Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новым прэзыдэнтам Нямеччыны стане палітык, які падтрымлівае мяккі курс у адносінах да Крамля


Франк-Вальтэр Штайнмаер калі разбуранага моста ў Славянску Данецкай вобласьці, 15 верасьня 2016 году.
Франк-Вальтэр Штайнмаер калі разбуранага моста ў Славянску Данецкай вобласьці, 15 верасьня 2016 году.

60-гадовы сацыял-дэмакрат Франк-Вальтэр Штайнмаер, цяперашні міністар замежных справаў Нямеччыны, стане ў лютым новым прэзыдэнтам краіны, зьмяніўшы на гэтай пасадзе Яахіма Гаўка. Пра гэта толькі што дамовіліся вядучыя партыі краіны, што робіць абраньне Штайнмаера на пасаду кіраўніка дзяржавы — у Нямеччыне гэта робяць парлямэнтарыі — выключна «справай тэхнікі».

На працягу месяца Хрысьціянска-дэмакратычны саюз канцлеркі Ангелы Мэркель не пакідаў спробаў вылучыць уласнага кандыдата, на пасаду фэдэральнага прэзыдэнта, якая вызваляецца ў лютым 2017 году. Але нарэшце кіраўніца ўраду Нямеччыны абвясьціла, што яе блёк падтрымае вылучанага сацыял-дэмакратамі Франка-Вальтэра Штайнмаера.

Афіцыйная намінацыя адбудзецца ў сераду, калі кандыдата ў прэзыдэнты публічна прадставяць у гэтай якасьці кіраўнікі трох партый «вялікай» урадавай кааліцыі.

Будучы прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер стаў вядомы больш за 20 гадоў таму ў якасьці правай рукі Герхарда Шродэра. Цяпер ён — самы папулярны ў краіне сацыял-дэмакрат. Штайнмаер быў, на думку многіх, добры на ўсіх пасадах, якія яму даводзілася займаць, у тым ліку ў якасьці міністра замежных справаў. Яго традыцыйнае для нямецкіх сацыял-дэмакратаў зычлівае стаўленьне да Расеі, аднак, не дапамагло яму спыніць крызіс ва Ўкраіне, хоць Штайнмаер зрабіў многае для прадухіленьня новага вітка ваенных сутыкненьняў на Данбасе.

Падтрымка хрысьціянскімі дэмакратамі кандыдатуры Штайнмаера можа зьдзівіць, паколькі як яшчэ ўлетку партыя Мэркель крытыкавала яго — за прапанову зьмякчыць санкцыі супраць Расеі. Штайнмаер заўсёды выказваецца дыпляматычна. «Нішто ня можа стаць прычынай для адмовы ад кантактаў», «Не спыняць дыялёг» — вось яго тыповыя выказваньні. На зычлівасьці да Расеі сацыял-дэмакратаў тонка гуляе Ўладзімер Пуцін. Вось, напрыклад, што сказаў расейскі прэзыдэнт 22 верасьня на сустрэчы ў Маскве з кіраўніком СДПГ Зігмарам Габрыэлем:

— Нямеччына застаецца для нас адным з найважнейшых гандлёва-эканамічных партнэраў. На жаль, гандлёвы абарот зьніжаецца... Але ў нас вельмі шмат сяброў у Нямеччыне. Нягледзячы на ўсе складанасьці, якія ўзьнікаюць у палітычных сфэрах, яны застаюцца нашымі сябрамі. Мы гэта ведаем, бачым і адчуваем. І нашы нямецкія сябры ведаюць, што і мы застаёмся іх сябрамі. Таму, абапіраючыся на вось гэты пазытыўны патэнцыял, мы і павінны шукаць вырашэньня ўсіх складаных пытаньняў.

Штайнмаер, тым ня менш, ня раз крытыкаваў палітыку Масквы, аднак у чэрвені сёлета заявіў: «Мы бачым, што ў ЭЗ расьце супраціў працягненьню санкцый супраць Расеі». Гэта і было расцэнена як спроба дамагчыся зьмякчэньня санкцый. Дарэчы, згодна з нядаўнім апытаньнем, траціна немцаў выступае за адмену, яшчэ траціна — за зьмякчэньне санкцый супраць Расеі.

Сам будучы прэзыдэнт у панядзелак у інтэрвію газэце Bild заявіў: «Той, хто ведае мяне, ведае, што я ніколі не падладжваўся пад іншых і заўсёды выказваю непрыемныя для многіх, нязручныя рэчы, якія часам не прыносяць ухвалы і аплядысмэнтаў грамадзкасьці. Я будую сваю працу з упэўненасьцю, што менавіта такая сумленная пазыцыя і палітыка ў рэшце перамагаюць». Паводле апытаньняў, Штайнмаер — выбар ня толькі палітычных партый. Менавіта яго хацела б бачыць наступным прэзыдэнтам і большасьць немцаў.

Што вядома аб прыватным жыцьці Штайнмаера? Ён жанаты, яго жонка — судзьдзя па адміністрацыйных справах Эльке Бюдэнбэндэр. У іх ёсьць 22-гадовая дачка. Штайнмаер разам з сям’ёй жыве ў адным з самых прэстыжных раёнаў Бэрліна — Цэлендорфе. У 2010 годзе Эльке Бюдэнбэндэр перажыла апэрацыю па перасадцы ныркі. Донарам тады стаў яе муж, які ў сувязі з гэтым быў вымушаны часова сысьці з палітычнай арэны. У кастрычніку 2010 году Штайнмаер вярнуўся да актыўнай палітычнай дзейнасьці. Учынак палітыка зрабіў яго яшчэ больш папулярным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG