Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун заявіў, што паветраны ўдар па школе ў сырыйскай правінцыі Ідліб, у выніку якога загінулі 22 дзіцяці і 6 настаўнікаў, можна лічыць ваенным злачынствам. Пан Гі Мун заклікаў да неадкладнага расьсьледаваньня таго, што здарылася.
Прадстаўнік ААН распаўсюдзіў заяву аб тым, што Генэральны сакратар быў «шакаваны» паведамленьнямі пра авіяўдар па адной са школаў у правінцыі Ідліб, у выніку якога загінулі 28 чалавек, у тым ліку 22 дзіцяці.
«Калі гэта было наўмыснае дзеяньне, яно можа быць прыраўнаванае да ваеннага злачынства», — гаворыцца ў заяве. У ёй падкрэсьліваецца, што Генэральны сакратар ААН «заклікае да неадкладнага і бесстароньняга расьсьледаваньня гэтага ды іншых падобных нападаў на цывільнае насельніцтва ў Сырыі».
Белы дом у чацьвер таксама заявіў, што або ўрад Сырыі, або ўрад Расеі нясе адказнасьць за авіяўдар у Ідлібе, у выніку якога была разбураная школа.
«Мы пакуль ня ведаем, быў гэта ўдар рэжыму Асада ці расейцаў, якія праводзілі авіяўдар, але мы ведаем, што гэта быў адзін з двух, — сказаў прадстаўнік Белага дома Джош Эрнэст. — Нават калі гэта быў рэжым Асада, ён у стане выконваць гэтыя віды нападаў, таму што падтрымліваецца расейскім урадам».
Раней афіцыйны прадстаўнік МЗС Расеі Марыя Захарава аспрэчвала заявы праваабаронцаў і заходніх дыпляматаў пра тое, што Расея або Сырыя ажыцьцявілі гэты авіяўдар, назваўшы абвінавачаньні «хлусьнёй».
«Расейская Фэдэрацыя ня мае нічога агульнага з гэтай страшнай трагедыяй і з гэтым нападам», — заявіла Захарава. У Мінабароны Расеі сьцьвярджаюць, што аэрафотаздымка з расейскага бесьпілётніка ў правінцыі Ідліб не знайшла сьлядоў авіяўдару па ўстанове.
За апошнія два тыдні ў Сырыі абстралялі пяць школаў, у тым ліку дзьве (у горадзе Думар і на захадзе Алепа) — у чацьвер.
Правінцыя Ідліб знаходзіцца пад кантролем сілаў апазыцыі. Тэлеканал Al-Jazeera паведаміў, што Сырыйскі цэнтар маніторынгу выкананьня правоў чалавека абвінавачвае ў атацы на школу расійскія паветраныя сілы або авіяцыю Башара Асада. У афіцыйнай заяве UNICEF няма абвінавачаньняў у адрас гэтых бакоў.