Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія гульні як дымавая заслона


Алег Дашкевіч
Алег Дашкевіч

Менск прыме другія Эўрапейскія Алімпійскія гульні 2019.

Трэба сказаць, што падобныя масавыя й папулярныя мерапрыемствы аўтарытарная ўлада любіць і шануе, бо іхнае сьвятло абяляе любы падобны рэжым.

Раптам, хоць і не надоўга, яны робяцца сваімі сярод цывілізаваных краін. Зьнікаюць праблемы правоў чалавека, фальшывых выбараў, свабоды СМІ, заплюшчваюцца вочы на паходжаньне грошай і схемы фінансаваньня форуму. Таму і правядзеньне такіх праектаў прапануецца тым краінам, дзе ўсе выдаткі бярэ на сябе дзяржава-прымальніца, умешвацца ў дзеяньні якой не прынята.

Прыклад – Азэрбайджан, які з помпай правёў першы такі форум. Міжнародная супольнасьць заплюшчыла вочы на працэсы супраць азэрбайджанскіх праваабаронцаў, апазыцыянэраў і незалежнае прэсы.

Нідэрлянды адмовіліся ад правядзеньня Эўрапейскіх гульняў, бо палічылі, што ня маюць дастаткова грошай. Беларусь таксама ня надта каб мае, але справа ў тым, што схемы іхнай акумуляцыі і справаздачнасьць у Нідэрляндах і ў Беларусі розныя.

Нідэрляндзкія кіраўнікі праекту перадусім падкантрольныя грамадзтву. Апазыцыя і прэса будуць актыўна цікавіцца, калі ўзьнікнуць найменшыя пытаньні да паходжаньня грошай, і арганізатарам прыйдзецца адказваць на іх.

Беларуская ўлада ў гэтым сэнсе здаваць справу нікому ня будзе.

Апроч таго, буйныя спартовыя форумы служаць і палітычным мэтам. Правядзеньне Чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 у Менску, дзе замежнікі на розныя галасы ўслаўлялі добрую арганізацыю спаборніцтваў, парадак пад час іх правядзеньня й пабудаваныя да гэтае дзеі спартовыя й грамадзкія аб'екты – арэны, гатэлі, менскі аэрапорт, сталася адной з акалічнасьцяў, якая дазволіла ўладам бесьперашкодна для сябе неўзабаве правесьці прэзыдэнцкія выбары 2015, якія хоць і былі прызнаныя несправядлівымі й непразрыстымі, але асаблівага галаўнога болю Лукашэнку не прынесьлі.

Другія Эўрапейскія гульні могуць паслужыць дымавой заслонай для адносна спакойнага правядзеньня кампаніі прэзыдэнцкіх выбараў 2020 альбо на тле перамог беларускага спорту дапамогуць зрабіць вызначальную палітычную камбінацыю, пра якую шмат гавораць апошнім часам, пад час якой мы, магчыма, пачуем гучную заяву, накшталт Ельцынскай – «я стаміўся, я сыходжу» і перадаць уладу камусьці з сыноў, пляменьнікаў, наступнікаў альбо, у залежнасьці ад сытуацыі, папросту аддаць яе маскоўскаму сюзэрэну.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG