Грамадзкая культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі» і Цэнтар дасьледаваньня грамадзкага кіраваньня СІМПА зладзілі ў Гомелі дыскусію «Экатурызм: як адрадзіць палескую вёску?» Падчас дыскусіі абмяркоўваліся пытаньні адраджэньня палескіх вёсак праз экалягічны турызм.
Паводле мадэратара сустрэчы Андрэя Стрыжака, у кожным раёне Гомельшчыны знойдзецца не адзін дзесятак паселішчаў, якія трапілі ў шэраг «непэрспэктыўных», ня маюць статусу «аграгарадкоў» і спакваля адыходзяць у нябыт. Наўрад ці будуць іх адраджаць тыя, хто пакінуў вёску.
«Як яны туды вернуцца, калі яны толькі-толькі вырваліся адтуль і радыя, што ўладкаваліся ў горадзе? Выйсьце, відаць, трэба шукаць з дапамогай такога інструмэнту, як экатурызм», —задаў кірунак размове вядоўца.
Прысутныя — а гэта эколягі, гісторыкі, настаўнікі, шарговыя гараджане зь ліку тых, хто мае вясковыя карані — адзначалі, што на Палесьсі захавалася багата разнастайных аўтэнтычных абрадаў, кшталту «Пахаваньня стралы», «Юрʼеў дзень», «Чырачка», «Ваджэньне куста», «Русальле».
Веткаўскі раён славіцца ўнікальным ткацтвам. У Петрыкаўскім, Лельчыцкім раёнах яшчэ ня зьнікла дарэшты бортніцтва, лазапляценьне, дзе-нідзе існуюць разьбяры па дрэве.
Калі хоць кропкава вызначыць адрасы такіх народных цікавостак, мэтанакіравана зладзіць ім падтрымку з боку дзяржавы, то, на думку ўдзельнікаў дыскусіі, увага да такіх паселішчаў магла б значна падвысіцца й зацікавіць і турыстаў, і ўсіх тых беларускіх кіраўнікоў, хто дбае пра карпаратыўную згуртаванасьць і творчую атмасфэру ў сваіх калектывах.
Хто за гэта возьмецца? Канечне, энтузіясты — тыя, якія маюць ахвоту і схільнасьці да такой дзейнасьці. І ня важна, хто гэта будзе — гараджанін ці вясковец, які зьведаў цывілізацыю і добра ўяўляе, што чалавеку трэба для псыхалягічнай разгрузкі і актыўнага адпачынку.
У гэтым сэнсе цікавым выглядае досьвед выпускніка геаграфічнага факультэту Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Зьмітра Янкова, які ня даў зьнікнуць з мапы вёсцы Чырвоны Кастрычнік у Рэчыцкім раёне. Купіў ледзь не апошні дом у гэтай вёсцы, які ўжо наважваліся закапаць у дол. Пераехаў сюды на сталае жыцьцё. Цяпер тут ладзяцца розныя фэсты, увесну ў ваколіцы вядзецца ўлік птушак, якія гняздуюцца ў Прыдняпроўі.
«У першыя часы, — кажа Зьміцер, — важна нават не фінансавая падтрымка ўладаў. Галоўнае, каб не перашкаджалі. Бо сельсавецкія кіраўнікі й некаторыя вышэйшыя чыноўнікі надзвычай апасаюцца любой ініцыятывы, проста-такі панічна баяцца».
Кандыдат мастацтвазнаўства, спэцыяліст драўлянага разьбянага архітэктурнага дэкору ў народным дойлідзтве Яўген Малікаў перакананы, што з-за перастрахоўкі чыноўнікаў рэгіён ня мае свайго скансэну ані ў вёсцы, ані ў абласным цэнтры. Накшталт такіх, як у Швэцыі, альбо нават у Строчыцах пад Менскам. Унікальная гарадзкая й вясковая драўляная забудова, якая складае нацыянальную адметнасьць паўднёва-ўсходняга рэгіёну Беларусі, няшчадна руйнуецца, а да стварэньня музэю пад адкрытым небам рукі не даходзяць.
Час мець тутэйшаму Палесьсю і сваю экалягічную сьцежку. У Польшчы, напрыклад, такая сьцяжына цягнецца праз усю краіну. А Гомельшчына, дзе ёсьць унікальныя прыпяцкія дубровы, журавінавыя балоты і нават экстрэмальныя радыяцыйныя тэрыторыі, падобнай сьцяжыны ня мае.
Удзельнікі дыскусіі адзначалі, што многія цяперашнія так званыя аграсядзібы ніяк не зьвязаныя зь беларускай нацыянальнай адметнасьцю — а існуюць для правядзеньня «алькагольных карпаратываў і лазьняў зь півам».
На здымку: Дыскусія ў кавярні «Флэт».