У Віцебску 12 сьнежня пачаўся працэс над сямю мясцовымі хлопцамі, якіх вінавацяць у хуліганстве ды іншых злачынствах, уключна са зьнявагай над трупамі. Самы вядомы з падсудных — Станіслаў Ганчароў, меркаваны былы баец батальёну «Азоў» з пазыўным «Тэрор-Машына», якога затрымалі па вяртаньні ў Беларусь з Украіны. Стас вядомы таксама тым, што мае на целе некалькі тату прафашысцкага зьместу; магчыма, ён удзельнічаў у некаторых прафашысцкіх акцыях. Працэс праходзіць за зачыненымі дзьвярыма.
Карэспандэнт Свабоды скантактаваўся зь сябрам падсуднага Алесем Г., які пагадзіўся расказаць пра ўражаньні ад пачатку працэсу:
— Учора бачыў Стаса ў калідоры суду, калі яго вялі ў судовую залю. Выглядаў стомленым, але ўсьміхнуўся мне. Валасы на галаве адрасьлі, а ў астатнім усё тое ж. Больш яго ня бачыў, працэс жа закрыты.
У калідоры было чалавек 10, сярод іх былі ягоныя сябры, магчыма, сваякі. Здаецца, была яго дзяўчына. Але былі і іншыя людзі ды ахоўнікі, таму цяжка сказаць, колькі прыйшло на яго паглядзець. Што яшчэ ведаю? Колькі тамоў у справе, ня ведаю, але пісалі ў мэдыях, што падчас сьледзтва абвінавачаньні яму дадавалі і дадавалі, таму можна ўявіць, што тамоў хапае. Кажуць яшчэ, што справа будзе разглядацца месяцы два, ня меней, і нават кажуць, што пракурор запатрабуе 7 гадоў.
— А што, ёсьць агалоска пра справу ў горадзе?
— Так, і вялікая. Вось учора знаёмы цікавіўся, казаў, што чулі пра такі працэс, пра Стаса чыталі. Моладзь ведае пра гэты суд.
— Што вядома наконт таго, ці прызнае Ганчароў сябе вінаватым?
— Паводле зьвестак, што даходзяць, не прызнае і са сьледзтвам не супрацоўнічае. Асабіста я лічу, што яго перасьледуюць з-за Ўкраіны, бо праз гэта ўсё пачалося. Згадваюць, што ягонае імя кіраўнікі міліцыі называлі першым у сьпісе тых, хто ваюе ва Ўкраіне і з кім будуць разьбірацца.
І заўважу, што тыя здымкі, якія нібыта ёсьць на яго ў справе, былі зробленыя 2–3 гады таму, а з Украіны ён вярнуўся сёлета. Вось такая храналёгія.
А пра тое, што на здымках, скажу гэтак: яму ж цяпер усяго 20 гадоў, а тады зусім малады быў.
— Што вядома пра ўмовы, у якіх трымаюць Станіслава — «Тэрор-Машыну»?
— Сядзіць у нашым віцебскім СІЗА з усім, што там ёсьць. Але нібыта ня скардзіцца. А больш мала што вядома, бо лісты ягоныя цэнзуруюць, выкрэсьліваюць усё, што тычыцца турмы і справы. Казалі сябры, што ў апошнім лісьце пакінулі толькі, што просіць цыгарэты, іншае закрэсьлілі. Акрамя яго, са справы яшчэ тры хлопцы таксама пад вартай, а іншыя тры — пад падпіскай. Гэта ўсё, што ведаю.
Працэс над жыхаром Віцебску, 20-гадовым Станіславам Ганчаровым пачаўся ў Віцебскім абласным судзе 12 сьнежня.
«У Віцебскі абласны суд паступіла крымінальная справа ў дачыненьні да Г., 1996 году нараджэньня, паводле часткі 1 артыкула 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасьці або розьні), частак 2, 3 артыкула 339 (хуліганства), часткі 2 артыкула 206 (рабунак), часткі 2 артыкула 343 (выраб і распаўсюджваньне парнаграфічных матэрыялаў)», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы суду.
Паколькі справа датычыць «грамадзкай маральнасьці ў сфэры полавага жыцьця», працэс будзе закрытым, сказалі ў прэс-службе суду.
Станіслаў Ганчароў — «Тэрор-Машына» быў затрыманы ў Віцебску ў красавіку 2016 году.