Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За вуліцу імя Слуцкіх паўстанцаў у Слуцку падпісалася 550 чалавек


Камсамольская вуліца ў Слуцку, якую прапануюць перайменаваць у гонар Слуцкіх паўстанцаў
Камсамольская вуліца ў Слуцку, якую прапануюць перайменаваць у гонар Слуцкіх паўстанцаў

Актывісты Слуцку перадалі ў райвыканкам подпісы пад калектыўным зваротам аб перайменаваньні Камсамольскай вуліцы ў вуліцу імя Слуцкіх паўстанцаў.

Суправаджальны ліст да калектыўнага звароту падпісалі кіраўнік мясцовай арганізацыі Партыі БНФ Віталь Амяльковіч і грамадзкая актывістка Зінаіда Цімошак.

Па словах Віталя Амяльковіча, подпісы за ўшанаваньне памяці Слуцкіх паўстанцаў былі сабраныя яшчэ ў жніўні падчас парлямэнцкай выбарчай кампаніі.

«Мы пачалі зьбіраць подпісы сярод случакоў 27 ліпеня — такім чынам адзначылі дзень прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце, — кажа Амяльковіч. — Пасьля гэтую справу прадоўжылі ў жніўні. Зьбіралі на вуліцах гораду. Случакі даволі прыязна паставіліся да ідэі ўшанаваньня памяці слуцкіх паўстанцаў і Слуцкага збройнага чыну ў лістападзе 1920 году. Многія нічога ня ведалі пра гэтую гістарычную падзею і былі ня супраць увекавечаньня памяці герояў.

Сабраўшы больш за 500 подпісаў, вырашалі перадаць іх у райвыканкам у лістападзе, пасьля падачы заяўкі на правядзеньне мітынгу ў гонар угодкаў Слуцкага збройнага чыну, — кажа Віталь Амяльковіч. — Такім чынам хочам прыцягнуць увагу чыноўнікаў да гістарычнай несправядлівасьці, зьвязанай з замоўчваньнем падзеі».

У суправаджальным лісьце ў Слуцкі райвыканкам актывісты пішуць, што ў Слуцку ёсьць памяць пра ўдзельнікаў Парыскай камуны. Адна з вуліц, якая ўшанавала змагароў з далёкай Францыі, так і называецца: «вуліца Парыскай камуны». У той жа час у горадзе няма ні помніка, ні назвы вуліцы, якая была б прысьвечана важнай падзеі з гісторыі Слуцку і Беларусі.

«Вуліца Камсамольская, якая на пачатку 20 стагодзьдзя мела назву Шырокая, выбрана невыпадкова, — тлумачыць выбар для перайменаваньня Зінаіда Цімошак, былая настаўніца з гэтага гораду. — Менавіта на цяперашняй вуліцы Камсамольскай насупраць будынку Слуцкай гімназіі ў 1920 годзе знаходзіўся дом выбітнага беларускага дзеяча Эдварда Вайніловіча. У гэтым доме засядала Рада Случчыны і было прынята гістарычнае рашэньне змагацца з наступам расейскай Чырвонай арміі. Каб цалкам зьнішчыць памяць пра Слуцкі збройны чын, прыгожы дом Вайніловіча бальшавікі зруйнавалі ўшчэнт, а на яго месцы ў 30-я гады збудавалі электрастанцыю. З 60-х гадоў там гарадзкая кацельня, а над ёй бел-чырвоныя трубы».

У калектыўным звароце ў райвыканкам таксама гаворыцца, што новая назва вуліцы будзе спрыяць выхаваньню патрыятызму і незалежніцкай сьвядомасьці, якія патрэбныя беларусам у складаных зьнешніх умовах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG