Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў
Карбалевіч: 21-22 кастрычніка ў Мінску адбылася Генэральная асамблея Эўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, падчас якой было прынятае рашэньне даць Беларусі права правядзеньня другіх Эўрапейскіх гульняў у 2019 годзе.
Эўрапейскія гульні — гэта новая зьява ў вялікім спорце. Першыя Эўрапейскія гульні адбыліся толькі год таму ў Баку. Узровень прадстаўніцтва там быў ня вельмі высокі, то бок, не ўсе вядучыя спартоўцы туды прыехалі.
Пэўная інтрыга палягае ў тым, што плянавалася правядзеньне такіх гульняў у Расеі. Але скандал з допінгам, жорсткі канфлікт РФ з міжнароднымі спартовымі арганізацыямі зрабіў такі выбар краіны-гаспадыні гульняў немагчымым. І гэтае права перахапіў Менск.
Найперш, пра эканамічны бок гэтага пытаньня. Як паказвае вопыт правядзеньня падобнага роду маштабных міжнародных спаборніцтваў, выдаткі краіны-гаспадыні значна перакрываюць прыбытак. Усім памятныя пратэсты па гэтай прычыне насельніцтва Бразыліі супраць правядзеньня там Алімпіяды. Багатая Галяндыя адмовілася ад Эўрапейскіх гульняў, таму што там улада дае справаздачу перад народам за расходаваньне дзяржаўных грошай. У Беларусі ж такой справаздачы ніхто не патрабуе, улада мае поўную свабоду марнаваць фінансавыя рэсурсы па сваім меркаваньні і капрызе.
Беларускі досьвед пацьвярджае стратнасьць такіх мерапрыемстваў.
І ўласна беларускі досьвед пацьвярджае стратнасьць такіх мерапрыемстваў. Не пасьпелі расхлябаць страты ад чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 года (пустыя і недабудаваныя гатэлі і інш.), як на табе ізноў. Як прызнаў першы віцэ-прэзыдэнт НАК Беларусі Максім Рыжанкоў, «у плюс мы не выйдзем дакладна».
Колькі гэта будзе нам каштаваць? Першы намесьнік міністра спорту і турызму Беларусі Аляксандар Гагіеў у інтэрвію «Советской Белоруссии » (22.10) заявіў, што першыя Эўрапейскія гульні, якія прайшлі ў Баку, абышліся Азэрбайджану ў $5 млрд, а Беларусь выдаткуе толькі $40 млн. Чыноўнікі спасылаюцца на тое, што у Беларусі ўся інфраструктура ўжо існуе, а ў Баку давялося ўсё будаваць амаль з нуля. Але як такое можа быць — цяжка ўявіць. Бо ў Менску няма нават стадыёна, зборная па футболу гуляе хатнія матчы ў Барысаве.
Цікавы яшчэ такі сюжэт. Справа ў тым, што яшчэ раней было прынятае рашэньне правесьці ў Менску ў тым жа 2019 годзе Эўрапейскі юнацкі алімпійскі фэстываль. І ўзьнікла пытаньне: што рабіць? Бо два такіх важных міжнародных спартовых мерапрыемствы ў адным горадзе — гэта зашмат. Беларускія спартовыя чыноўнікі упэўнена заяўляюць, што юнацкі фэстываль трэба перанесьці ў іншае месца. Таксама пра гэта заявіў выконваючы абавязкі прэзыдэнта Эўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Янэз Качыянчыч.
Але Лукашэнка гатовы правесьці абодва мерапрыемствы ў Менску. «Мы таксама паглядзім на гэтыя спаборніцтвы. Можа, у нас атрымаецца, калі гэта не супярэчыць духу, мы, можа быць, правядзем іх у Беларусі і сьледам правядзем нашу Алімпіяду (Так ён называе Эўрапейскія гульні — ВК). Гэта як зручней вам», — заявіў кіраўнік Беларусі, зьвяртаючыся да кіраўніцтва Эўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў.
Цікава, што афіцыйныя чыноўнікі кажуць, што правядзеньне згаданых гульняў — гэта крок па інтэграцыі ў Эўропу. І Лукашэнка заявіў: «Вельмі хачу, каб нашая эўрапейская арганізацыя ні ў якім разе не саступала арганізацыям іншых кантынэнтаў, у тым ліку Міжнароднаму алімпійскаму камітэту. Я ў гэтых адносінах нацыяналіст і патрыёт». Маецца на ўвазе, патрыёт Эўропы.
