Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Беларусь выйшла ў рэкардсмэны па колькасьці адноўленых балотаў


Зьбіраць журавіны на мільёны даляраў, вырабляць дэрматалягічныя лекі, касіць чарот для экалягічных матэрыялаў ды ладзіць экскурсіі па драўляных насьцілах. Усё гэта можна рабіць на балотах замест таго, каб асушаць іх дзеля вырабу торфабрыкету.

У Чэрвеньскім раёне пачаўся чарговы праект па аднаўленьні парушаных балотаў. Тут плянуюць аднавіць гідралягічны рэжым на тарфяніку ў 6 тыс. га, які цяпер выкарыстоўваецца неэфэктыўна.

Як Беларусь выйшла ў рэкардсмэны па колькасьці адноўленых балотаў і якія ўнікальныя экасыстэмы застаюцца пад пагрозай, высьветліла Свабода.

Развал СССР уратаваў балоты

Актыўна здабываць торф у Беларусі перасталі яшчэ ў 1980-я гады, калі пачалася газыфікацыя краіны. Але нават двух дзесяцігодзьдзяў інтэнсіўнай здабычы — 1960–1970-я гады — хапіла, каб плошча балотаў зьменшылася амаль удвая. Калі раней балоты складалі 14% нашай тэрыторыі, дык цяпер — толькі 9%.

Нават пасьля маштабнай мэліярацыі Беларусь застаецца ў ліку краінаў з найбольшай колькасьцю балотаў
Нават пасьля маштабнай мэліярацыі Беларусь застаецца ў ліку краінаў з найбольшай колькасьцю балотаў

З аднаго боку, за кошт асушаных балотаў павялічылі тэрыторыю земляў для сельскай гаспадаркі. Аднак у месцах, дзе мэліярацыя была непрадуманая, у вяскоўцаў зьнікла вада з калодзежаў. Больш суворымі сталі і паводкі, якія раней стрымліваліся балотамі.

У часы пікавай мэліярацыі і вытворчасьці торфу ў нас здабывалі да 45 мільёнаў тон гэтага карыснага выкапню на год. Але пераход на газ у 1980-я гады і эканамічны крызіс 1990-х натуральным шляхам спынілі мэліярацыю. Сёньня штогод на тарфяніках здабываюць усяго 3 мільёны тон.

«Эканамічныя праблемы Савецкага Саюзу ўратавалі балоты, — расказаў Свабодзе Аляксандар Казулін, вядучы навуковы супрацоўнік навукова-практычнага цэнтру па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук. — Грошай на новую мэліярацыю, як і на падтрыманьне старых мэліярацыйных каналаў, ужо не выдзялялі».

На чарзе на мэліярацыю стаяла, напрыклад, балота Званец — самае буйное нізіннае балота Эўропы. На яго месцы плянавалі стварыць саўгас «Ясная Паляна».

Спачатку аднавілі, а потым вырашылі пусьціць на паліва

Праз тое, што старыя мэліярацыйныя каналы зарасталі, шмат якія балоты пачалі самастойна аднаўляцца.

Балота Ражное ў Бярэзінскім біясфэрным запаведніку
Балота Ражное ў Бярэзінскім біясфэрным запаведніку

«На Палесьсі мэліярацыя была вельмі хуткая і вельмі моцная, — расказаў Свабодзе Віктар Фянчук, прадстаўнік ГА „Ахова птушак Бацькаўшчыны“. — Але шмат на якіх асушаных тэрыторыях, якія выкарыстоўваліся неэфэктыўна і былі закінутыя, за 15–20 год пайшлі працэсы забалочваньня».

Больш за тое, эколягі і арнітолягі дамагліся таго, што ў сярэдзіне 2000-х гадоў пачаўся праект Праграмы разьвіцьця ААН і Глябальнага экалягічнага фонду «Тарфянікі 1». З 2006 па 2010 год у межах праекту быў адноўлены гідралягічны рэжым на тэрыторыі 28 тысяч га. За гэтым праектам пайшлі іншыя. На сёньня, паводле падлікаў эколягаў, агульная тэрыторыя адноўленых балотаў сягае за 50 тысяч гектараў — гэта плошча амаль цэлага раёну.

Аднак ужо літаральна праз год пасьля сканчэньня гэтага праекту сьвет пабачыла пастанова Савету Міністраў № 794. Яна прадугледжвала зьмяншэньне плошчаў васьмі балотаў, якія ахоўваюцца або заплянаваныя пад ахову (яны ўваходзяць у сьпіс прыродных тэрыторыяў пад асаблівай аховай) дзеля здабычы торфу.

Нашы торфапрадпрыемствы — гэта Англія віктарыянскіх часоў

Большасьць тэрыторыяў, якія трапілі пад дзеяньне пастановы, удалося абараніць ад новых асушэньняў, але гэта ня ставіць крыж на магчымых асушэньнях у будучым, лічыць Віктар Фянчук.

Часам беларускія балоты — самыя сапраўдныя джунглі. Рэспубліканскі біялягічны заказьнік «Спораўскі» — адзін з самых вялікіх масіваў нізінных балотаў Палесься
Часам беларускія балоты — самыя сапраўдныя джунглі. Рэспубліканскі біялягічны заказьнік «Спораўскі» — адзін з самых вялікіх масіваў нізінных балотаў Палесься

«Рухавік сыстэмы торфаздабычы вельмі моцны, ён інэрцыяй будзе накочваць на новыя балоты, — кажа Фянчук. — Мы цяпер на тым этапе, калі ўсе пачынаюць разумець, што торфаздабыча нясе страты і зьнішчае каштоўныя тэрыторыі. Але пакуль ня можам ад гэтага адмовіцца».

Па словах арнітоляга, у нас шмат месцаў, дзе можна здабываць торф са значна меншай пагрозай для навакольнага асяродзьдзя — у першую чаргу на дэградаваных тарфянішчах.

«Тарфяная сыстэма не зьмянілася з савецкіх часоў. Мы неяк вазілі міжнародную працоўную групу па захаваньні балотаў на торфазавод пад Ганцавічамі. Англічанка, калі гэта пабачыла, усклікнула, што гэта ёй нагадвае Англію віктарыянскіх часоў».

Замест торфабрыкетаў можна зарабляць на журавінах і экатурызьме

Навукоўцы прызнаюць, што стаўленьне да балотаў зьмянілася і ў дзяржаўных органах. Раней у балотах бачылі толькі крыніцу паліва. Сёньня на іх глядзяць ужо іншымі вачыма

На балоты ўжо не глядзяць толькі як на крыніцу паліва
На балоты ўжо не глядзяць толькі як на крыніцу паліва

«Усе разумеюць, што далей ужо няма куды, — кажа Казулін. — Трэба перастаць асушаць натуральныя балоты».

Па словах навукоўца, менавіта балоты падтрымліваюць чыстую грунтавую ваду ў вышэйшых слаях глебы. Ня будзе балотаў — вада сыдзе ў ніжэйшыя слаі, і здабываць яе стане даражэй.

«Торф ачышчае атмасфэрныя ападкі, балоты стрымліваюць вялікія паводкі і сілкуюць рэкі. Гэта ўжо ўсе зразумелі і намагаюцца перапрафіляваць торфапрадпрыемствы, каб здабываць менш торфу і з большай карысьцю яго выкарыстоўваць».

Напрыклад, у Лідзе, дзе месьціцца апошняе верхавое балота Гарадзенскай вобласьці — Дакудава, — торфапрадпрыемства хацела «адарваць» 500 га ад біялягічнага заказьніка Дакудаўскага. Атрымаўшы толькі чвэрць ад запатрабаванага, тут пачалі вырабляць так званыя пэлеты — паліўныя гранулы, зьмешваючы торф зь біямасай. Гэта патрабуе нашмат менш торфу, чым торфабрыкеты.

Шмат у якіх раёнах людзі залежаць ад збору журавінаў
Шмат у якіх раёнах людзі залежаць ад збору журавінаў

На балоце Марачна пераходзяць на здабычу так званага кіпаванага торфу паводле чэскай тэхналёгіі. Зь яго можна вырабляць тарфагрунты, на якія ёсьць попыт за мяжой. З такім падыходам 100 га балота хопіць на 20–30 год працы. А «пад брыкет» яго б выкапалі за пару гадоў.

Без аніякіх інвэстыцыяў традыцыйны прыбытак з балотаў маюць зьбіральнікі журавінаў. Прыбытак ад зьбіраньня журавінаў на адным балоце Ельня ў Мёрскім раёне ацэньваецца ў некалькі мільёнаў даляраў за сэзон.

«Усе разумеюць, што працаваць з такім падыходам, як раней, больш ня будуць», — кажа Казулін.

А вось экалягічны турызм на балотах, такі папулярны ў Эўропе, у нас пакуль застаецца неасвоены. Напрыклад, у Белавескай пушчы турыстам маглі б ладзіць экскурсіі па ўнікальных балотах, але замест іх прапануюць глядзець вальеры з жывёламі.

Каб спрасьціць турыстам доступ да балотаў, па версе пракладаюць драўляныя насьцілы
Каб спрасьціць турыстам доступ да балотаў, па версе пракладаюць драўляныя насьцілы

«Да нас у нацпаркі прыяжджаюць эўрапейскія дасьледчыкі, а там ім нічога ня могуць прапанаваць, — расказала Свабодзе Вольга Каскевіч, старшыня грамадзкай арганізацыі „Багна“. — Ім ня так цікава наведваць масавыя турыстычныя месцы».

Па словах Каскевіч, для такіх турыстаў патрэбныя навукова-папулярныя экскурсіі, падчас якіх турыстам паказвалі б балотныя расьліны і жывёлаў у жывой прыродзе.

«Як стварыць такія маршруты і пры гэтым не нанесьці шкоды прыродзе — пра гэта варта клапаціцца ня толькі нацпаркам, але й заказьнікам».

Нашы посьпехі — гэта нашы перагібы ў мінулым

Аляксандар Казулін расказвае шмат добрых рэчаў пра дасягненьні ў ахове балотаў. Так, торфапрадпрыемствы цяпер самі забалочваюць адпрацаваныя ўчасткі, распрацоўваецца рэспубліканская схема выкарыстаньня ўсіх тарфянікаў, пачаўся праект «Тарфянікі 2» ГЭФ/ПРААН па аднаўленьні гідралягічнага рэжыму на парушаных балотах.

Пакуль грамадзкасьць бараніла балоты, у небясьпеку трапілі вільготныя лясы
Пакуль грамадзкасьць бараніла балоты, у небясьпеку трапілі вільготныя лясы

«Раней праблемных пытаньняў насамрэч было шмат. А цяпер ёсьць закон, і проста так ніхто ня можа асушыць балота — павінна быць абмеркаваньне і з энэргетыкамі, і з эколягамі, і з навукоўцамі, і з грамадзкасьцю. І ўвогуле асушальная мэліярацыя амаль не вядзецца — толькі аднаўляюцца старыя каналы».

Пра прагрэс у ахове балотаў кажа і Віктар Фянчук. Беларуская дэлегацыя нядаўна вярнулася з канфэрэнцыі краінаў-удзельніц Рамсарскай канвэнцыі па захаваньні водна-балотных прыдобаў міжнароднай значнасьці, што праходзіла ва Ўругваі. На ёй прадстаўнікі Беларусі зрабілі некалькі выступаў пра тое, як у краіне захоўваюцца і аднаўляюцца балоты.

«Тое, як Беларусь актыўна займаецца аднаўленьнем балотаў, уразіла шмат каго з удзельнікаў, — кажа Фянчук. — Было шмат станоўчых водгукаў — як добра, што Беларусь у Эўропе на першых месцах па маштабе і якасьці захаваных балотаў і па колькасьці адноўленых».

У той жа час, тлумачыць арнітоляг, нашы посьпехі абумоўленыя і перагібамі мінулых дзесяцігодзьдзяў. Тады былі асушаны і кінуты тысячы гектараў балотаў, і цікавасьці да іх не было амаль ані ў кога. Цяпер канфлікт інтарэсаў больш выразны, таму знайсьці і ўзгадніць тэрыторыі для аднаўленьня становіцца складаней.

«Нам проста ёсьць шмат чаго аднаўляць, — кажа Фянчук. — Але нельга казаць, што ў нас усё выдатна. Застаюцца значныя плошчы асушаных балотаў. Застаюцца праблемы з торфаздабычай».

Грамадзтва не ўключаюць у дыскусію

Пакуль у рамках праекту ПРААН ідзе аднаўленьне парушаных раней балотаў, Міністэрства лясной гаспадаркі высякае пойменныя лясы, якія растуць на тарфяніках. Да такіх лясоў дабрацца цяжка, там жывуць уразьлівыя віды птушак. А калі ў гэтае асяродзьдзе ўрываецца чалавек, цэлыя папуляцыі мізарнеюць і нават зьнікаюць.

Для прыцягненьня ўвагі да балотаў ГА «Багна» зьняла дакумэнтальны фільм «Подых балот»
Для прыцягненьня ўвагі да балотаў ГА «Багна» зьняла дакумэнтальны фільм «Подых балот»

«Цяпер мы назіраем, як будуецца шмат лясных дарог для праходу тэхнікі, — кажа Фянчук. — А хутка будзем назіраць яшчэ больш, як прыродныя прытулкі для рэдкіх відаў птушак стануць дасяжнымі для чалавека».

Напрыклад, сёньня актыўна будуюцца дарогі ў Прыпяцкім нацыянальным парку, каля Альманскіх балотаў.

«Калі гэта адбываецца на тэрыторыях, важных для птушак, у нацпарках, куды мы ўважліва глядзім, — значыць, адбываецца гэта і ўва ўсіх іншых месцах, якія ў грамадзкай арганізацыі фізычна не хапае магчымасьцяў ахапіць сваёй увагай».

Праблема зь вільготнымі лясамі — гэта новая праблема нашых балотаў, пра якую яшчэ няшмат гавораць. Калі высякаюць вільготныя лясы, торф захоўваецца, але над ім гінуць расьліны і жывёлы.

Каб пазьбегнуць такіх схаваных праблемаў, лічыць Фянчук, дзяржаве варта ўключыць у абмеркаваньне грамадзкасьць. Напрыклад, сёньня распрацоўваецца Стратэгія па захаваньні і ўстойлівым выкарыстаньні тарфянікаў. Але грамадзкія арганізацыі да дыскусіі не прыцягнутыя.

«Мы ж бачым, што грамадзтва неабыякавае да асушэньня балотаў — людзі вельмі актыўна рэагуюць на іх. На мой погляд, збалянсаваныя рашэньні могуць быць толькі тады, калі грамадзтва ўключана ў абмеркаваньне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG