Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Дзяды


Алег Дашкевіч
Алег Дашкевіч

Ішоў з сынамі да царквы памінаць сваіх сваякоў. Ішоў і згадваў.

Памятаю, як прадзед Ігнат сядзеў каля маёй калыскі й калыхаў мяне малога. Сівы, як лунь, з доўгімі сівымі вусамі. Сядзеў, калыхаў і глядзеў на мяне зусім не старэчымі сінімі вачыма.

Памятаю, як па яго прыехала «хуткая», а я, ледзь навучыўшыся хадзіць, малаціў нейкай цацкай аб драўляную калыску й рабіў неймаверны грукат.

— Сьціхні, — стараючыся не пераходзіць на крык, зьвярталася раз-пораз да мяне бабка Аня.

— Аня, Аня! Не чапай, гэта ж малое, — амаль шэптам гаварыў да яе прадзед Ігнат.

Яму было кепска, але вочы ягоныя заставаліся такімі ж сінімі.

Мне было трошкі болей за год.

— Ты ня можаш гэта памятаць, ты быў зусім малы, — ледзь не сварыўся са мной падлеткам, бацькаў малодшы брат — дзядзька Валерка, калі я згадваў гэты момант. Але я памятаў. Хіба можна забыць сьвятло тых, хто цябе любіць.

Памятаю дзядзьку Валерку, неверагодна таленавітага ва ўсім за што браўся. Які рабіў мне, хлопцу розную зброю для дзіцячых гульняў у вайнушку.

Ягоную жалезную галубятню на нашым падворку ў прыватным сэктары ў раёне старога аэрапорту.

— Глядзі, вось гэта крымчак, гэта курскі, гэта гончы, — тлумачыў ён мне пароды галубоў, запускаючы іх у менскае неба.

Як ляцеў ён расхрыстаны разьбірацца з п’янымі «шалманскімі» блатнякамі, убачыўшы мой разьбіты нос і заплылае вока, калі я дзесяцігадовы, патрапіў не ў тое месца ды ня ў той час.

— З чырвонай юшкай больш хадзіць ня будзеш. Пойдзеш на бокс, — катэгарычна абвясьціў дзядзька, як разабраўся з блатнякамі.

Я пайшоў.

У гэтым звычайным драўляным доме на менскай ускраіне я гадаваўся да школы.

— Унучак, хадзі сюды, — абдымала мяне малога й садзіла сабе на калені бабка Аня. На пліце гатавалася вячэра, бабка, прыціснуўшы свайго адзінага ўнука да грудзей, пачынала свой заўсёдны канцэрт, які адкрываўся й сканчаўся «Зялёнаю вішняй».

Я штораз засынаў пад гэты канцэрт на бабчыных грудзях, але кожную яе песьню, я магу прасьпяваць і сёньня. І сьпяваў было сваім сынам, калі яны былі ў тым веку, што і я ў бабкі на каленях.

Памятаю, як узімку везьлі мяне, хворага на запаленьне лёгкіх, у дзіцячую лякарню, і як бабчына сястра цётка Наста кожны вечар праўдамі й няпраўдамі прарывалася да мяне ў палату і, дастаўшы завернутыя ў ручнік і цэлафан (каб не астылі) курыныя катлеты й казінае гарачае малако, карміла мяне, пакуль не прыходзілі мэдсёстры й не праганялі яе дадому.

У кожнага мусіць быць свой дом успамінаў, дзе цяпло ніколі не астывае.

Памятаю, як засоўваў свае халодныя пяткі бацьку пад паху й прасіў яго чытаць казкі братоў Грым. Казкі былі страшныя, але пачуцьцё страху было такое... вясёлае, несапраўднае. Бо мае пяткі грэліся ў бацькі пад пахай.

— Не забывай мяне сынок, — неяк роспачна аднойчы сказаў бацька, калі застаўся адзін у гарадзкой кватэры пасьля таго, як бульдозэры зруйнавалі дом майго дзяцінства...

Усе яны: бабка Аня, бацька, дзядзька Валерка, цётка Наста — Дзяды.

Заўважыў, чым старэйшы робішся, тым больш памятаеш сваіх Дзядоў. Тым больш іх хочацца памятаць. Кожную згадку.

Тым больш глыбока разумееш бацькава — не забывай мяне, сынок.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG