Памочнік старшыні ўкраінскай памежнай службы — прэс-сакратар Алег Слабадзян заявіў, што ведамства не фіксуе вялікіх патокаў зброі і боепрыпасаў на ўкраінска-беларускай мяжы.
Падчас прэс-канфэрэнцыі для расейскіх СМІ Аляксандар Лукашэнка заявіў пра павелічэньне незаконнага патоку зброі і выбухоўкі з Украіны.
«Мы грудзьмі закрываем 1200 кілямэтраў мяжы з Украінай, таму што патокам ідзе зброя, выбухоўка. Мы іх ужо затрымліваем ня толькі на мяжы, але і на чыгуначным вакзале. Нам вельмі няпроста», — заявіў Лукашэнка.
Алег Слабадзян у інтэрвію УНІАН сказаў, што ўкраінскі бок не назірае ніякіх «патокаў зброі»:
«Заявы прэзыдэнта суседняй дзяржавы я не магу камэнтаваць, але ніякіх патокаў зброі або забароненых рэчаў на ўкраінска-беларускай мяжы мы не назіраем. Больш за тое, гэтыя словы не пацьвярджаюцца і статыстыкай, якую мы атрымліваем ад нашых калег зь Беларусі ў рамках абмену інфармацыяй».
Прадстаўнік украінскай памежнай службы распавёў, што за 9 месяцаў гэтага года выяўлена на мяжы зь Беларусьсю 49 адзінак зброі.
«Гэта менш прыкладна ў чатыры разы, чым у мінулым годзе. У той жа час з гэтых 49 адзінак зброі толькі дзьве былі агнястрэльнымі. 28 адзінак зброі мы выявілі, калі яе спрабавалі нам завезьці з Беларусі, і 21 выпадак, калі зброю спрабавалі вывезьці ў Беларусь. Тое ж тычыцца боепрыпасаў: 242 боепрыпасы ў гэтым годзе былі выяўлены намі на мяжы зь Беларусьсю, але гэта таксама памяншэньне ў 7 разоў параўнальна з аналягічным пэрыядам мінулага года. Таксама мы зафіксавалі паўкіляграма выбухоўкі, але гэта выбухоўка, якую спрабавалі завезьці ва Ўкраіну зь Беларусі», — паведаміў Слабадзян.
Ён падкрэсьліў, што «ні пра якія вялікія абʼёмы або спробы правезьці ў Беларусь зброю і боепрыпасы гаворкі не ідзе».