Эўрапейскія гульні, якія маюць адбыцца ў Беларусі ў 2019 годзе, наўрад ці абыдуцца танна беларускаму бюджэту. Такое меркаваньне ў інтэрвію Свабодзе выказаў аглядальнік спартовага бізнэсу Антон Рогач.
— Эўрапейскія гульні — што гэта за зьява ў спартовым сьвеце?
— Эўрапейскія гульні дагэтуль праводзіліся аднойчы — у Азэрбайджане, у Баку, у 2015 годзе. І гэта былі ня самыя моцныя спаборніцтвы, бо спартовы каляндар вельмі насычаны і новы вялікі форум ніяк ня ўпісваецца ў яго. Гэтыя гульні былі патрэбныя Азэрбайджану, таму што гэтая краіна неаднойчы змагалася за права прыняць сапраўдныя Алімпійскія гульні, але не магла перамагчы. Таму для рэалізацыі амбіцыяў Баку было патрачана вельмі шмат грошай. Называліся сумы ў 3–5 мільярдаў даляраў — гэта вельмі шмат нават для Алімпійскіх гульняў.
— Ці высока наагул цэняцца гэтыя гульні сярод спартсмэнаў?
— Каб было зразумела, давайце правядзем паралелі. Вось у футболе ёсьць такія агульнавядомыя турніры, як чэмпіянат сьвету і чэмпіянат Эўропы. Алімпійскія гульні можна параўнаць з чэмпіянатам сьвету па футболе, але Эўрапейскія гульні з чэмпіянатам Эўропы — ужо не, яны будуць значна ніжэйшыя паводле статусу. Бо вядома, што на чэмпіянат Эўропы па футболе прыяжджаюць самыя моцныя спартоўцы, а вось у Эўрапейскіх гульнях далёка ня факт, што прыедуць самыя моцныя спартоўцы ў сваіх відах спорту. Асабліва гэта тычыцца гульнявых відаў спорту, прадстаўнікі якіх на Эўрапейскія гульні нават глядзець ня хочуць, для іх Эўрапейскія гульні маюць вельмі нізкі статус. Прынамсі, мелі раней, але я ня думаю, што нешта тут зьменіцца да 2019 году.
— Першы віцэ-прэзыдэнт НАК Беларусі Максім Рыжанкоў заявіў, што гэтае мерапрыемства будзе каштаваць Беларусі ўсяго некалькі дзясяткаў мільёнаў даляраў. Ці рэальная гэтая лічба?
— Гэта была вельмі аптымістычная заява з боку Максіма Рыжанкова. Некалькі дзясяткаў мільёнаў даляраў — гэта насамрэч няшмат, бо, напрыклад, бюджэт хакейнага клюбу «Дынама» — 20 мільёнаў даляраў. Але тады хочацца задаць адно пытаньне: калі гэта насамрэч так выгадна для краіны, то чаму ад права правесьці Эўрапейскія гульні адмовіліся тыя ж Нідэрлянды, дзе спорт значна больш камэрцыялізаваны і для якіх гэта было б яшчэ больш выгадна? Гэта што, такі крок дабрачыннасьці, што нам аддалі Эўрапейскія гульні, ці ўсё ж сытуацыя не такая вясёлкавая, як кажа спадар Рыжанкоў?
Гэта што, такі крок дабрачыннасьці, што нам аддалі Эўрапейскія гульні, ці ўсё ж сытуацыя не такая вясёлкавая, як кажа спадар Рыжанкоў?
— Рыжанкоў у інтэрвію заяўляе, што частку выдаткаў на Эўрапейскія гульні возьмуць на сябе эўрапейскія алімпійскія камітэты. Гэта сапраўды магчыма?
— У прынцыпе гэта магчыма. Такая схема ў спорце выкарыстоўваецца. Напрыклад, УЭФА ўносіць пэўную частку грошай пры правядзеньні турніраў пад сваёй эгідай. Але тут сытуацыя іншая. Усе гэтыя схемы яшчэ ня вызначаныя, нават ня вызначаныя віды спорту, якія будуць прысутнічаць на гульнях. То бок тэарэтычна гэта магчыма. Але як гэта будзе на практыцы — невядома. У любым выпадку, тое, што ўсё гэта будзе каштаваць некалькі дзясяткаў мільёнаў, — гэта вельмі сумнеўна. Хіба толькі беларусы на той момант ужо пачнуць бясплатна працаваць.
— Рыжанкоў заявіў, што відаў спорту на гульнях будзе роўна столькі, колькі дазваляе спартыўная інфраструктура Беларусі без укладаньня сродкаў у будоўлю новых арэн і палацаў. А якія віды спорту сучасная спартовая інфраструктура Беларусі дазваляе прымаць?
— На жаль, хакей нельга ўключыць у летнія гульні (сьмяецца). У нас ёсьць «Менск-Арэна» і «Чыжоўка-арэна» — там можна зрабіць добрыя гульнявыя залі для гандболу, баскетболу, міні-футболу і інш. Ёсьць футбольныя стадыёны, хоць статус футболу на Эўрапейскіх гульнях вельмі нізкі. Ёсьць велатрэк на «Менск-Арэне». Напэўна, будуць задзейнічаныя і рэгіянальныя пляцоўкі — мы памятаем, што падчас чэмпіянату сьвету па футзале былі задзейнічаны і Пінск, і Маладэчна. У прынцыпе, можна некалькі дзясяткаў відаў спорту задзейнічаць на Эўрапейскіх гульнях.