Да 15 лістапада грамадзяне Беларусі, якія «ня ўдзельнічаюць у фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў», маюць сплаціць падатак «на дармаедаў» у памеры 20 базавых велічыняў (360 рублёў за 2015 год). Як заўважае БелаПАН, кампанію па зборы з «дармаедаў» цяжка назваць эфэктыўнай.
Міністэрства падаткаў і збораў на канец кастрычніка накіравала толькі каля 50 тысяч паведамленьняў пра неабходнасьць сплаціць падатак «на дармаедаў».
«Але верагодна, што заплоцяць гэты збор далёка ня ўсё, — камэнтуе БелаПАН вядучы дасьледчык Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру (BEROC) Кацярына Барнукова. — У адных выпадках апынецца, што чалавек не жыве па месцы прапіскі, у іншых — што ў яго няма грошай, трэція будуць яго аспрэчваць. Таму зь фінансавага пункту гледжаньня будзе шмат пытаньняў, наколькі гэты збор акупіць выдаткі дзяржавы па яго зборы».
Даведацца, ці акупіцца падатак «на дармаедаў», немагчыма: выдаткі на пошукі дармаедаў засакрэцілі.
«Падатак на дармаедзтва аказаўся не ратункам, а пасткай»
Калі толькі абмяркоўвалася ўкараненьне падатку, гаварылася пра на парадак большую колькасьць «дармаедаў». Так, тагачасны прэм’ер Мясьніковіч летам 2013 году ацаніў колькасьць «дармаедаў» у 445 тысяч чалавек, а ўвосень 2014 году Лукашэнка казаў пра 400-500 тысяч «дармаедаў».
Колькасьць і структуру працоўных рэсурсаў з 2012 году дасьледуе Белстат, але вынікі выбарачных абсьледаваньняў хатніх гаспадарак ні разу не публікаваліся. На зьвесткі балянсу працоўных рэсурсаў спасылаўся Мінэканомікі, калі ў 2014 годзе ацаніў колькасьць «дармаедаў» у 404,4 тысячы.
Паводле зьвестак Белстату за 2015 год, зь якімі азнаёміўся БелаПАН, у Беларусі налічылі 41,3 тысячы беспрацоўных на ўліку ў службе занятасьці, 202 тысячы беспрацоўных у актыўным пошуку працы, 60 тысячаў тых, хто не спадзяецца знайсьці працу альбо ня мае неабходнасьці ці жаданьня яе шукаць, а таксама 110 тысяч чалавек, прычыны незанятасьці якіх ня выяўленыя. Разам гэта 413,3 тысячы чалавек (а эканамічна актыўнага насельніцтва ў 2015 годзе было 4,5 млн).
Таксама падатак «на дармаедаў» не павялічыў колькасьць насельніцтва, занятага ў эканоміцы. Калі ў пачатку 2015 году такога было 4,5 млн, то на жнівень 2016-га — менш за 4,4 млн.
Экспэрты кажуць, што і «выхаваўчы эфэкт» ад падатку ў барацьбе зь ценевай эканомікай не спрацаваў.
«Калі чалавек зарабляе ў ценю, атрымлівае прыбытак, яму больш выгадна заплаціць раз на год збор, эквівалентны 200 далярам, чым легалізаваць сваю дзейнасьць».