Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмена ўлады ва Ўзбэкістане: наколькі жывучая аўтарытарная спадчына Карымава?


4 сьнежня ва Ўзбэкістане адбываюцца датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары. Іслам Карымаў, які кіраваў краінай ад канца 1980-х і лічыўся адным з самых аўтарытарных лідэраў у сьвеце, памёр 2 верасьня на 79-м годзе жыцьця. 21,5 мільёна выбарцаў мусяць вызначыць, хто зойме вакантнае месца.

Хвароба Карымава да апошняга была абстаўлена абсалютнай таямніцай. Яшчэ 1 верасьня дыктары на дзяржаўных тэлеканалах зачытвалі віншаваньні народу ад імя прэзыдэнта, хоць, як потым прызналі мэдыкі са складу міжнароднага кансыліюму, мозг палітычнага доўгажыхара на той момант ужо не працаваў.

Адзін фаварыт і статысты з палітычнай «масоўкі»

Часовым выканаўцам прэзыдэнцкіх абавязкаў стаў прэм’ер-міністар Шаўкат Мірзіёеў. Адметна, што згодна з Канстытуцыяй Узбэкістану, фармальна гэтыя функцыі мусілі перайсьці да сьпікера верхняй палаты парлямэнту, але Нігматула Юлдашаў нібыта ўзяў самаадвод.

Менавіта Мірзіёева экспэрты загадзя вызначаюць пераможцам паводле вынікаў галасаваньня — ён стаіць на чале ўраду ад 2003 году і лічыцца пратэжэ Іслама Карымава, а таксама «шэрага кардынала» ўзбэцкай палітыкі, кіраўніка Службы нацыянальнай бясьпекі Рустама Інаятава. Сам Мірзіёеў атрымаў славу прыхільніка моцнай рукі, прычым у літаральным сэнсе — калі аргумэнтаў не хапае, часьцяком пускае ў ход кулакі.

Асноўны прэтэндэнт на вышэйшую пасаду Шаўкат Мірзіёеў
Асноўны прэтэндэнт на вышэйшую пасаду Шаўкат Мірзіёеў

Усе ягоныя супернікі — дзеячы, малазнаёмыя нават на радзіме. Гэта Сарвар Атамуратаў ад Дэмакратычнай партыі Ўзбэкістану («Мілій тыкланіш»), Хатамжон Кетмонаў ад Народна-дэмакратычнай партыі і Нарыман Умараў ад Сацыял-дэмакратычнай партыі («Адалат»). Масоўка збольшага для стварэньня ілюзіі барацьбы. З гэтай прычыны ў сьпісе прэтэндэнтаў на вышэйшую пасаду няма першага віцэ-прэм’ера Рустама Азімава, які мог скласьці рэальную канкурэнцыю свайму начальніку. Аднак ягоная празаходняя арыентацыя і «заточанасьць» на рэформы ня ўпісваюцца ў аўтарытарную мадэль, якую ўзбэцкая эліта зьмяняць не зьбіраецца.

У выніку, перакананыя аналітыкі, прэзыдэнцкія выбары адзін да аднаго паўтораць сцэнар, некалі адаптаваны пад Іслама Карымава: 90% з гакам за фаварыта, астатнія 10% літасьліва дазволена падзяліць паміж сабой іншым кандыдатам. Прынамсі так было падчас усіх папярэдніх кампаній у найноўшай гісторыі Ўзбэкістану, уключна з плянавымі выбарамі ў сакавіку 2015-га.

На месцы помнікаў савецкім воінам — сьцены памяці з прозьвішчамі загінулых узбэкаў
На месцы помнікаў савецкім воінам — сьцены памяці з прозьвішчамі загінулых узбэкаў

За больш чым чвэрць стагодзьдзя на прэзыдэнцкай пасадзе Іслам Карымаў правёў татальную дэсаветызацыю, прызнаў факт масавых рэпрэсій у Савецкім Саюзе, але пры гэтым зьнішчыў любыя праявы іншадумства і ўсталяваў абсалютную ўладу. З такой спадчынай ягонаму наступніку Шаўкату Мірзіёеву наўрад ці трэба хвалявацца за свае пазыцыі. Хоць, як адзначаюць рэдкія ацалелыя праваабаронцы і незалежныя журналісты, перад выбарамі зь яго боку быў зроблены шэраг жэстаў, якія народу, безумоўна, спадабаліся.

Напрыклад, па ўсім Ташкенце разблякаваныя дарогі, некалі зачыненыя па ўсім шляху праходжаньня прэзыдэнцкага картэжу, зьнятыя з пасадаў пагразлыя ў грахах чыноўнікі-карупцыянэры, а ў некаторых выпадках, наадварот, адноўленыя ў статусе тыя, хто страціў працу пры Карымаву. Неўзабаве мусіць запрацаваць закон аб міліцыі, адчыненыя межы для таннай казаскай і кіргіскай бульбы, нават вызвалена некалькі палітвязьняў.

Урадавы квартал у Ташкенце
Урадавы квартал у Ташкенце

Але ці ўдасца новай адміністрацыі вырашыць больш надзённыя праблемы грамадзтва? Узбэкістан займае адну зь першых пазыцый у сьвеце па колькасьці працоўных мігрантаў. І хоць грашовыя пераводы ўзбэкаў на радзіму дасягаюць 4 мільярдаў даляраў штогод, фармуючы палову ВУП дзяржавы, наўрад ці гэта той шлях, які вядзе да эканамічнага росту.

Пакараньні за «паклёп і абразу ўзбэцкага народу»

Дыплямаваны юрыст з Бухары, экспэрт у справе прадухіленьня канфліктаў Шухрат Ганіеў перакананы: пытаньне занятасьці мусіць стаць ключавым на парадку дня, у іншым выпадку краіна страціць найлепшыя працаздольныя кадры:

Праваабаронца Шухрат Ганіеў
Праваабаронца Шухрат Ганіеў

«Гады два таму мы рабілі аналіз, вынікі несуцяшальныя: па той жа Бухарскай вобласьці налічылі звыш 180 тысяч чалавек на год тых, хто ад’яжджае ў пошуках працы. Як правіла, міграцыя мае сэзонны характар, на зіму бальшыня стараецца вярнуцца дадому і да лістапада плынь слабее. Але ўжо ў красавіку-траўні колькасьць рэзка ўзрастае, пік прыпадае на лета. Паказальна, што сярод гастарбайтэраў пачынаюць прэваляваць жанчыны. Калі раней большую частку складалі мужчыны, то цяпер у агульнай масе 65-70% — жанчыны. Асабліва ў рэгіёнах.

З чым гэта зьвязана? Мы праводзілі дасьледаваньні, апытаньні, у тым ліку сярод узбэкаў на тэрыторыі Расеі. Найперш, як толькі расейскія ўлады пачалі заціскаць дазволамі, рэгістрацыямі, для жанчын магчымасьцяў легальнага ўладкаваньня было больш: гэта і нянькі, і прыбіральшчыцы, і дзесьці ў структуры „жэкаў“. Мужчынам легалізавацца дастаткова складана. Але найбольш трывожна, што ва ўсіх выпадках павялічваецца доля моладзі».

Незалежны журналіст Саід Янышаў
Незалежны журналіст Саід Янышаў

Саід Янышаў адзін з самых вядомых незалежных журналістаў Узбэкістану, неаднаразова прыцягваўся да адказнасьці за публікацыі, у якіх крытыкавалася палітычная, эканамічная і сацыяльная палітыка вышэйшага кіраўніцтва краіны. На яго перакананьне, сытуацыя са свабодай слова і выказваньняў не вытрымлівае ніякай крытыкі, асабліва ў апошняе дзесяцігодзьдзе. І калі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў усё застанецца бязь зьменаў, з марамі пра «лібэралізацыю» можна будзе разьвітацца.

Народны смутак па памерлым Ісламу Карымаву ў афіцыйнай прэсе
Народны смутак па памерлым Ісламу Карымаву ў афіцыйнай прэсе

Як кажа Саід, сёньня журналістаў, якія пастаўляюць аб’ектыўную інфармацыю непасрэдна з тэрыторыі Ўзбэкістану, можна пералічыць на пальцах рукі:

«Апошні раз мяне як журналіста судзілі 2 гады таму. А наогул такія працэсы — будзённасьць, шмат хто зьяжджае на ўсялякі выпадак, не чакаючы позвы. Сёлета зьбег адзін мой калега, летась — іншы. Кожны год некага губляем, нашага атраду так званых незалежных журналістаў, якія працуюць не на мясцовыя СМІ, а на заходнія рэсурсы, усё меней. Дзесьці засталося 5-6 чалавек увогуле на ўвесь Узбэкістан. Абсурднасьць сытуацыі ў тым, што спрабуюць „прышыць“ „паклёп і абразу ўзбэцкага народу“.

Калі ўважліва пачытаць, „абразіць“ згодна з артыкуламі што Адміністрацыйнага, што Крымінальнага кодэксу можна канкрэтную фізычную асобу. Але ў парушэньне законаў судзяць, прыкрываючыся „народам“. Так, маю калегу, фотамастачку Уміду Ахмэдаву па гэтых артыкулах асудзілі за дакумэнтальныя здымкі. Гэта быў крымінальны суд. Прызналі вінаватай, праўда, тут жа амніставалі. То бок, кожны год бяруць у абарот 1-2 журналістаў, як быццам у іх існуе пэўны плян».

Паяднацца з алігархам і трапіць у кабалу да Расеі

Немалаважнае пытаньне, у які бок схіляцца палітычныя вагі хай і фармальна, але ўсё ж абноўленага Ўзбэкістану. За апошнія чвэрць стагодзьдзя дзяржаву не адзін раз ліхаманіла ў геапалітычных прыярытэтах: сяброўства з ЗША зьмянялася рэзкай канфрантацыяй, Турэччына з саюзьніка пераўтваралася ў ворага, а адносіны з найбліжэйшымі суседзямі — Казахстанам, Кіргізстанам і Таджыкістанам — хутчэй напружаныя, чым шчырыя.

«Белы мячэт» у Ташкенце, збудаваны на сродкі Алішэра Ўсманава
«Белы мячэт» у Ташкенце, збудаваны на сродкі Алішэра Ўсманава

Цяпер шмат хто прадказвае фазу выбудоўваньня стасункаў з Расеяй, якую Іслам Карымаў па магчымасьці стараўся проста пазьбягаць. Аднак сёньня сытуацыя крыху іншая: ня так даўно Шаўкат Мірзіёеў парадніўся з расейскім мільярдэрам узбэцкага паходжаньня Алішэрам Усманавым — пабраліся шлюбам пляменьнік алігарха і пляменьніца безь пяці хвілін прэзыдэнта. Кажуць, што ў свой час гэта выклікала прыступ ярасьці з боку Карымава, бо гэты шлюб у той ці іншай ступені мае на ўвазе ня толькі сямейныя абавязаньні. Ня так даўно на грошы і пад патранажам Усманава ў Ташкенце ўзьвялі пампэзны «Белы мячэт».

Як кажа ташкенцкі адмысловец у галіне піяр-тэхналёгіяў Улугбек Саідаў, лягічна паўстае пытаньне, ці здолее Мірзіёеў заставацца самастойнай фігурай у адносінах з Масквой:

«Карымаў быў чалавекам, якім немагчыма маніпуляваць. Пры ўсім тым, што яго абвінавачваюць у аўтарытарнасьці, у самаўпраўстве, ён меў куды большую самастойнасьць, чым, скажам, кіраўніцтва Вялікай Брытаніі — яно проста вымушанае паўтараць тое, што робіць ЗША. Ці нават краіны Эўразьвязу: Амэрыка абвясьціла санкцыі супраць Расеі, Эўропа да іх далучаецца.

У Іслама Абдуганіевіча не было такога, каб ім хтосьці кіраваў, ён заўсёды рабіў так, як сам лічыў патрэбным і правільным. Гэта можна назваць і плюсам, і мінусам, але чалавек грунтаваўся на ўласнай інтуіцыі, на ўласным бачаньні. Ці здолее так сябе паставіць ягоны наступнік — сказаць цяжка. Нават калі размаўляў з казаскімі калегамі — Казахстан нібыта лепш за нас разьвіваецца і апярэджвае шмат у якіх рэчах — тыя казалі: затое ваш прэзыдэнт сам сабе гаспадар. Паўтару: у гэтай непасьлядоўнасьці ёсьць і свае плюсы, і мінусы».

Магіла Карымава каля мячэта Шахі-Зінда — месца паломніцтва ўзбэкаў
Магіла Карымава каля мячэта Шахі-Зінда — месца паломніцтва ўзбэкаў

Іслам Карымаў быў пахаваны 3 верасьня ў сваім родным Самаркандзе, побач зь мячэтам на гістарычных могілках Шахі-Зінда. Цяпер гэта месца стыхійнага паломніцтва жыхароў краіны, міліцыя вымушаная запускаць людзей на тэрыторыю комплексу абмежаванымі партыямі, каб не ствараць цісканіны.

Яшчэ некалькі гадоў у спадкаемцы Карымаву прарочылі ягоную старэйшую дачку. Сьвецкая дзіва была чалавекам № 2 ва Ўзбэкістане, існавала цэлая імпэрыя Гульнары Карымавай. Але рэгулярныя рэйдэрскія захопы любога больш-менш пасьпяховага бізнэсу, шыкоўныя асабнякі за мяжой, рахункі ў швайцарскіх банках вывелі з раўнавагі нават бацьку: яе бізнэс-імпэрыя была нацыяналізавана, а сама яна апынулася пад хатнім арыштам. Незадоўга да прэзыдэнцкіх выбараў зьявілася інфармацыя, што Гульнару, якая ведала абсалютна ўсё пра закулісныя справы ўладнай вярхушкі, атруцілі.

Гульнара Карымава
Гульнара Карымава

Аднак днямі жанчына ня толькі «ажыла» на сваёй старонцы ў Твітэры, а нават праанансавала зьяўленьне на публіцы. Яна запрашала ўшанаваць памяць свайго бацькі ў Міжнародным Вэстмінстэрскім унівэрсытэце ў Ташкенце, дзе нібыта зьбіралася выступіць з прамовай і нават паказаць дакумэнтальны фільм, зьняты ў вымушанай ізаляцыі. Праўда, як расказаў Свабодзе незалежны журналіст Саід Янышаў, у прызначаны час нікога на ўказаным месцы не аказалася: «Фэйк! Хтосьці пад выглядам Гулі ў Твітэры даў паведамленьне, а замежныя СМІ выдалі гэта за чыстую манэту. Я быў там — нікога!», — расказаў Саід.

Ці азначае цьмяная гісторыя апальнай дзівы, што пэўныя сілы ва Ўзбэкістане сапраўды не зацікаўленыя, каб пэўныя моманты палітычнай спадчыны Іслама Карымава сталі набыткам галоснасьці? Відавочна, адказы зьявяцца неўзабаве пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG