далёка не савецкія часы, і тыя, хто кажа, што ў Беларусі спыніўся час, ня маюць, на маю думку, рацыі. Беларусь зрабіла вялікі цывілізацыйны рывок за апошнія 25 гадоў. Але ў нас ніколі не была падведзеная тлустая рыса, якая б адназначна аддзяляла краіну ад «саўковасьці». У выніку атрымаўся гібрыд — эўрапейская краіна, якая захоўвае некаторыя рысы савецкасьці. Улада гэтым хваліцца, маўляў, мы не адмовіліся ад найлепшага, што было ў СССР. Але шмат якія факты сьведчаць якраз пра адваротнае — што пакінулі акурат ня тое, што варта было б пакінуць. Неэфэктыўную эканоміку, прапаганду, савецкія атрыбуты. Каб жа толькі пакінулі, дык паўстаюць новыя: лінія Сталіна, помнік Леніну каля МТЗ.

Зразумела, што гэтыя савецкія помнікі кранаюць сёньня нямногіх, але на ўзроўні сымбаляў яны прымушаюць людзей усё яшчэ асацыяваць сябе з гісторыяй СССР, і таму савецкасьць застаецца ўсё яшчэ нязручным багажом. Але ж праўда такая, што савецкасьць застанецца з намі роўна столькі, колькі яна будзе заставацца ў нашых галовах.

Каліноўскі: Адказ на вашае пытаньне, Зьміцер, пачну з уласнага досьведу. На маю асабістую долю з СССР засталіся ня самыя лепшыя ўспаміны — чэргі па хлеб, дэфіцыт самых розных рэчаў, вось гэтая савецкасьць, шэрасьць паўсюль. Ад унівэрсытэту і да кожнага кроку ў побыце нас не адпускаў СССР, нагадваючы кожны раз, дзе мы жывем і чым абавязаныя дзяржаве. А, уласна, чым? Не магу забыць, як нас, студэнтаў, пасьля першага курсу прымусова забралі ў войска, многія з маіх сяброў трапілі выконваць так званы інтэрнацыянальны доўг у Аўганістан. Хлусьня па радыё і тэлебачаньні, забароненыя кніжкі, якія перадавалі адзін аднаму студэнты.

Я не разумею людзей, якія адчуваюць настальгію па ўсім гэтым. Нават калі абстрагавацца ад культурнага, інтэлектуальнага прыгнёту — дык і ў побыце за савецкім часам было значна цяжэй. Не разумею, чаму многія людзі, нават старэйшае пакаленьне, ня бачаць шмат магчымасьцяў, якія мы атрымалі з распадам СССР.

У Беларусі, якая застаецца аўтарытарнай дзяржавай, усё ж няма такой савецкасьці, як у БССР, сытуацыя іншая, і напэўна лепшая, чым была. У людзей ёсьць выбар, эканамічны і інтэлектуальны, няма дэфіцыту, можна вольна падарожнічаць.

Зараз у Беларусі, якая застаецца аўтарытарнай дзяржавай, усё ж няма такой савецкасьці, як у БССР, сытуацыя іншая, і напэўна лепшая, чым была. У людзей ёсьць выбар, эканамічны і інтэлектуальны, няма дэфіцыту, можна вольна падарожнічаць.

Так, савецкасьць застаецца ў палітыцы ўладаў, асабіста Аляксандра Лукашэнкі, якія намінальна працягваюць гэтыя пяцігодкі, ідэалягічныя аддзелы і астатняе, стаяць гэтыя Леніны ў гарадах, але ўсё гэта мёртвае, і пяцгігодкі, і ідэалёгія, і статуі Леніна, дзеці ўжо ня ведаюць, хто гэта такі. Таму давайце не перабольшваць беларускую савецкасьць. Так, у старэйшага насельніцтва ёсьць настальгія па часах, калі яны былі маладыя, гэта нармальна, некаторым тады моцна ўбілі ў галаву савецкія догмы, таксама, зразумела, цяпер надзвычай актыўна дзейнічае расейская прапаганда на абяленьне савецкага ладу жыцьця. Савецкасьць Беларусь пераадольвае не рэвалюцыйна, як іншыя незалежныя краіны, а эвалюцыйна, паступова. Але нават з улікам гэтага зазначу, што тая ж Расея па мэнталітэту больш савецкая, чым Беларусь, хоць і ў іх дзікі капіталізм і праваслаўнае цемрашальства, і шавінізм, чаго не было пры СССР. Яны неяк гэта ўсё цяпер спалучаюць.

Асноўная ж прычына настальгіі беларусаў па СССР — тое, што многія людзі не ўладкаваліся ў новых умовах, што ня маюць годных заробкаў, жывуць у беднасьці. Як вядома, камунізм нараджаецца ад галечы, таму чым хутчэй будзе разьвівацца эканоміка, чым больш заможнымі будуць людзі, тым хутчэй мы пазбавімся ад саўковасьці. А што для гэтага трэба, мы ўжо ня раз у сваіх перадачах абмяркоўвалі: рынкавыя рэформы, дэмакратыя, грамадзянскія і эканамічныя свабоды.

Глод: У Беларусі і праз чвэрць стагодзьдзя чуваць енк па СССР. Няўжо 25 гадоў мала, каб грамадзтва пераканалася ў перавагах жыцьця ў самастойнай дзяржаве, у сяброўскім суседзтве зь іншымі краінамі, а не ў нейкай «абшчазе», хай і вялікай? На мой погляд, тут справа ня ў часе. Калі расейскае і беларускае тэлебачаньне будуць бясконца асуджаць скон Савецкага Саюзу, калі пра гэта будуць па-ранейшаму публічна гаварыць лідэры абедзьвюх частак так званай саюзнай дзяржавы, то ніякага часу ня хопіць.

Паколькі праўда пра Віскулі і СССР не даводзіцца вучням і студэнтам, то і яны будуць ведаць пра Савецкі Саюз толькі тое, чаму іх навучылі. А гэта — вялікая небясьпека.

Глядзіце, прэзыдэнт Расеі кажа, што распад СССР быў найвялікшай геапалітычнай катастрофай ХХI стагодзьдзя. Прэзыдэнт Беларусі, зноў жа, публічна заяўляе, што ён быў адзіны дэпутат беларускага парлямэнту, які галасаваў супраць распаду Савецкага Саюзу, што, дарэчы, супярэчыць праўдзе. А колькі бруду выліваецца на галовы Міхаіла Гарбачова, які, нібыта, разваліў магутную краіну. Ці на тых жа «здраднікаў» Барыса Ельцына, Леаніда Краўчука і Станіслава Шушкевіча.

Чаму так адбываецца? Мне падаецца, існуюць дзьве галоўныя прычыны. Першая — выконваецца замова Крамля на аднаўленьне імпэрыі. Прычым, пасьля акупацыі ўкраінскага Крыму крамлёўская прапаганда літаральна ўзахлёб спрабуе ўваскрэсіць труп неіснуючай краіны. Другая — праз такую прапаганду адцягнуць увагу простых расейцаў і беларусаў ад складанага становішча, у якое іх завялі Ўладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка. Замест таго, каб разабрацца, у чым прычыны істотнага пагаршэньня жыцьцёвага роўню людзей, маскоўска-менскія прапагандысты навязваюць ім настальгію пра мінулае: маўляў, як добра было жыць у Савецкім Саюзе. Напрыклад, тады была стабільнасьць. Мы атрымоўвалі кватэры, у паліклініках лячылі бясплатна, студэнтам давалі стыпэндыю...

Старыя, аўтарытарныя мадэлі кіраваньня, якія засталіся і ў Расеі, і ў Беларусі, не даюць аддачы. Тут Валер Каліноўскі слушна казаў пра галечу значнай часткі насельніцтва. Найперш з-за гэтага шмат хто і сёньня лічыць сваё жыцьцё горшым, чым у савецкія часы. І ад такой рэчаіснасьці нікуды ня дзецца.

А вось з адным вашым меркаваньнем, калегі, я пагадзіцца не магу. Маўляў, праз пэўны час адамруць тыя, хто жыў у СССР. А моладзь пра Савецкі Саюз нічога ня ведае. Некаторыя, як тут прыводзіўся прыклад, ня ведаюць, хто такі Ленін. І тады настальгія адамрэ сама па сабе. У мяне іншая думка. Паколькі праўда пра Віскулі і СССР не даводзіцца вучням і студэнтам, то і яны будуць ведаць пра Савецкі Саюз толькі тое, чаму іх навучылі. А гэта — вялікая небясьпека.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG