Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спадзяюся, што мае грошы дзяржаве пойдуць на лекі», — актывістаў апазыцыі запісваюць «у дармаеды»


Пётар Мігурскі
Пётар Мігурскі

«Дзяржава не стварыла ўмоваў, каб людзі былі пры занятку, і за гэта яшчэ вымагае грошы», — кажа эканаміст Пётар Мігурскі, якога запісалі ў «дармаеды».

Спэцыяліст у сельскай гаспадарцы на працягу пяці гадоў шукаў сабе працу, а як выйшаў на пэнсію, то заплаціў падатак «дармаеда». Ад званьня «сацыяльнага ўтрыманца» здолеў «адбіцца» намесьнік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Ён лічыць, што ўлада пастараецца запісаць у «дармаеды» ўсю апазыцыю, каб потым шальмаваць яе гэтым.

Мне агідна разьбірацца, чаму мяне зрабілі «дармаедам».

360 рублёў падатку «за няўдзел у фінансаваньні дзяржаўных расходаў» заплаціў кандыдат эканамічных навук Пётар Мігурскі. Сёлета ён выйшаў на пэнсію. На працягу пяці апошніх год да яе знайсьці сабе занятак эканаміст ня мог. Веды спэцыяліста ў галіне сельскай гаспадаркі і выкладчыка аказаліся не запатрабаванымі.

Тое, што падатковая запісала яго ў «дармаеды» суразмоўцу ня дзівіць. Ён лічыць гэта заканамерным разьвіцьцём падзеяў апошніх гадоў. Кажучы пра гэтую сытуацыю, эканаміст ня стрымлівае сябе ў выказваньнях.

«Мне агідна нават ісьці да гэтай улады і разьбірацца, чаму яны вырашылі мяне зрабіць „дармаедам“. Калі ёй не хапае грошай, дык няхай бярэ. Няхай мае грошы будуць ёй на лекі: пачынаючы ад самага галоўнага і сканчаючы самым апошнім чыноўнікам ва ўладнай герархіі. Спадзяюся, што яны з голаду не памруць, бо я заплаціў гэты падатак».

Асноўнай масе людзей, якім прыйшлі гэтыя „лісты шчасьця“, нават няма за што самагонкі купіць, ня тое што аплаціць утрыманьне чыноўнікаў

Пётар Мігурскі жыве ў вёсцы Дабрэйка, што ў Шклоўскім раёне. У паселішчы, кажа ён, акрамя яго, у «дармаеды» запісалі яшчэ пятнаццаць чалавек.

«У мяне, у адрозьненьне ад аднавяскоўцаў — „дармаедаў“, сытуацыя больш выгодная», — кажа суразмоўца.

«У мяне хоць ёсьць з чаго заплаціць гэты падатак на падтрымку даўно адарванага ад патрэбаў народу чынавенства. Я пачаў атрымліваць пэнсію. А асноўнай жа масе людзей, якім прыйшлі гэтыя „лісты шчасьця“, нават няма за што самагонкі купіць, ня тое што аплаціць утрыманьне чыноўнікаў. Гэтак і выходзіць, што гэтая „неразумная ўлада“ вышуквае па капейчыне, каб ёю дзяржаўны апарат неяк падтрымаць».

Людзі, запісаныя ў «дармаеды», разгубленыя

«Людзі разгубленыя. Калі жывыя маці з бацькам, дык іхная пэнсія дапамагае, а калі няма, дык і работы ж на вёсцы няма. А тут ім яшчэ трэба заплаціць дзяржаве за тое, што дзяржава не стварыла ўмоваў для іхнага працаўладкаваньня», — кажа Пётар Мігурскі.

Ён перакананы, што дзяржава магла б болей выгадаць, зьменшыўшы заробкі чыноўнікам. На ягоную думку, зрабіць так было б больш плённа, чым вышукваць «дармаедаў» і вымагаць «аплату дзяржаўных расходаў».

Пётар Мігурскі выкладаў эканамічныя дысцыпліны ў некалькіх вышэйшых навучальных установах Магілёва. У 2011 годзе вымушаны быў звольніцца з Магілёўскага ўнівэрсытэту харчаваньня, каб «не ствараць праблемаў кіраўніцтву навучальнай установы».

Спэцыяліст, здольны рабіць стратныя гаспадаркі перадавымі, дзяржаве не патрэбны

«Мяне ставілі перад выбарам: альбо палітыка, альбо праца выкладчыка», — сказаў Пётар Мігурскі ў адным з інтэрвію.

Падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году ён быў даверанай асобай кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева. У 2008 годзе ў Шклоўскай акруговай камісіі па выбарах у Палату прадстаўнікоў выявіў тры несапраўдныя выніковыя пратаколы ўчастковых камісіяў. Пра факт фальшаваньня паведаміў журналістам. З таго часу ён у «чорных сьпісах».

«Мне прапанавалі звольніцца — я звольніўся, але потым мне адмаўлялі ў працаўладкаваньні. Два гады я пасьпеў папрацаваць у прыватнай арганізацыі. Потым мне аддалі працоўную кніжку і са мною разьвіталіся. Прыйшоў на біржу, шукаючы працу, а там адказалі, што ня могуць мне знайсьці занятак, які адпавядаў бы маёй адукацыі і практыцы. Я працаваў старшынём калгасу, дацэнтам... У мяне ёсьць досьвед вывядзеньня стратных сельгаспрадпрыемстваў у перадавыя. Гаспадарцы, як высьвятляецца, такія спэцыялісты не патрэбныя».

Апазыцыянэраў зробяць «дармаедамі», каб потым гэтым шальмаваць

Спрабавалі запісаць у «дармаеды» шклоўскія падаткоўцы намесьніка старшыні партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Апавяшчэньне пра намеры раённай падатковай камісіі фронтаўцу ўторкнулі ў дзьверы ягонай кватэры. Партыец ад «наезду» адбіўся, скапіяваўшы дакумэнты, якія ён рабіў, калі сёлета балятаваўся ў Палату прадстаўнікоў.

Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў лічыць не выпадковай спробу падаткоўцаў зрабіць зь яго сацыяльнага ўтрыманца. Палітык лічыць, што са зьневажальнай працэдурай у падатковых камісіях давядзецца сутыкнуцца багата каму з апазыцыйных актывістаў.

«Яны будуць правяраць на „дармаедзтва“ ўсю апазыцыю, а потым з апазыцыі „ляпіць“ дармаедаў. А потым праз свае сродкі масавай інфармацыі будуць паказваць, што зь сябе ўяўляе апазыцыйны актыў. Маўляў, гэтыя латругі карыстаюцца дабротамі, якія стварыла дзяржава, і пазьбягаюць плаціць за іх. Задума ў іх такая», — выказвае меркаваньне Рыгор Кастусёў.

Сын Кастусёва таксама ў «дармаедах»

Спрабуюць зрабіць «дармаедам» і сына палітыка — Андрэя. Хлопец у 2015 годзе вучыўся за мяжой, а на радзіму прыяжджаў на непрацяглы час. Ягонага бацьку зьдзіўляе, што падатковая ня можа такіх зьвестак атрымаць у памежным камітэце, які дапамагаў выяўляць патэнцыйных «дармаедаў».

Падатковыя інспэкцыі налічылі блізу пяцідзесяці тысяч «сацыяльных утрыманцаў». Вышукваць іх падаткоўцам дапамагалі КДБ, Сьледчы камітэт, Камітэт дзяржкантролю, Дзяржаўны памежны камітэт, Фонд сацыяльнай абароны, Міністэрства абароны, Міністэрства па надзвычайных сытуацыях і Дзяржаўны камітэт судовых экспэртызаў.

Да 15 лістапада «дармаедаў» абавязалі сплаціць падатак у памеры 360 рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG