Пакуль намесьнік прэмʼер-міністра, міністар разьвіцьця Польшчы Матэвуш Маравецкі сустракаўся ў Менску з афіцыйнымі асобамі, уключаючы Аляксандра Лукашэнку, намесьнік міністра замежных спраў Марэк Зюлкоўскі, які таксама быў у складзе дэлегацыі, размаўляў з прадстаўнікамі дэмакратычных сіл.
«Я выказаў польскаму дыплямату нашае бачаньне сытуацыі», — сказаў Свабодзе старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:
«Цяпер галоўны грантаатрымальнік заходняй дапамогі — гэта беларускія ўлады. Канечне, гэта грошы падаткаплатнікаў Эўрапейскага Зьвязу. Але калі 300 тысяч эўра ідзе на судовую сыстэму, а 7 мільёнаў на мясцовае самакіраваньне, то мы проста мусім сказаць, што ні першага, ні другога ў Беларусі няма. Таму гэта інвэстыцыі ў 13-ты заробак беларускага чыноўніка, які кансэрвуе сытуацыю. Гэта інвэстыцыі ў палітычных кілераў у судовай мантыі, якія робяць тое ж самае, што рабілі і 5, і 10 гадоў таму.
Я казаў спадару Зюлкоўскаму: што найгалоўнейшае для беларусаў? Свабодныя і справядлівыя выбары. Вось тое пытаньне, па якім павінна быць вялікая кааліцыя з удзелам Эўрапейскага Зьвязу і, канечне, Польшчы — як краіны, якая доўгі час была пасьлядоўнай і прынцыповай у адносінах да сытуацыі ў Беларусі.
Мы казалі: хто будзе абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі? Ня ўлады, не Чырвоны дом, не Аляксандар Лукашэнка. Гэта — праэўрапейска настроеныя грамадзяне. А вось яны сёньня далёка не заўжды разумеюць стратэгію Эўразьвязу, у тым ліку і Польшчы, якая рэалізоўваецца ў Беларусі».
Сярод удзельнікаў сустрэчы з польскім дыпляматам была і сустаршыня грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч:
«Я казала пра тое, што нам трэба мець больш Эўропы ў Беларусі. Неабходна ствараць магчымасьці для больш цеснай каапэрацыі з Польшчай у эканоміцы, культуры, адукацыі, экалёгіі і энэргетыцы. А таксама дамагацца таго, каб і ў сфэры палітыкі пазыцыі афіцыйнага Менску і беларускай апазыцыі перасякаліся».
Караткевіч сказала, што намесьнік міністра адзначыў наяўнасьць невялікага прагрэсу ў палітычнай сфэры. Менавіта станоўчы палітычны клімат спрыяе разьвіцьцю дыялёгу паміж дзьвюма краінамі.
Прадстаўнікі дэмакратычных сіл, сярод якіх былі таксама Юрась Губарэвіч, Ганна Канапацкая, Уладзімер Някляеў ды іншыя, нагадалі Марэку Зюлкоўскаму, што беларусы таксама зацікаўленыя ў рэальных эканамічных рэформах. Але ўстойлівы характар гэтых рэформаў магчымы толькі пры наяўнасьці палітычных рэформаў унутры краіны.
Што тычыцца візыту Матэвуша Маравецкага, то, як ужо паведамляла Свабода, ён заявіў, што Беларусі і Польшчы неабходна ўзмацняць эканамічнае супрацоўніцтва на ўзроўні малых і сярэдніх прадпрыемстваў. Польшча таксама гатовая ўдзельнічаць у прыватызацыі некаторых беларускіх прадпрыемстваў.