Вынікі некалькіх апытаньняў, агучаных у аўторак, паказалі ўмацаваньне пазыцый Дональда Трампа. Самымі шматспадзеўнымі для Трампа, напэўна, сталі вынікі штодзённага апытаньня, праведзенага на замову тэлекампаніі ABC і газэты The Washington Post. 46 адсоткаў рэспандэнтаў выказаліся за Трампа, 45 адсоткаў — за Клінтан. Усяго два тыдні таму Гілары Клінтан апярэджвала Трампа на 12 пунктаў. Сацыёлягі адзначаюць падзеньне энтузіязму ў шэрагах прыхільнікаў Клінтан і рэзкі яго прыліў у электарату Трампа. Гэтыя настроі асабліва выявіліся ў апошнія тры-чатыры дні пасьля зьяўленьня нечаканай інфармацыі пра тое, што Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў вывучае электронныя лісты Гілары Клінтан, якія апынуліся ў ягоных руках і ў якіх могуць зьмяшчацца дзяржаўныя сакрэты.
Расьсьледаваньне выкарыстаньня Клінтан асабістага, а не службовага электроннага адрасу ў бытнасьць яе дзяржсакратаром, якое праводзіцца ФБР і зацягнулася амаль на год, было закрытае летам. Тады супрацоўнікі ФБР не знайшлі ў дзеяньнях Клінтан нічога супрацьзаконнага. Амаль ніхто не чакае ніякіх сэнсацыйных выкрыцьцяў і на гэты раз, але за лічаныя дні да выбараў няма нічога горшага за невядомасьць, асабліва для кандыдаткі, да якой нэгатыўна ставіцца больш за палову выбаршчыкаў (54 адсоткі, паводле апошніх дасьледаваньняў інстытута Гэлапа), кандыдаткі, якую ратуе тое, што да ейнага саперніка нэгатыўна ставіцца 62 адсоткі амэрыканцаў. Не выпадкова адразу пасьля зьяўленьня аглушальнай весткі пра новы прыліў увагі ФБР да перапіскі Гілары Клінтан і сама Клінтан, і прадстаўнікі яе перадвыбарчага штабу заклікалі дырэктара ФБР Джэймса Комі апублікаваць усю інфармацыю пра расьсьледаваньне з тым, каб, паводле іх, напярэдадні выбараў у амэрыканцаў была магчымасьць пераканацца, што да кандыдата дэмакратаў няма ніякіх сур’ёзных прэтэнзій.
Дырэктар ФБР стаў аб’ектам ня толькі публічных заклікаў, але і крытыкі прыхільнікаў Гілары Клінтан, якія сьцьвярджаюць, што кіраўнік ФБР не прытрымліваўся правілаў, згодна зь якімі падобныя расьсьледаваньні вядуцца канфідэнцыйна, а інфармацыі надаецца галоснасьць толькі пасьля іх завяршэньня. Мала таго, у аўторак кіраўнік перадвыбарнага штабу Клінтан Робі Мук кінуў папрок Джэймсу Комі ў тым, што ФБР не раскрыла інфармацыю пра расьсьледаваньне людзей з акружэньня Дональда Трампа на прадмет іх сувязяў з Расеяй. «Калі вы займаецеся апублікаваньнем інфармацыі аб расьсьледаваньнях, якія тычацца кандыдатаў у прэзыдэнты, адкрыйце ўсе, што ў вас ёсьць пра Дональда Трампа. Падайце інфармацыю пра яго сувязі з расейцамі», — заявіў Мук у інтэрвію CNN.
Спроба дэмакратаў вярнуць увагу амэрыканцаў да кандыдата рэспубліканцаў і яго магчымых сувязяў з Расеяй зразумелая. Гілары Клінтан лічыць, што расейскія сувязі людзей з акружэньня Трампа, а магчыма, і самога кандыдата зьяўляюцца вельмі нэгатыўнай для ейнага апанэнта акалічнасьцю.
Згодна з рэспэктабэльным сайтам RealClearPolitics, Гілары Клінтан у сярэднім апярэджвае зараз Дональда Трампа толькі на 2,2 адсотка. Два зь невялікім тыдні таму, неўзабаве пасьля зьяўленьня відэазапісаў з грубымі камэнтарамі Дональда Трампа ў дачыненьні жанчын, разрыў складаў 7 адсоткаў на карысьць Клінтан. Прычым колькасьць прыхільнікаў Трампа за гэты час вырасла на 4 адсоткі, а шэрагі прыхільнікаў Клінтан парадзелі на працэнт. Калі ў гэтай тэндэнцыі хопіць зараду яшчэ на тыдзень, то 8 лістапада можа прынесьці сюрпрызы.
У аўторак Гілары Клінтан і яе прадстаўнікі, сярод якіх прэзыдэнт Абама, былы прэзыдэнт Біл Клінтан, віцэ-прэзыдэнт Байдэн, праводзілі сустрэчы з выбарнікамі ў штатах Агаё, Фларыда, Паўночная Караліна — тых, што вагаюцца, чые выбаршчыкі, хутчэй за ўсё, вызначаць зыход прэзыдэнцкай кампаніі. Дональд Трамп, натхнёны сваімі посьпехамі апошніх дзён, адправіўся ў індустрыяльны Мічыган, дзе ён адстае ад Клінтан, але дзе, як сьцьвярджае ягонае асяродзьдзе, шанцы рэспубліканца растуць. Для перамогі на выбарах кандыдату ў прэзыдэнты неабходна атрымаць 270 галасоў выбаршчыкаў, разьмеркаваных паміж штатамі прапарцыйна іх насельніцтву. У спаборніцтве за галасы выбаршчыкаў Клінтан утрымлівае адназначнае лідэрства. На яе пакуль прыпадае 259 выбарнікаў, на Трампа — 164.
Тым ня менш за тыдзень да прэзыдэнцкіх выбараў у Дональда Трампа застаюцца шанцы на перамогу ў двух выпадках, піша адзін з самых паважаных амэрыканскіх аналітыкаў Нэйт Сыльвэр, які выкарыстоўвае, прычым зь неверагоднай дакладнасьцю, для разьліку розных варыянтаў зыходу выбараў свае ўласныя матэматычныя мадэлі, заснаваныя на выніках шматлікіх апытаньняў грамадзкай думкі. Гэта адбудзецца, калі сацыёлягі нават крыху памыляюцца на карысьць Клінтан, вызначаючы перавагі выбарнікаў, або калі разрыў паміж кандыдатамі к 8 лістапада складзе менш за два працэнты. Тады лідэрства Гілары Клінтан у тых штатах, што вагаюцца, можа раптам улятучыцца, і ў Дональда Трампа можа нават выявіцца перавага. У аўторак Сыльвэр ацэньваў шанцы Клінтан на перамогу ў 71 працэнт.