Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Эрдагана ў нас ня любяць, ён разбурае краіну», — турэцкі бізнэсмэн, які жыве ў Беларусі


Турэцкі прэзыдэнт Рэджэп Тайіп Эрдаган, ілюстрацыйнае фота
Турэцкі прэзыдэнт Рэджэп Тайіп Эрдаган, ілюстрацыйнае фота

Гюнэш — турэцкі бізнэсмэн. У Беларусі жыве 7 гадоў, нарадзіў тут сына, працуе ў фірме, якая займаецца вопраткай супрацоўнікаў гатэляў. Пра беларусаў адгукаецца вельмі добра, кажа, што кемлівыя і сумленныя працаўнікі. Хваліць і Аляксандра Лукашэнку. А вось свайго прэзыдэнта Рэджэпа Тайіпа Эрдагана ня любіць. Чаму?

«У нашай фірме працуе больш за 20 чалавек, ёсьць і беларусы — яны вельмі добрыя працаўнікі. Мне тут у вас падабаецца, таму і жыву. А што б хацеў зьмяніць? Ня ведаю, што адказаць. Да таго ж цяпер вельмі заняты: няма часу ня тое што на размову, нават паесьці», — пачаў Гюнэш размову з карэспандэнтам Свабоды, але перарваўся і папрасіў перазваніць праз гадзіну.

Падчас другога званка Гюнеш гаварыў ахвотней. Спачатку падрабязьней расказаў пра сваю сям’ю, а потым адказаў на іншыя пытаньні, у тым ліку палітычнага характару.

Мой старэйшы сын, які нарадзіўся ў Турэччыне, таксама цяпер шчыльна зьвязаны зь Беларусьсю. Ён скончыў БДУ, вучыўся на адмыслоўца ў турыстычным бізнэсе і далей зьбіраецца працаваць у Беларусі.

«Малодшы сын у мяне ад жонкі-беларускі. Вельмі добры хлопчык расьце. Чым адметныя беларускія жанчыны? Магчыма, тым, што яны сапраўдныя эўрапейкі, больш разумныя і, канечне, прыгожыя. Дарэчы, мой старэйшы сын, які нарадзіўся ў Турэччыне, таксама цяпер шчыльна зьвязаны зь Беларусьсю. Ён скончыў БДУ, вучыўся на адмыслоўца ў турыстычным бізнэсе і далей зьбіраецца працаваць у Беларусі. Але пакуль зьехаў у Турэччыну, каб адбыць вайсковую службу».

Турэччына — вялікая па беларускіх мерках дзяржава, рэгіянальны лідэр, і цяпер у яе даволі складаныя адносіны зь некаторымі суседзямі. А ці адбіваюцца адносіны Турэччыны зь іншымі краінамі на турэцкім бізнэсе ў Беларусі?

На гэтае пытаньне Гюнэш распавёў, што падчас абвастрэньня адносінаў Турэччыны з Расеяй з прычыны зьбітага над Турэччынай расейскага вайсковага самалёта некаторыя бізнэс-праекты яму давялося адкласьці.

«Раней у мяне было шмат заказаў з Масквы, а як самалёт зьбілі, заказаў ня стала», — прызнаўся суразмоўца. Але зь цягам часу праблемы вырашаюцца, і цяпер Гюнэш чакае рэалізацыі новых праектаў, якія кампэнсуюць тыя страты. «Крыху лепей стала, і хутка будзе яшчэ лепш».

Лічу, што як прэзыдэнт Эрдаган недасьведчаны. А калі яму ўдасца аказаць уплыў на наш народ, гэта будзе дрэнна. Ён ужо разбурае нашу краіну, у адрозьненьне ад вашага Лукашэнкі, які захоўвае сваю краіну.

Ці чакае ён пазытыўнага выніку для свайго бізнэсу ад візыту прэзыдэнта Эрдагана ў Менск? Як думае, пра што яны будуць дамаўляцца? На гэтыя пытаньні суразмоўца адказаў ня гэтак, як чакалася:

«Ня ведаю, пра што яны тут з Лукашэнкам будуць дамаўляцца. Не сачу за Эрдаганам, бо стаўлюся да яго інакш, мне ён не цікавы. У яго іншы мэнталітэт. Лічу, што як прэзыдэнт ён недасьведчаны. А калі яму ўдасца аказаць уплыў на наш народ, гэта будзе дрэнна. Ён ужо разбурае нашу краіну, у адрозьненьне ад вашага Лукашэнкі, які захоўвае сваю краіну. За гэта ў нас яго ня любяць».

На рэпліку карэспандэнта Свабоды, што Лукашэнка «гэтак жа разбурыў у Беларусі дэмакратыю», Гюнэш адказаў: «Магчыма, што і так, але часам зашмат дэмакратыі — гэта не найлепшае».

Ці дае Гюнэшу бізнэс у Беларусі добры прыбытак? Бізнэсовец шчыра прызнаў, што апошнім часам прыбыткі скараціліся, але ён працягвае спадзявацца на паляпшэньне сытуацыі:

Зьявіліся добрыя праекты, на якія вельмі спадзяюся. Але гэта залежыць ня толькі ад Беларусі, але і ад эканамічнага становішча ў Турэччыне, а там цяпер таксама стала горш.

«Зьявіліся добрыя праекты, на якія вельмі спадзяюся. Але гэта залежыць ня толькі ад Беларусі, але і ад эканамічнага становішча ў Турэччыне, а там цяпер таксама стала горш».

На просьбу распавесьці пра тое, што адбываецца ў Турэччыне пасьля ліпеньскай спробы перавароту, Гюнэш сказаў, што гэтага дакладна ня ведае, бо жыве ў Беларусі. На думку суразмоўцы, у Беларусі пражывае каля 300 турэцкіх грамадзянаў уключна з тымі, хто ўжо пусьціў тут карані, як ён. «З суайчыньнікамі мы кантактуем у асноўным праз інтэрнэт», — сказаў Гюнэш. Таксама турэцкі бізнесовец прызнаўся, што часам слухае Радыё Свабода.

«Турэцкія студэнты — самыя ветлівыя і выхаваныя»

У верасьні ў Менску праз самагубства загінуў турэцкі студэнт — выкінуўся з 13-га паверху інтэрнату № 4 лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Як меркавалі сваякі і сябры — турэцкія студэнты, да трагічнага кроку юнака падштурхнулі асабістыя прычыны і праблемы ва ўласнай сям’і. Карэспандэнт пазваніў камэнданту інтэрната з просьбай ахарактарызаваць турэцкіх студэнтаў, якія там жывуць. Валянціна Станкевіч сказала:

Загадчыца інтэрнату № 4 МДЛУ Валянціна Станкевіч
Загадчыца інтэрнату № 4 МДЛУ Валянціна Станкевіч

Турэцкія студэнты сапраўды сярод усіх вылучаюцца: вельмі выхаваныя, акуратныя, ветлівыя, разумныя.

«З 230 студэнтаў-замежнікаў турэцкіх у нас больш за 30, то бок усяго больш за 10% ад агульнай колькасьці. Ёсьць яшчэ студэнты з Кітая, з Туркмэністану, Вэнэсуэлы, Сырыі, Ірану. Але турэцкія сапраўды сярод усіх вылучаюцца: вельмі выхаваныя, акуратныя, ветлівыя, разумныя. Той хлопчык, які загінуў, быў асабліва разумны. Выкладчыца казала, што лепш за іншых мову вучыў, выказвацца мог добра, як па-літаратурнаму. Вельмі яго шкада. Працую тут каля трох гадоў, і за гэты час не было ніякіх зь імі праблем: ні зь міліцыяй, ні з чысьцінёй і парадкам у пакоях. І дзяўчаты нашы да іх добра ставяцца — сябруюць, сустракаюцца. Бо яны вельмі добрыя», — кажа Валянціна Станкевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG