«Летась праходзілі плянавыя рамонтныя працы ў Доме ўраду, — распавядае Юлія Сярмяжка, загадчыца аддзелу бібліятэчнага маркетынгу Прэзыдэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь. — На даху мянялі ўцяпляльнік, і калі здымалі стары пласт, аказалася, што пад ім такія рэчы знаходзяцца».
Дом ўраду паводле праекту архітэктара Іосіфа Лангбарда будавалі з 1930-га па па 1934-ы гады. Шмат якія рэчы, знойдзеныя на гарышчы, найхутчэй засталіся там яшчэ з пэрыяду будаўніцтва. Сама бібліятэка, якая раней называлася Ўрадавай, а ў 1994-м стала Прэзыдэнцкай, у гэтым будынку ад моманту адкрыцьця — з 7 лістапада 1933 году.
«У якім стане знайшлі рэчы?» — пытаемся ў бібліятэкара.
«Прыкладна ў такім», — Сьвятлана бярэ ў рукі скрынку з рэшткамі пакамечанай паперы. Распавядае, што дасьледавалі кожны кавалак, каб ня страціць нечага каштоўнага. І кожны адсканавалі.
«Будынак Лангбарда, мне здаецца, быў наперадзе свайго часу, — кажа Юлія Сярмяжка. — Уявіце стары Менск, адна-двух-трохпавярховая забудова. А тут будынак у 7 паверхаў, але па тэхнічных характарыстыках як 11. Тады не было ніводнага вежавага крана, усё будавалася ўручную, як эгіпэцкія піраміды».
Кельмы, скобы, мантажны пас з канопляў — будаўнічыя прылады, а таксама цыгарэтныя абгорткі, старыя савецкія газэты і іншыя артэфакты сабралі ў «даваенную» частку экспазыцыі. «Лапушка Грыша, 1927», — алоўкам напісана знутры пустой скрынкі ад запалак.
«Чым нам цікавыя ўпакоўкі ад цыгарэт, — распавядае Юлія. — Яны выкарыстоўваліся фактычна як рэкляма, ідэалягічны складнік сацыялізму. Вось на адной з упаковак надпіс: „На культурна-будаўнічыя патрэбы працоўных вылучана ў 1933 годзе 11 616 міліярдаў рублёў“. Чым ня ўлётка? Дзяржава на гэтым зарабляла нямала грошай. І гэта было агульнадаступна. Наклады газэт не параўнаць з цыгарэтнымі пачкамі».
Бляшанкі ад нямецкіх, францускіх, партугальскіх кансэрваў, пустыя пляшкі з-пад рэйнскага віна — выклалі ў вітрыну «часоў акупацыі». У 1941-44 гадах тут месьціўся штаб СС, Гестапа, Люфтвафэ і харчовыя склады.
Тут жа ў вітрыне здымак «Нямецкія салдаты голяцца перад Домам ураду». «Магчыма гэтым самым лязом», — паказвае Юлія лязо фірмы «Solingen», якое таксама знайшлі на гарышчы.
«Сярод матэрыялаў, якія трапілі ў нашу бібліятэку, такія ўнікальныя дакумэнты, як прыватныя лісты, — зьвяртае ўвагу Сьвятлана Паўлавіцкая, галоўны бібліятэкар аддзелу старадрукаў і рэдкіх выданьняў. — Гэта лісты моладзі 40-х гадоў». Сьвятлана паказвае напісаны ў 1944-м годзе ад рукі на блянку ліст Ксеніі да вайскоўца Сашы. І надрукаваны на машынцы ў 1942 годзе ліст немкі Ханны, які тая адправіла сваім бацькам з Дома ўраду.
«Ксенія перажывае за Сашу просіць, каб ён патэлефанаваў ёй, — распавядае Сьвятлана Паўлавіцкая. — Ханна піша, што яна шмат працавала, і здарылася хвілінка, каб напісаць ліст бацькам. Яна крышачку распавядае пра сваю працу, перадае тэлеграмы. Праца патрабуе ад яе адказнасьці, дакладнасьці, хуткасьці, але пакуль што на яе працу ня скардзяцца. Кажа, што часам парушаецца сувязь».
Сьвятлана Паўлавіцкія лічыць, што за гэтымі лістамі — цэлая гісторыя людзей і сем’яў. «Іх аб’ядноўвае тое, што яны адмаўляюць вайну, — кажа яна. — Яны вымушаныя апынуцца ў далечыні ад сваіх сем’яў, родных».
Як усе гэтыя рэчы апынуліся на гарышчы, можна толькі здагадвацца. Найбольш бібліятэкараў цікавяць дакумэнты. З даваеннага пэрыяду самыя цікавыя — некаторыя дакумэнты з архіваў Савету народных камісараў. Фонды бібліятэкі перад вайной эвакуаваць не пасьпелі. Некаторыя з выданьняў знайшліся якраз тут. Нямецкія войскі перад тым, як пакінуць Дом ураду ў 1944-м, вывезьлі ўвесь свой архіў, а будынак замініравалі.
На тое, што тут будуць знойдзеныя дакумэнты вялікай навуковай значнасьці, бібліятэкары не спадзяюцца. «Але гэта ілюстрацыя эпохі, — кажа Юлія Сярмяжка. — Сьведчаньне, як жылі людзі. І гэта таксама важна».
Па словах Юліі Сярмяжкі, знойдзенымі артэфактамі ўжо зацікавіўся архіў Беларусьфільму і музэй Вялікай айчыннай вайны.
З экспазыцыяй пад назвай «Дом ураду: гісторыя, дакумэнты, людзі» можна азнаёміцца ў адной з заляў Прэзыдэнцкай бібліятэкі.