Такім чынам, набыло юрыдычную моц рашэньне раённага суду, які не падтрымаў пазоў прадпрыемства на прыцягненьне да адказнасьці трох жыхарак Рагачова, што спрычыніліся да распаўсюду ў інтэрнэце інфармацыі пра пакет малака з пацучанятамі.
Шакуючы здымак з Рагачова абляцеў інтэрнэт сёлета ўвесну. Мясцовая жыхарка Марына Сьмірнова разьмясьціла на сваёй сьцяне ў «Аднаклясьніках» даволі незвычайны здымак: з адрэзанага кута ў поліэтыленавым пакеце малака вытыркаецца палова пацучаняці. У камэнтары спадарыня Сьмірнова патлумачыла:
«Сталага веку жанчына хацела зварыць малочны супчык, адрэзала кут пакета і пачала выліваць малако ў каструлю, а яно ня льецца. Яна націснула на пакет, і адтуль паказалася дохлая мыш».
Дачка старэнькай Аліна Залажкова, ідучы на рынак на працу, узяла пакет з сабою, каб здаць пасьля на праверку ў раённы цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі. Акурат на рынку каляжанка Марына й сфатаграфавала пакет з пацучанём і выклала ў інтэрнэт.
Праз галоўнага інжынэра малочнакансэрвавага камбінату Дзьмітрыя Іванова пакет з грызуном трапіў на экспэртызу ў Жлобінскую вэтэрынарную лябараторыю, бо малако «Смачнае» тлустасьцю 2,5%, у якім старэнькая кабета выявіла грызуноў, выпусьціў менавіта мясцовы малаказавод — філіял Рагачоўскага МКК.
Лябараторыя вызначыла, што з пакета тырчала не мышаня, як пісалася ў інтэрнэце, а пацучаня. Апрача таго, унутры пакета выяўлены яшчэ двое такіх жа грызуноў. Экспэртыза ўстанавіла, што ў лёгкіх і страўніках грызуноў не было рэшткаў малака, затое на патылічнай частцы галавы ў пацучанят былі гематомы. Гэта давала падставу меркаваць, што пацучаняты трапілі ў пакет ужо мёртвымі.
Малочнакансэрвавы камбінат абурыўся і праз суд патрабаваў ад жанчын публічна абвергнуць зьвесткі, якія ганьбяць ягоную дзелавую рэпутацыю як вытворцы высакаякаснай малочнай прадукцыі. У пазове ўтрымлівалася таксама патрабаваньне спагнаць з трох жанчын у салідарным парадку на карысьць камбіната кампэнсацыю матэрыяльнай шкоды ў памеры 54 822 дэнамінаваных беларускіх рублёў. Акурат на столькі, паводле падліку эканамічнага аддзелу прадпрыемства, зьнізіўся продаж малака ў пакетах за два месяцы — красавік і травень. Пазьней ад матэрыяльных прэтэнзіяў МКК адмовіўся, патрабуючы ад жанчын толькі абвяржэньня зьвестак.
Прадстаўнікі камбінату даводзілі ў судзе, што тэхналёгія вытворчасьці малака не дапускае пранікненьня ў пакеты пабочных прадметаў, памер якіх большы за 3×10 мілімэтраў. Пра гэта суду прадставілі даведку ад расейскага вытворцы абсталяваньня «Зонд-Пак».
На камбінаце трымаюцца думкі, што «пакет малака з пацучанятамі» мае пастановачны характар, і ўсё гэта зроблена з ініцыятывы нядобрасумленных канкурэнтаў.
Аднак Рагачоўскі раённы суд у жніўні адхіліў прэтэнзіі малочнакансэрвавага камбінату да трох жыхарак райцэнтру, якія спрычынілася да разьмяшчэньня ў інтэрнэце фатаздымку «пакета малака з грызуном». Як вынікае з рашэньня суду, камбінат не даказаў, што пацучаняты трапілі ў пакет з малаком іншым спосабам, апроч як на вытворчасьці.
З такім рашэньнем малочнакансэрвавы камбінат не пагадзіўся і падаў апэляцыю ў Гомельскі абласны суд. Але, як сказана вышэй, той пакінуў вырак бязь зьменаў, а скаргу камбіната без задавальненьня.
Камбінат, аднак, не пагадзіўся з высновамі і другой судовай інстанцыі. Цяпер там рыхтуюць наглядную скаргу ўжо на імя старшыні Гомельскага абласнога суду.