Прапануем фрагмэнт інтэрвію.
Ганна Соўсь: Калі мы запісваем інтэрвію, у Менску праходзіць міжнародная навуковая канфэрэнцыя, на якой вы, былы старшыня Акадэміі навук, выступаеце з дакладам, і ў студыю прыйшлі адразу з канфэрэнцыі. Так атрымліваецца, што пасьля палітыкі, ужо ў паважным узросьце, вы змаглі вярнуцца ў навуку...
Аляксандар Вайтовіч: Найперш зраблю адну заўвагу. Я быў не старшынём Акадэміі Навук, я быў прэзыдэнтам Акадэміі, быў апошнім прэзыдэнтам, які выбіраўся агульным сходам Акадэміі. Пасьля мяне скасавалі пасаду прэзыдэнта, зрабілі замест прэзыдэнта старшыню прэзыдыюму. Ва ўсёй краіне нідзе няма прэзыдэнта, акрамя прэзыдэнта краіны. А раней ад самага пачатку заснаваньня Акадэміі там быў прэзыдэнт.
Соўсь: Аляксандар Лукашэнка прапанаваў вам узначаліць Савет Рэспублікі ў 2000 годзе. Гэта адбывалася пасьля рэфэрэндуму 1996 году, калі зьмянілі Канстытуцыю. Ці вы адразу пагадзіліся? Што паўплывала на вашае рашэньне?
Вайтовіч: Я быў у ЗША, у Чыкага. А 5 гадзіне раніцы пазваніў тэлефон. Я не хацеў уставаць, бо перад гэтым доўга сядзеў з амэрыканскімі калегамі ў рэстарацыі. Зьняў трубку. Гэта быў Макей, тагачасны памочнік прэзыдэнта. У Беларусі было 13 гадзін, а там 5 гадзін раніцы. Ён сказаў, каб я хутка прыяжджаў у Беларусь. Я кажу: «Праз два дні я ж вяртаюся». «Не, прыяжджайце адразу». Я памчаўся мяняць квіткі. Калі прыляцеў, патэлефанаваў з аэрадрому, папрасіў заехаць дадому памыцца, пагаліцца, бо ўжо суткі ў дарозе. А ён кажа: «Не, адразу прыяжджай». Я прыехаў — і адразу ў кабінэт Макея. Ён кажа, што празь 15 хвілін мяне прыме прэзыдэнт. І нічога больш ня кажа.
Соўсь: Ці вы здагадваліся, у чым справа?
Вайтовіч: Я нічога не разумеў. Усю дарогу гадаў, чаму мяне выклікалі. Здаецца, нічога тэрміновага не было. А потым хвілін за пяць, як я ўвайшоў у кабінэт прэзыдэнта, ня ведаю, як гэта адбылося, але я на 100% зразумеў, чаму мяне запрашаюць. Хоць гэта і было поўнай нечаканасьцю для мяне. І ён мне прапанаваў... Гэта быў канец 2000 году. Я думаў, што Лукашэнка яшчэ абярэцца ў 2001 годзе, вядома. А ў нас у Канстытуцыі два тэрміны. І трэба рыхтаваць кадры, уліваць туды інтэлектуальны патэнцыял, бо нам трэба шмат чаму вучыцца, як кіраваць краінай. І з гэтай прычыны я пагадзіўся.
Соўсь: Вы былі трэцяй асобай у краіне пасьля прэзыдэнта і прэмʼера. Ці мелі рэальную ўладу?
Вайтовіч: Я думаў, што ў мяне будуць нейкія рычагі. Вельмі хутка, пабыўшы месяцы тры, я зразумеў сыстэму, створаную ў краіне. Яна была створаная пад аднаго чалавека, дзе ўсё вырашае адзін чалавек. І цяпер застаецца тая ж сыстэма. Яна няплённая, дрэнная для Беларусі, і яе давядзецца мяняць. Ня ведаю толькі, калі гэта будзе.
Соўсь: Вядома, што вы ў свой час адмовіліся браць крэдыт і будаваць катэдж у элітным пасёлку Дразды. А якая была ў вас зарплата ў Савеце Рэспублікі, і што вы маглі сабе тады дазволіць?
Вайтовіч: Вядома, цяпер усё гавораць пра «царскае сяло», якое пабудавалі, пра вельмі вялікі кошт гэтых будынкаў, тым больш што зямлю давалі бясплатна. Гэта вялікая каштоўнасьць — зямля ў сталіцы. Мне прапанавалі. Я ж разьбіраюся ў фізыцы, у матэматыцы і падлічыў, што з маім заробкам я гэтага не пацягну...
Цалкам інтэрвію на нашым сайце неўзабаве.
Аляксандар Вайтовіч: Я быў апошнім прэзыдэнтам АНОНС
Удзельнік цыклю «Пасьля СССР. 25 гадоў незалежнасьці» — старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі (2000-2003), які ў свой час адмовіўся будаваць катэдж у Драздах і пайшоў у апазыцыю да дзейнай улады. Экс-прэзыдэнт Акадэміі навук Беларусі Аляксандар Вайтовіч адным зь першых у Беларусі атрымаў ордэн Францыска Скарыны.
Яшчэ на гэтую тэму
Самае папулярнае
1