Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Украіна пераўзбройваецца ва ўмовах расейскай агрэсіі. І як Беларусь ёй дапамагае


Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксандар Турчынаў аглядае тэхніку перад выпрабаваньнем
Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксандар Турчынаў аглядае тэхніку перад выпрабаваньнем

На мінулым тыдні Ўкраіна ў 134 кілямэтрах ад Беларусі правяла выпрабаваньні новай вайсковай тэхнікі.

Украіна ад пачатку вайсковай агрэсіі Расеі актывізавала выпрабаваньні новых распрацовак вайсковай тэхнікі.

Навінкі ўкраінскіх распрацоўшчыкаў

Толькі сёлета ўкраінская вайсковая прамысловасьць прадэманстравала пяць навінак: новыя баявыя модулі «Тайпан» ды «Вій», аўтамат «Малюк», абноўленая нямецкім рухавіком машына пяхоты БМП-1УМД «Мисливець» (яна раней аснашчалася расейскім рухавіком) і бесьпілётны БТР «Фантом».

Выпрабаваньні апошніх дзьвюх навінак напрыканцы мінулага тыдня адбыліся ў 134 кілямэтрах ад мяжы зь Беларусьсю — на палігоне «Ганчароўскае» ў Чарнігаўскай вобласьці.

«У Савецкім Саюзе не было такіх паняцьцяў, як баявы модуль або бесьпілётная бронетэхніка. Іншая справа, наколькі яны будуць эфэктыўнымі на поле бою — гэта трэба будзе яшчэ высьветліць падчас выпрабаваньняў і баявога выкарыстаньня. Баявы модуль — гэта ўжо адпрацаваная сыстэма, якая ва Ўкраіне выкарыстоўваецца вельмі актыўна больш як 15 гадоў. І ўкраінскія бронетранспарцёры, і БМП ужо даволі даўно абсталёўваюцца баявымі модулямі. Гэта ж ня проста вежа, якая раней была на бранятэхніцы, гэта дыстанцыйна кіраванае ўзбраеньне, якое знаходзіцца над бранёй, а асабісты склад знаходзіцца ў закрытай капсуле, чым забясьпечваецца аўтаномнасьць экіпажу. Гэта сапраўды новыя распрацоўкі», — распавёў Свабодзе Міхайла Самусь, намесьнік дырэктара ў міжнародных пытаньнях Цэнтру дасьледаваньняў арміі, канвэрсіі і раззбраеньня.

Бесьпілётны тактычны міні-бронетранспартэр «Фантом» аснашчаны такімі комплексамі прыцэльваньня, якія дазваляюць весьці агонь у любы час сутак на адлегласьць больш як адзін кілямэтар. Кіраваньне ім ажыцьцяўляецца праз абаронены радыёканал або валаконны кабэль. Прадугледжана таксама і магчымасьць абсталяваць гэты бесьпілётнік высокадакладным процітанкавым ракетным узбраеньнем.

«Магчымасьці «Фантома» насамрэч цяжка пераацаніць, яны дазваляюць яму ўзяць на сябе вялікі спэктар задач. Такая тэхніка можа дастаўляць боекамплекты і грузы праз зоны, якія знаходзяцца пад пагрозай абстрэлу праціўніка або ў зоне міннай рызыкі, бясьпечна і хутка эвакуяваць параненых з поля бою. На «Фантом» можна ўсталёўваць розныя віды ўзбраеньня для ажыцьцяўленьня агнявой падтрымкі. Калі, напрыклад, аснасьціць яго супрацьтанкавым ракетным комплексам, то армія атрымае малапрыкметны, мабільны і эфэктыўны спосаб зьнішчэньня бранятэхнікі праціўніка», — пераконвае кіраўнік дзяржаўнага прадпрыемства «СпэцТэхнаЭкспарт» Паўло Барбул.

БМП-1УМД «Мисливець» ня толькі ўкамплектавалі нямецкім рухавіком, але і ўзмацнілі агнявую моц і сыстэму кіраваньня агнём. Працуючы над гэтай тэхнікай, асаблівую ўвагу ўкраінскія канструктары скіравалі на сродкі маскаваньня ў бачным і інфрачырвоным дыяпазоне.​

Новая агнявая моц БМП-1УМД
Новая агнявая моц БМП-1УМД

«Гэтая сыстэма, здольная ў аўтаматычным рэжыме распазнаваць і адсочваць цэлі, і ёсьць адным з элемэнтаў стварэньня рабатызаваных баявых модуляў. Дзякуючы ёй БМП-1УМД «Мисливець» можа выкарыстоўвацца ня толькі як сродак транспартаваньня і агнявой падтрымкі падразьдзяленьняў, але і як аўтаномная баявая адзінка з дыстанцыйным кіраваньнем», — кажуць у дзяржаўным канцэрне «Укроборонпром», які каардынуе дзейнасьць 134-х дзяржаўных прадпрыемстваў і канструктарскіх бюро вайскова-прамысловага комплексу Ўкраіны.

Што зрабіла армію моцнаю

Разам з тым, як сьцьвярджаюць экспэрты, пераважная частка цяперашняга ўзбраеньня ўкраінскага войска — гэта адрамантаваная і мадэрнізаваная савецкая тэхніка.

«Бранятэхніка, авіяцыя, сыстэма супрацьпаветранай абароны, тыя ж танкі, бронетранспартэры — гэта рэшткі арсэналаў савецкай арміі, якія заставаліся на тэрыторыі Ўкраіны. Але ёсьць частка, напрыклад БТР-4, — гэта ўкраінская распрацоўка, якая ніякім чынам не зьвязаная з савецкімі, і іх ужо каля 100 адзінак у складзе Узброеных сіл Украіны. Яны якраз выкарыстоўваюць баявыя модулі. У прынцыпе, гэта значная колькасьць, калі гаварыць у кантэксьце такога ж узбраеньня любой эўрапейскай арміі. Напрыклад, у нямецкай арміі, якая лічыцца адной з самых магутных, усяго толькі 200 танкаў, а ва ўкраінскай — 2 тысячы танкаў. І гэтыя танкі мадэрнізаваныя і зьяўляюцца аднымі з найлепшых у Эўропе. Нават Т-64, якія нібыта і даволі старыя, але ж ёсьць і найноўшыя танкі „Оплот“», — адзначае намесьнік дырэктара ў міжнародных пытаньнях Цэнтру дасьледаваньняў арміі, канвэрсіі і раззбраеньня Міхайла Самусь.

На думку экспэрта, не ўзбраеньне і ягоная колькасьць сталі галоўнымі перадумовамі таго, што з пункту гледжаньня вопыту і вядзеньня сучасных баявых дзеяньняў украінская армія літаральна за два гады стала адной з самых моцных у Эўропе.

«Калі ў сакавіку-красавіку 2014 году пачалася агрэсія, то ўкраінская дзяржава не змагла выканаць свае функцыі, і іх пачала выконваць грамадзянская супольнасьць. Шчыра кажучы, якраз добраахвотніцкія батальёны, узьнесены дух людзей процідзейнічалі расейскай агрэсіі, калі дзяржава правалілася ў выкананьні сваіх функцый. У далейшым, пачынаючы з чэрвеня 2014 году, украінская армія пачала адаптавацца да новых умоў — узмацняцца, разьвівацца і весьці сучасныя баявыя дзеяньні. Многія замежныя экспэрты кажуць, што ніводная заходняя армія не змагла б вытрымаць такі псыхалягічны ціск, калі б па іх так адпрацоўвалі „Градамі“, як гэта адбывалася супраць украінскай арміі», — кажа Самусь.

Да агрэсіі Расеі супраць Украіны сучасная вайна асацыяваліся з пэўнымі дыстанцыйнымі дзеяньнямі, з выкарыстаньнем высокатэхналягічных і высокадакладных узбраеньняў, якія выключаюць масавую гібель людзей.

«А Расея выкарыстоўвала мэтады Другой сусьветнай вайны і выкарыстала зброю з мэтай масавага зьнішчэньня як жывой сілы ўкраінскай арміі, так і цывільнага насельніцтва, каб пасеяць паніку, страх, жах і дэмаралізаваць не толькі войска, але і ўсё грамадзтва. Украінская нацыя разам з арміяй гэта вытрымалі, і пасьля гэтага ўкраінская армія сапраўды можа лічыцца адной з самых моцных у Эўропе», — перакананы экспэрт.

Ад цяжкага ўзбраеньня да зброі стрыманьня

Сёлета Ўкраіна двойчы правяла выпрабаваньні ракетнага шчыта, нягледзячы на пагрозы Расеі зьбіваць ракеты ў раёне анэксаванага Крыму.

«На ракетабудаўніцтва ўскладаецца вельмі вялікая надзея, таму гэтая галіна дазволіць стварыць ня толькі ракетны шчыт, а й зброю стрыманьня, гэта значыць такую зброю, якая будзе здольная нанесьці дастатковую шкоду агрэсару, прычым на ягонай тэрыторыі, каб той спыніўся і некалькі разоў падумаў — ці варта працягваць сваю агрэсію супраць Украіны. Пра зброю стрымліваньня размова ідзе ўсе 25 гадоў незалежнасьці краіны. У выніку Будапэшцкага мэмарандуму мы адмовіліся ад ядзернай зброі і цяпер робім няядзерную зброю стрыманьня, у якую, акрамя ракетных сыстэм, уваходзяць і сілы спэцыяльных апэрацыяў, якія таксама на тэрыторыі праціўніка могуць нанесьці адчувальны ўрон, які будзе мець стратэгічнае значэньне для праціўніка і зробіць агрэсію супраць Украіны нявыгаднай», — распавядае Самусь.

Намесьнік дырэктара ў міжнародных пытаньнях Цэнтру дасьледаваньняў арміі, канвэрсіі і раззбраеньня Міхайла Самусь
Намесьнік дырэктара ў міжнародных пытаньнях Цэнтру дасьледаваньняў арміі, канвэрсіі і раззбраеньня Міхайла Самусь

У стварэньні сіл апэратыўнага рэагаваньня Ўкраіне дапамагаюць ЗША, Вялікая Брытанія, Канада.

«Гэта нашы саюзьнікі з блёку NATO, бо сама арганізацыя — абаронны блёк, а не бюро добрых паслуг, як гэта часта выкарыстоўваецца ў тым ліку і расейскай прапагандай, што вось „NATO зараз прыйдзе і ўсім дапаможа“. У NATO няма такой функцыі. Галоўная яе функцыя — артыкул 5: абарона сяброў NATO. Абараняць Украіну NATO ня будзе ніколі, калі Ўкраіна ня стане яе чальцом. NATO ня можа нам пастаўляць зброю, ня можа наўпрост пастаўляць дапамогу. Толькі праз двухбаковыя дачыненьні з нашымі саюзьнікамі», — адзначыў экспэрт.

У той жа час, паводле яго, сёньня ва Ўкраіны няма крытычнай патрэбы ў атрыманьні замежнай вайсковай дапамогі.

«Украінская абаронная прамысловасьць змагла адрамантаваць, аднавіць, мадэрнізаваць і выкарыстаць старыя напрацоўкі і зрабіць з, у прынцыпе, састарэлых узораў узбраеньняў такую сыстэму, якая цяпер можа досыць эфэктыўна процідзейнічаць расейскай агрэсіі. Што датычыцца паставак заходніх узбраеньняў, то яны былі актуальныя менавіта ў першы пэрыяд агрэсіі, недзе ў пэрыяд 2014 году да падпісаньня менскіх дамоўленасьцяў. Калі б у той час было дадзена лятальнае ўзбраеньне, то не было б Дэбальцавага катла і, напэўна, не было б ніякіх акупаваных тэрыторый. Тады зброі не далі, а цяпер ужо гэта не крытычнае пытаньне. Украіна паступова нарошчвае свой патэнцыял айчыннымі распрацоўкамі і прадукцыяй, у тым ліку і тымі ж процітанкавымі сыстэмамі, хоць, вядома ж, любая дапамога — гэта добра. Асабліва крытычнымі або ключавымі на гэтым этапе ёсьць высокатэхналягічныя сыстэмы — сыстэмы кіраваньня, сувязі, у тым ліку і бесьпілётныя сыстэмы», — мяркуе намесьнік дырэктара ў міжнародных пытаньнях Цэнтру дасьледаваньняў арміі, канвэрсіі і раззбраеньня.

ВПК адаптаваўся да патрэбаў войска, але застаецца нерэфармаваным

Экспэрты лічаць, што ўкраінскі вайскова-прамысловы комплекс адаптаваўся да працы ва ўмовах украінска-расейскага ўзброенага канфлікту і забясьпечвае ўсе неабходныя цыклі — ад мадэрнізацыі да рамонту вайсковай тэхнікі.

«Украінская абаронная прамысловасьць цалкам выконвае сваю функцыю. Што тычыцца рэфармаваньня, тут ёсьць праблемы, таму што дагэтуль існуе такая структура, як дзяржаўны канцэрн «Укроборонпром», які пакуль ня стаў эфэктыўнаю мадэльлю кіраваньня абароннаю прамысловасьцю. Патрэбна радыкальнае рэфармаваньне. Мы прапануем стварыць невялікае агенцтва як орган цэнтральнай выканаўчай улады, які б цалкам каардынаваў кіраваньне прадпрыемствамі, незалежна ад іх формы ўласнасьці — і дзяржаўнымі, і прыватнымі. Гэты орган таксама меўся б кіраваць вайскова-тэхнічным супрацоўніцтвам зь іншымі краінамі, каардынаваць усе кантакты, замежныя праекты і праекты нацыянальнага ўзроўню, такія, як, напрыклад, стварэньне вайсковых самалётаў тыпу Ан-70 ці Ан-178 або сыстэмы супрацьпаветранай абароны. Пакуль урадавага органу, які б каардынаваў украінскую абаронную прамысловасьць, няма. Менавіта з гэтай прычыны часта ўзьнікаюць як умовы для карупцыі, так і правалы ў рэалізацыі праектаў», — тлумачыць Самусь.

Паводле зьвестак Цэнтру дасьледаваньняў арміі, канвэрсіі і раззбраеньня, за гады вайны прыватны сэктар ВПК па колькасьці гульцоў істотна вырас і па колькасьці распрацовак нават апярэджвае дзяржаўны сэктар. На сёлетняй выставе «Зброя і бясьпека-2016» у Кіеве толькі адна прыватная кампанія (НВА «Практыка») прадставіла 11 бронемашын, тады як увесь дзяржаўны канцэрн «Укроборонпром» — усяго два аналягічныя ўзоры. Прыватныя кампаніі Ўкраіны пасьпяхова асвоілі ня толькі распрацоўку, вытворчасьць і мадэрнізацыю бранятэхнікі, але і такія даволі спэцыфічныя сэгмэнты, як мадэрнізацыя баявых верталётаў, вытворчасьць сыстэм радыёлякацыі, мабільных комплексаў наземнай выведкі і радыёэлектроннай барацьбы, комплексаў глушэньня сыгналаў кіраваньня і тэлемэтрыі бесьпілётных лятальных апаратаў і гэтак далей.

«Укроборонпром» займаецца кіраваньнем толькі дзяржаўных прадпрыемстваў, а прыватныя знаходзяцца, так бы мовіць, па-за зонай дзяржаўных інтарэсаў. Яны разьвіваюцца ў такіх дзікіх умовах: калі нехта прарываецца на нейкі тэндэр, то яму пашанцавала, а калі не — так склаліся абставіны, бо «Укроборонпром» вырашае пытаньні, каго і якім чынам дапусьціць да гэтага тэндэру», — кажа Самусь.

Супольныя праекты зь Беларусьсю ў абмен на ракетную тэхніку

Некаторыя ўкраінскія крыніцы сьцьвярджаюць, што Менск прапаноўваў Украіне некалькі супольных праектаў у вытворчасьці вайсковай тэхнікі ў абмен на ракетную. Паводле іх, толькі ў 2014 годзе гэтая тэма тройчы ўздымалася на перамовах. Але, верагодна, нешта пайшло ня так і Беларусь дамовілася зь Кітаем, калі прыгадваць сёлетнія выпрабаваньні рэактыўнай сыстэмы залпавага агню «Палянэз».

Дагэтуль Беларусь і Ўкраіна мелі адпаведны досьвед — у 2011 годзе быў прадстаўлены супрацьтанкавы ракетны комплекс «Скіф-10», распрацаваны кіеўскім канструктарскім бюро «Прамень» і менскаю кампаніяю «Пэленг», а таксама аўтаматызаваны зэнітна-ракетны комплекс Т38 «Штылет».