Але ці варты палітычны піяр эканамічных стратаў? І ці ўдасца атрымаць палітычныя дывідэнды, адэкватныя высілкам?
Дракахруст: Адназначна адказаць на гэтае пытаньне даволі цяжка, бо прэстыж, рэпутацыя — рэчы нематэрыяльныя, іх не вымераеш наўпрост грашыма. Але што тычыцца матываў, то я з вамі, Валер, згодны — на першым месцы меркаваньні прэстыжу.
Акрамя іншага, гэта яшчэ і жэст у бок Эўропы і маленечкая шпілька расейцам — у іх гульні адабралі, а мы падхапілі, мы большыя эўрапейцы, чым яны.
Гэта можа паспрыяць і разьвіцьцю турызму.
Ёсьць яшчэ піяр краіны. Прыедзе пэўная колькасьць заўзятараў, камусьці спадабаецца, хтосьці потым і сам па сабе прыедзе, ня ў сувязі са спартовым спаборніцтвам. Так што гэта можа паспрыяць і разьвіцьцю турызму.
Ну і нарэшце гэта сьвята для народу, ня надта сьвятамі балаванага. Я памятаю, што калі быў чэмпіянат сьвету па хакеі, настрой беларусаў быў у цэлым станоўчы: прыехала шмат замежнікаў, было шмат відовішчаў, гэта было цікава. Мне здаецца, што ў адрозьненьні ад Бразыліі, пра якую вы, Валер, прыгадалі, не было такога масавага настрою, што, маўляў, дарма змарнавалі народныя грошы, людзям жыць няма на што, а на такія відовішчы грошы знаходзяцца.
Мне па шчырасьці цяжка сказаць, ці скампэнсуе адно другое, нематэрыяльныя выгады — матэрыяльныя выдаткі.
Цыганкоў: Я вельмі крытычна гляджу на пэрспэктыву правядзеньня гэтых гульнях — найперш паводле спартовых і эканамічных прычынаў. Эўрапейскія гульні — на сёньня мала каму вядомае ў той самай Эўропе спаборніцтва, куды прыяжджаюць спартоўцы другога ці нават трэцяга ўзроўню. Гэта як і кіназоркі ня першай сьвежасьці, кшталту Стывэна Сігала.
Гэта ставіць пад сумнеў прыезд вялікай колькасьці турыстаў на гэтыя гульні — хто захоча ехаць у іншую краіну глядзець на другарадных спартоўцаў? Вынікі, якія былі паказаныя ў Баку, былі вельмі нізкія. Невыпадкова першыя гульні прыняў Азербайджан, а Галяндыя адмовілася ад другіх, пашкадавала грошы. І іх падхапіў Менск.
Гэтыя гульні — цацка для аўтарытарных кіраўнікоў.
Гэтыя гульні — цацка для аўтарытарных кіраўнікоў. Калі і паспрабаваць прыдумаць нейкі ўмоўны пазытыў, магчыма, да гэтых гульняў нарэшце рэканструююць стадыён «Дынама». Ужо ня будзе магчымасьці пераносіць усе тэрміны.
Але агулам на гэтыя гульні грошы будуць патрачаныя вялікія, а эфэкт для дзяржавы атрымаецца вельмі сумнеўны, нават палітычны і ідэалягічны эфэкт. Тое, што беларускія чыноўнікі кажуць пра дзясяткі мільёнаў — гэта манілаўшчына. Выдаткаў будзе больш.
І нарэшце, наконт успрыманьне гэтых гульняў насельніцтвам. Паглядзіце на форумы ва ўсіх СМІ, як ставіцца публіка да гэтай ідэі, ня толькі, скажам, у «Нашай Ніве», але і на TUT. BY. Абсалютная большасьць — нэгатыўныя меркаваньні, усё ж такі крызіс робіць сваю справу.
Да таго ж, гэта не чэмпіянат сьвету па хакеі ў 2014-ым, які быў да крызісу, і на які прыехалі сапраўды найлепшыя хакеісты сьвету. А тут будуць эканамічныя выдаткі, неадпаведныя палітычнаму і прапагандысцкаму эфэкту.