Віцэ-прэм’ер Рэспублікі Польшча Матэвуш Маравецкі выступіў з артыкулам у газэце «Советская Белоруссия» з нагоды эканамічнага форуму «Добрасуседзтва-2016».
«Сёлета мы сьвяткуем 25-годзьдзе незалежнасьці Беларусі, — піша Маравецкі. — На працягу чвэрці стагодзьдзя мы зьяўляемся раўнапраўнымі партнэрамі, якія імкнуцца выстройваць стасункі — палітычныя, эканамічныя і міжасабовыя — з карысьцю для абедзьвюх дзяржаў і грамадзтваў. За гэты час у нашых узаемадачыненьнях былі розныя пэрыяды, але адзін факт застаецца нязьменным: Польшча і Беларусь былі, ёсьць і будуць суседзямі, якія паважаюць адзін аднаго. Такім мусіць быць фундамэнт нашых стасункаў, незалежна ад каньюнктуры і палітычных плыняў».
Паводле Маравецкага, урад Польшчы робіць захады ў разьвіцьці беларуска-польскага супрацоўніцтва, што ўпісваецца ў працэс паляпшэньня стасункаў між Беларусьсю і Захадам. Ён адзначае, што дынаміка двухбаковых візытаў сёлета значна вышэйшая, чым цягам апошніх 10 гадоў (у красавіку Беларусь наведаў міністар замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі, гэта быў першы візыт такога ўзроўню за 7 гадоў. — РС).
Варшава — Менску: «Ня бойцеся нас, мы ня хочам рэвалюцыяў»
Польская філязофія грунтуецца на перакананьні, што нармалізацыя польска-беларускіх стасункаў павінна быць усебаковым працэсам, які ахоплівае ўсе сфэры
«Польская філязофія грунтуецца на перакананьні, што нармалізацыя польска-беларускіх стасункаў павінна быць усебаковым працэсам, які ахоплівае ўсе сфэры, — заяўляе віцэ-прэм’ер Польшчы. — У нашых стасунках ёсьць больш і менш складаныя пытаньні, але я перакананы, што пры наяўнасьці добрай волі, добрасумленнай працы і пэўнай долі цярпеньня мы зможам максымальна разьвіць найбольш пэрспэктыўныя сфэры і вырашыць усе складаныя пытаньні».
Ён кажа, што эканамічны абарот між Беларусьсю і Польшчай ужо прыкметны і прыносіць канкрэтныя вынікі, але пляны могуць і мусяць быць больш маштабнымі. На першае паўгодзьдзе 2016 году Польшча — трэці па велічыні таваразвароту гандлёвы партнэр Беларусі і дзясяты сярод інвэстараў (таваразварот Беларусі падае з 2013 году, прычым падае ва ўсіх напрамках, у тым ліку з Эўразьвязам. — РС).
У апошнія месяцы расьце экспарт польскіх харчовых тавараў. Наступнымі крокамі, піша Маравецкі, мусяць стаць інвэставаньне ў сэктар перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі, стварэньне супольных прадпрыемстваў, трансфэр абсталяваньня і тэхналёгіяў.
Польшча плянуе падвоіць экспарт у Беларусь харчоў, таньнейшых за беларускія
Таксама Польшча хоча разьвіць транспартныя магістралі, што зьвязваюць Захад і Ўсход, Поўнач і Поўдзень, хоча ўпісацца ў транскантынэнтальныя праекты кшталту «Адзін пояс, адзін шлях» (кітайскі праект у духу колішняга Шаўковага шляху), важнымі элемэнтамі якіх бачыць Варшаву і Менск. Апошнім часам, адзначае Маравецкі, прайшлі перамовы па аднаўленьні воднага шляху Дняпро — Вісла (асноўная частка работ на польскім баку, на Бугу між Варшавай і Берасьцем. — РС).
Мы гатовыя разьвіваць памежную інфраструктуру і ваколіцы пунктаў пропуску, каб агульная мяжа не падзяляла нас, а аб’ядноўвала, стварала новыя магчымасьці і змушала партнэраў з абодвух бакоў да супрацоўніцтва.
«Мы таксама гатовыя разьвіваць памежную інфраструктуру і ваколіцы пунктаў пропуску, каб агульная мяжа не падзяляла нас, а аб’ядноўвала, стварала новыя магчымасьці і змушала партнэраў з абодвух бакоў да супрацоўніцтва, — дадае Маравецкі. — Я разьлічваю на тое, што апэратыўнае ўзгадненьне дагаворна-прававой базы — перш за ўсё падпісаньне паміж Польшчай і Беларусьсю дамовы аб прававых дачыненьнях на мяжы — адкрые шлях для канкрэтных дзеяньняў».
На сёлетні форум у Беларусь прыбылі прадстаўнікі сотні польскіх кампаніяў, што ў некалькі разоў больш, чым на ранейшыя. Маравецкі разьлічвае на тое, што польскія суб’екты правядуць аб’ектыўнае дасьледаваньне рынку і інвэстыцыйных магчымасьцяў. Польскі фінансавы сэктар настолькі разьвіты, што можа дапамагчы беларускім кампаніям выйсьці на эўрапейскі і ўсясьветны рынкі, піша ён.
Віцэ-прэм’ер заклікае рэалізаваць новыя беларуска-польскія праекты ў галінах будаўніцтва і зялёных тэхналёгіяў, бо пакуль існуюць толькі «ня вельмі вялікія праекты», якія «паказваюць патэнцыял супрацы».
Дзякуючы падпісанай летам дамове пра супрацоўніцтва ў галіне адукацыі між Польшчай і Беларусьсю можна будзе ажыцьцяўляць міжнародны абмен навучэнцаў, найперш у памежных рэгіёнах, пры жаданьні абодвух бакоў. Гэта выгадная інвэстыцыя ў будучыню, лічыць Маравецкі.