«Супольныя беларуска-ўкраінскія распрацоўкі былі, але іх галоўнай мэтай быў экспарт у трэція краіны. Пакуль, акрамя праекту і распрацоўкі, яны не экспартаваліся», — кажа Самусь.

Патэнцыйнай пляцоўкаю для супольных распрацовак ад 2012 году стаў Аршанскі авіярамонтны завод — больш як 50 адсоткаў яго акцыяў выкупіла запароскае абʼяднаньне «Матор-Січ». Прадпрыемства можа як рамантаваць баявыя верталёты Мі-24, гэтак і ствараць новыя машыны Мі-8МСБ.

Украінскія СМІ сёлета ж у чэрвені распаўсюдзілі інфармацыю пра транспартаваньне праз украінскую чыгунку шасі беларускай вытворчасьці МЗКТ-6922, прызначаныя для зэнітна-ракетных комплексаў. Але так да канца і не высьветлілі, былі яны прызначаныя менавіта ўкраінскаму ВПК ці ішлі транзытам у іншую краіну.

Беларускія шасі на ўкраінскай чыгунцы
Беларускія шасі на ўкраінскай чыгунцы

Вайсковая гандлёвая статыстыка традыцыйна закрытая — і ў гэтым Украіна ня ёсьць выключэньнем сярод іншых краін. У той жа час агульныя паказьнікі вонкавага гандлю, якія публікуе Дзяржаўная служба статыстыкі Ўкраіны, дазваляюць зьвярнуць увагу на некаторыя асаблівасьці беларуска-ўкраінскага гандлю. Згодна з афіцыйнымі зьвесткамі, сёлета ў студзені-верасьні Ўкраіна фактычна ўдвая ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году павялічыла пастаўкі зь Беларусі сродкаў наземнага транспарту (частка якога можа вызначацца як прадукцыя двайнога прызначэньня), больш як на 60 адсоткаў — электрычных машын, у чатыры разы — чыгуначных лякаматываў, на 20 адсоткаў — аптычнага абсталяваньня, а частка беларускага паліва ды нафтапрадуктаў дасягнула амаль 70 адсоткаў у агульным імпарце Ўкраіны.

Супраць карупцыі ў абаронным сэктары

Месяц таму ва Ўкраіне пры падтрыманьні Міністэрства замежных спраў Нідэрляндаў і Праграмы процідзеяньня карупцыі ў сфэры бясьпекі і абароны Тrаnsраrеnсу Intеrnаtiоnаl (TI-DSP) створаны Незалежны антыкарупцыйны камітэт у пытаньнях абароны, які ўжо паабяцаў адстойваць адкрытасьць і празрыстасьць працы канцэрну «Украбаронпром».

«Ва Ўкраіне закрытасьць (сфэры абароны ды бясьпекі. — РС) занадта вялікая. Вы ведаеце, што мы не можам адкрыта паглядзець абаронны бюджэт. Мы не можам убачыць гадавы плян закупак узбраеньня і вайсковай тэхнікі. Мы ня ведаем, хто ўдзельнічае ў забесьпячэньні, колькі пастаўляецца, якая намэнклятура, кошт і гэтак далей. Гэта не нармальна, трэба імплемэнтаваць найлепшыя сусьветныя практыкі. Можам узяць за ўзор Злучаныя Штаты, дзе гэтая інфармацыя да пэўнага ўзроўню адкрытая. І мы павінны гэта ўкараняць. Што тычыцца доступу, я думаю, што мы знойдзем альгарытм супрацоўніцтва. Будзем супрацоўнічаць з дэпутатамі Вярхоўнай Рады, з профільным камітэтам у пытаньнях прадухіленьня і процідзеяньня карупцыі. Паспрабуем наладзіць нармальныя адносіны, наколькі гэта будзе магчыма, з камітэтам у пытаньнях нацыянальнай бясьпекі і абароны», — сказаў сакратар Незалежнага антыкарупцыйнага камітэту ў пытаньнях абароны Віктар Плахута.

***

Згодна з дакладам Стакгольмскага інстытуту дасьледаваньня праблем міру (SIPRI), Украіна ў 2011-2015 гадах увайшла ў 10 найбуйнейшых экспарцёраў узбраеньня. Частка Ўкраіны ў сусьветным экспарце зброі за гэтыя гады дасягнула 2,6%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG