Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Правацэнтрысты заклікаюць 7 лiстапада выходзiць на акцыю да будынку КДБ


Правацэнтрысцкая кааліцыя плянуе правесьці 7 лістапада жалобную акцыю ў памяць ахвяраў камуністычных рэпрэсіяў.

Як заявіў старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, правацэнтрысты лічаць дзень кастрычніцкага перавароту 7 лістапада Днём памяці і жалобы.

Палітыкі заклікаюць выходзіць а 12-й да будынку КДБ і запальваць зьнічы. Пасьля мяркуецца правесьці жалобнае шэсьце да парку Чалюскінцаў.

«Мы будзем падаваць заяўку на правядзеньне масавага мерапрыемства, але акцыя адбудзецца ў кожным разе», — падкрэсьліў Губарэвіч.

Правацэнтрысты заклікаюць усіх далучацца да гэтай акцыі.

«Мы запрашаем усіх, хто падзяляе фармат гэтай акцыі і мае жаданьне ўзяць удзел. 7 лістапада — дзяржаўнае сьвята, якое засталося нам у спадчыну ад СССР. Новае пакаленьне ўжо дакладна не разумее, хто былі тыя правадыры рэвалюцыі, за якія ідэалы яны змагаліся. Наша задача — зрабіць так, каб новае пакаленьне беларусаў разумела, да чаго прывялі тыя падзеі 7 лістапада. Для нас гэта Дзень памяці і жалобы», — сказаў Губарэвіч.

Віталь Рымашэўскі заклікаў прыходзіць да будынку КДБ з партрэтамі рэпрэсаваных сваякоў:

«Прыходзьце з партрэтамі гэтых сваякоў. Мы заклікаем далучацца ўсіх неабыякавых людзей, асабліва тых, сваякі якіх сядзелі або былі закатаваныя ў гэтай вязьніцы (маецца на ўвазе СІЗА КДБ. — РС), або былі сасланыя ў лягеры, або расстраляныя ў Курапатах ці на тэрыторыі сучаснага парку Чалюскінцаў».

Анатоль Лябедзька, у сваю чаргу, сказаў, што ў акцыі ёсьць ня толькі гістарычны, але і сучасны аспэкт.

«Таталітарны рэжым, які быў у савецкія часы, і сёньняшняя сыстэма — гэта блізкія ідэалягічныя сваякі. Таму гэтая акцыя — гэта добрая магчымасьць таксама нагадаць пра справы скрадзеных і забітых беларускіх палітыкаў і журналістаў сучаснасьці — Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадзкага», — сказаў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG