Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць гучных справаў за распальваньне варожасьці


Сьледзтвы і судовыя справы за распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці або розьні, за прыніжэньне нацыянальнага гонару і годнасьці, ня новыя для Беларусі.

Па законе такія дзеяньні караюцца штрафам, або арыштам ці абмежаваньнем волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленьнем волі на той жа тэрмін. Гэта прадугледжвае 130 артыкул Крымінальнага кодэксу Беларусі. За гады незалежнасьці здараліся выпадкі пакараньня па гэтым артыкуле, аднак многія справы не даходзілі да судовага фіналу.

1. Дэпутат Улаховіч і яго газэта «Личность»

У 1990-х гадах дэпутата Палаты Прадстаўнікоў, экс-кандыдат у прэзыдэнты Мікалай Улаховіч выдаваў за ўласныя грошы газэту «Личность». У 1999 г. выданьне атрымала афіцыйнае папярэджаньне за распальваньне нацыянальнай і рэлігійнай варожасьці

У 2015 годзе партал naviny.by узгадаў некалькі цытатаў з газэты Ўлаховіча.

«Не сакрэт, што менавіта буйны габрэйскі капітал фінансаваў пабудову канцлягераў для габрэяў у гітлераўскай Нямеччыне. Ніводзін з багатых габрэяў у Нямеччыне не пацярпеў! Сіяністы выкарыстоўвалі фашызм у сваіх карысьлівых мэтах».

«Юдаізм і вытворнае ад яго — сіянізм, закліканы раскладаць і падрываць нашы рускія нацыянальныя асновы, нашу рускую нацыянальную традыцыю, закліканы замяніць нашы рускія ідэалы на фантомы».

«Шкада рускіх Маларосіі, Наваросіі, Закарпацкай Русі, Харкаўшчыны, Крыму, дзе лютуе культурны генацыд — насаджаецца замест праваслаўна-рускай культуры хуткасьпелая ўніяцка-езуіцкая падробка — так званая ўкраінская культура».

У асноўным газэта пісала пра змову габрэяў, амэрыканцаў і эўрапейцаў супраць стабільнасьці ў Беларусі, а таксама пра сэкты, да якіх былі залічаныя пратэстанты.

2. Беларускія палякі супраць газэты Савету міністраў Беларусі

У 2007 годзе беларускія палякі патрабавалі прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці галоўнага рэдактара газэты «Рэспубліка» Анатоля Лемяшонка і аўтара выданьня Антона Андрэенку.

6 гадоў таму друкаваны орган Савету міністраў Беларусі апублікаваў артыкул «Новыя Крыжаносцы». Гэты артыкул утрымліваў шэраг зьняважлівых, на думку Саюзу палякаў Беларусі, выпадаў на адрас каталіцкай царквы і папы рымскага Яна Паўла II.

«Чарговы „Дранг нах Остэн“ сымбалічна стаў пераемнікам праславутага першага „крыжовага паходу германцаў супраць славян“, абвешчанага ў 1147 годзе Папам Яўгенам III».

Пра папу рымскага Яна Паўла ІІ у артыкуле ўтрымліваецца наступны фрагмэнт:«Ён ужо ў якасьці «намесьніка Бога на Зямлі» і пастыра ўсіх католікаў, нягледзячы на іх нацыянальнасьць, супрацоўнічаў наўпрост з шэфам ЦРУ У.Кэйсі, то бок аддаваўся ня проста зямной, а ганебнай, так бы мовіць, дʼябальскай справе«.

СПБ зьвярнулася да тагачаснага генэральнага пракурора Пятра Міклашэвіча, аднак справа не знайшла свайго працягу ў судзе.

3. Зьдзівжкоў і карыкатуры на Мухамэда

У 2008 годзе былы намесьнік газэты «Згода» Аляксандар Зьдзьвіжкоў быў прызнаны Менскім гарадзкім судом вінаватым у распальваньні рэлігійнай варожасьці.

Аляксандар Зьдзьвіжкоў
Аляксандар Зьдзьвіжкоў

Зьдзьвіжкова асудзілі за публікацыю карыкатураў на прарока Мухамэда. Карыкатуры зьявіліся ў газэце «Згода» у лютым 2006 году. КДБ распачаў супраць журналіста крымінальную справу, якую працягнула пракуратура. Мінулым летам Аляксандар Зьдзьвіжкоў выехаў зь Беларусі. У лістападзе ён прыехаў у Барысаў, каб наведаць магілу бацькі, і быў арыштаваны. Быў прысуджаны да трох гадоў зьняволеньня за «падбухторваньне да расавай, нацыянальнай і рэлігійнай варожасьці». Калегія Вярхоўнага суду пераглядзела прысуд і зьменшыла пакараньне да трох месяцаў, якія Зьдзьвіжкоў на момант разгляду касацыйнай скаргі ўжо адседзеў. У лютым 2008 году быў вызвалены дзеля «выключных абставінаў».

4. Справа Джона Сыльвэра

У жніўні 2016 году суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў экстрэмісцкімі 9 матэрыялаў сайту 1863x.com. Рэдактар сайту Эдуард Пальчыс, вядомы як Джон Сыльвэр, публікаваў матэрыялы з крытыкай беларускіх і расейскіх уладаў, пісаў, што Расея ўяўляе рэальную пагрозу для Беларусі.

Пракурор патрабаваў для Пальчыса 3,5 году турмы. У выніку ён быў засуджаны да аднаго году дзевяці месяцаў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову і вызвалены ў залі суду. Мера стрыманьня была зьмененая на падпіску аб нявыезьдзе. У народзе такое пакараньне называюць «хатняй хіміяй».

Праваабаронцы лічылі абвінавачаньне палітычна матываваным, а Пальчыса называлі палітвязьнем.

5. Тэрор-машына зь Віцебску

У красавіку ў Віцебску затрымалі байца «Азова» Станіслава Ганчарова пад пазыўным «Беларус». Сьледчы камітэт Беларусі выставіў яму абвінавачаньне ў «злосным хуліганстве», якое было зьдзейсьнена ў лістападзе 2013 году супраць непаўналетніх.

Часопіс «Спэцназ» паведаміў, што ў дачыненьні да Ганчарова ўзбуджана 12 крымінальных спраў сярод якіх і распальваньне міжнацыянальнай варожасьці.

«Спэцназ» прыводзіць падрабязнасьці: пачынаючы з 2012 году Ганчароў з саўдзельнікамі з каляфутбольнай групоўкі Softline Віцебск-SxE вымагаў грошы, адымаў вопратку ў студэнтаў у віцебскіх інтэрнатах, двойчы жорстка зьбілі сваіх ахвяр, скінгэды наносілі ім раны скальпэлем.

Цела Ганчарова пакрытае татуіроўкамі на нацысцкую тэматыку, Вконтакте ён вёў старонку пад іменем Карл Цэнэр — так клікалі начальніка паліцыі ў пэрыяд акупацыі, арганізатара акцыі па зьнішчэньні менскіх габрэяў.

Суд над Ганчаровым пачнецца на наступным тыдні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG