Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Эўрапейскія гульні цікавыя толькі аўтарытарным дзяржавам — каб пацешыць свой гонар», — Янукевіч


Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

Улады Беларусі абвесьцілі, што ў 2019 годзе краіна прыме другія Эўрапейскія гульні. Сваёй думкай пра абгрунтаванасьць такога рашэньня падзяліўся старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Палітык лічыць, што сама працэдура прыняцьця рашэньня аб правядзеньні ў Беларусі другіх Эўрапейскіх гульняў выклікае сур’ёзныя сумневы: рашэньне прымалася без шырокага грамадзкага абмеркаваньня.

«Улады хочуць любой цаной правесьці ў Беларусі спартовае мерапрыемства, падобнае маштабам да хакейнага чэмпіянату 2014 году, які сапраўды прайшоў пасьпяхова і зь якога іміджавыя бонусы атрымала і краіна, і ўлада. Але выглядае так, што ў гэтым выпадку плюсаў для краіны ўвогуле не прадбачыцца, бо Эўрапейскія гульні зьяўляюцца ў міжнародным спартовым календары падзеяй нават не другога, а трэцяга шэрагу. Спадзявацца на прыцягненьне ў краіну турыстаў падчас гэтых спаборніцтваў не выпадае», — сьцьвярджаецца ў заяве лідэра Партыі БНФ Аляксея Янукевіча.

БНФ нагадвае, што «мінулыя гульні ў Баку запомніліся непамерна разьдзьмутым бюджэтам і нізкім узроўнем спартовых вынікаў — найбольш моцныя спартоўцы іх праігнаравалі».

Янукевіч лічыць, што эканамічна Эўрапейскім гульням наканавана быць стратнымі, а вось новыя карупцыйныя скандалы пры іх падрыхтоўцы магчымыя.

«Эўрапейскія гульні не зьяўляюцца тым спаборніцтвам, за гонар правядзеньня якога краіны зацята змагаюцца, накшталт Алімпіяд ды чэмпіянатаў сьвету і Эўропы. Наадварот, заможная Галяндыя ад правядзеньня гэтага турніру адмовілася. Хіба ў Беларусі эканамічныя магчымасьці праводзіць гэтае мерапрыемства большыя за галяндзкія? Ды не! Папросту гульні гэтыя, напэўна, цікавыя толькі аўтарытарным дзяржавам — каб пацешыць свой гонар», — кажа Янукевіч.

Ва ўмовах крызісу ад падобнага кшталту праектаў Беларусі варта было адмаўляцца, лічыць палітык.

Першыя Эўрапейскія гульні адбыліся ў чэрвені 2015 году ў Баку. У іх удзельнічалі спартоўцы з 50 краінаў, спаборніцтвы праводзіліся па 30 відах спорту. Яны абышліся краіне ў 1,2 мільярда даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG