Палата прадстаўнікоў прыняла законапраект пра абаронную палітыку ЗША, які рэгулюе рэкордныя штогадовыя вайсковыя выдаткі ў памеры 895 мільярдаў даляраў, піша «Голас Амэрыкі».
281 голас «за» і 140 «супраць» — так разьмеркаваліся галасы кангрэсмэнаў у дачыненьні да закону «Аб нацыянальнай абароне» (NDAA), які цяпер накіраваны на разгляд у Сэнат.
У дадатак да тыповых палажэньняў аб закупках вайсковай тэхнікі і павышэньні канкурэнтаздольнасьці з такімі краінамі, як Кітай і Расея, 1800-старонкавы законапраект гэтага года накіраваны на паляпшэньне якасьці жыцця амэрыканскіх вайскоўцаў.
Ён санкцыянуе павышэньне грашовага забесьпячэньня на 14,5% для вайскоўцаў з самым нізкім рангам і на 4,5% для астатніх рангаў, што вышэй, чым звычайна. Ён таксама дазваляе фінансаваць будаўніцтва жыльля, школ і дзіцячых садоў для амэрыканскіх вайскоўцаў і іхных сем’яў.
Законапраект забараняе праграме вайсковай аховы здароўя TriCare пакрываць гендэрна-пацьвярджальную тэрапію трансгендэрных дзяцей вайскоўцаў, калі гэта можа прывесьці да іх стэрылізацыі.
Абраны прэзыдэнт Дональд Трамп і многія рэспубліканцы раскрытыкавалі дэмакратаў за падтрымку правоў трансгендэраў падчас выбарчай кампаніі 2024 году, якая скончылася тым, што рэспубліканцы захавалі кантроль над Палатай прадстаўнікоў і ўзялі пад кантроль Сэнат і Белы дом.
Сьпікер Палаты прадстаўнікоў, рэспубліканец Майк Джонсан высока ацаніў гэтую меру, назваўшы яе пераарыентацыяй Узброеных сіл на выкананьне іх асноўнай місіі.
«Нашы мужчыны і жанчыны ў вайсковай форме павінны ведаць, што іхны галоўны абавязак — абараняць нашу краіну», — сказаў ён у сваёй заяве.
Законапраект зьяўляецца кампрамісам паміж дэмакратамі і рэспубліканцамі ў Палаце прадстаўнікоў і Сэнаце, дасягнуты падчас некалькіх тыдняў перамоваў за зачыненымі дзьвярыма. Пасьля яго зацьвярджэньня ў Сэнаце ён паступіць на подпіс прэзыдэнту.
NDAA санкцыянуе праграмы Пэнтагону, але не фінансуе іх.
Кангрэс павінен асобна прыняць законапраект аб выдатках на фінансавы год, які заканчваецца ў верасьні 2025-га. Гэты законапраект наўрад ці будзе прыняты да сакавіка наступнага году.
Форум