Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВВС: другія Эўрапейскія гульні пройдуць у Менску, папярэднія абышліся Азэрбайджану ў 1,2 мільярду даляраў


Менск абраны сталіцай Другіх Эўрапейскіх гульняў, пра што заявіў сёньня выканаўца абавязкаў прэзыдэнта эўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Янэз Качыянчыч.

Эўрапейскія гульні — гэта рэгіянальныя міжнародныя спаборніцтвы, у якіх бяруць удзел спартоўцы з краінаў Эўрапейскага кантынэнту.

Зь ідэяй правядзеньня эўрапейскіх гульняў па асноўных алімпійскіх відах спорту выступіў у 2011 годзе старшыня Эўрапейскага алімпійскага камітэту Патрык Хікі, ініцыятыва была падтрыманая прэзыдэнтам Міжнароднага Алімпійскага камітэту Жакам Роге.

Першыя гульні адбыліся ў чэрвені 2015 году ў Баку. У іх удзельнічалі спартоўцы 50 краінаў, спаборніцтвы праводзіліся па 30 відах спорту.

Другія гульні плянавалася правесьці ў Нідэрляндах (у Амстэрдаме, Гаазе, Ратэрдаме), аднак Нідэрлянды адмовіліся ад іх правядзеньня. Пасьля гэтага жаданьне прыняць у сябе Другія Эўрапейскія гульні выказвалі Менск, Глазга (Вялікая Брытанія). Познань (Польшча), Казань і Сочы (Расея) і Стамбул (Турэччына).

Сёньня ВВС, паведамляючы пра рашэньне правесьці другія Эўрапейскія гульні ў Менску, нагадвае, што першыя гульні ў Баку абышліся Азэрбайджану ў 1,2 мільярды даляраў.

«Ад такога спорту сьмярдзіць» — пракамэнтаваў летась гульні ў Баку праваабаронца Алесь Бяляцкі, зьвярнуўшы ўвагу, што напярэдадні паводле сфабрыкаваных спраў былі асуджаныя палітычныя актывісты, праваабаронцы і незалежныя журналісты.

Дарэчы, у адкрыцьці гульняў у Баку ўзяў удзел і Аляксандар Лукашэнка, які адмыслова дзеля гэтай мэты прыляцеў у сталіцу Азэрбайджану.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG