Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны любяць Расею і цікавяцца зброяй», — расейскі нацыст Мільчакоў расказаў пра беларусаў, якіх ён трэніруе


Russia — Belarusians in russian nazi "Rusich" training camp
Russia — Belarusians in russian nazi "Rusich" training camp

Расейскі нацыст Аляксей Мільчакоў пацьвердзіў Свабодзе, што да яго на трэніроўку па тактычнай і агнявой падрыхтоўцы прыяжджала група беларусаў з 12 чалавек.

Учора баевікі атраду расейскіх нацыяналістаў «Русіч» выклалі ў сваёй суполцы «ЎКантакце» фота невядомых байцоў зь беларускім дзяржаўным сьцягам.

«На мінулым тыдні інструктары ДШВБ „Русіч“ правялі камэрцыйную трэніроўку па тактыцы і агнявой падрыхтоўцы для нашых сяброў зь Беларусі», — пішуць баевікі.

На фатаздымку зь беларускім сьцягам 14 чалавек, але твары відаць толькі ў двух зь іх — камандзіра «Русіча» Аляксея Мільчакова і, верагодна, ягонага намесьніка Яна Пятроўскага. Твары 11 байцоў на фота замазаныя (сярод іх відавочна ёсьць дзяўчына), яшчэ адзін апусьціў галаву.

У перапісцы са Свабодай Мільчакоў адмовіўся называць прозьвішчы беларусаў, якія езьдзілі да яго на трэніроўку, каб у іх не было праблемаў. Дзеля гэтага на фота і твары замазалі.

Паводле ягоных слоў, з парай чалавек з гэтай групы Мільчакоў быў знаёмы раней — у 2014 годзе, калі «Русіч» ваяваў на Данбасе, яны дапамаглі баевікам «гуманітаркай». «Яны і зацікавілі астатніх», — кажа расейскі нацыст.

На пытаньне карэспандэнта Свабоды, ці прадстаўляе гэтая група беларусаў нейкую арганізацыю ці рух, Мільчакоў адказаў адмоўна.

«Гэта не арганізацыя і ня рух. Гэта звычайныя дробныя і сярэднія прадпрымальнікі, тыя, хто любіць Расею і якія цікавяцца зброяй», — кажа ён.

Наяўнасьць нейкіх агрэсіўных плянаў з удзелам гэтых беларусаў Мільчакоў адмаўляе — быццам бы трэніруюцца самі для сябе, для агульнага разьвіцьця.

Праўда, у камэнтарах да фатаздымку з трэніроўкі Мільчакоў ахарактарызаваў сваіх «сяброў зь Беларусі» больш выразна: «Прыхільнікі саюзу з Расеяй, якія могуць задушыць пры неабходнасьці праявы русафобіі».

Па словах Мільчакова, трэніроўка праводзілася з выкарыстаньнем сапраўднай зброі. «А чаму не? У нас у байцоў яна афіцыйна па ліцэнзіі», — кажа ён.

Як сказаў Мільчакоў, камэрцыйная трэніроўка каштуе 7 тысяч расейскіх рублёў з чалавека (у гэтую суму ўваходзіць экіпіроўка і расходнікі). Зьмест трэніроўкі можа карэктавацца на жаданьне замоўцы. Камандзір «Русіча» запэўніў, што і далей гатовы набіраць групы зь Беларусі.

Мільчакоў таксама пацьвердзіў Свабодзе інфармацыю пра тое, што ён набыў хату ў Віцебскай вобласьці. Паводле адной з вэрсіяў, менавіта дзеля гэтага ён прыяжджаў у Беларусь у канцы траўня. На пытаньне, ці праяўляюць беларускія спэцслужбы цікавасьць да яго ў сувязі з апошнімі падзеямі, Мільчакоў адказаў адназначна: «Не. Дый нагоды цікавіцца ў іх няма. Закон не парушаю».

Дывэрсійна-штурмавая выведная група «Русіч» — баявы атрад расейскіх нацыяналістаў, які браў удзел у вайне на Данбасе. За камандзірам «Русіча», 25-гадовым ураджэнцам Пецярбургу Аляксеем Мільчаковым (пазыўны «Сэрб», мянушка «Фрыц») цьвёрда замацавалася рэпутацыя нэанацыста і садыста.

У траўні вялікі розгалас набыла гісторыя пра тое, як беларускіх дзяцей зь Віцебску, Друцку і Талачына вазілі ў Расею на вайсковыя зборы, дзе за інструктараў былі баевікі групы «Русіч» і асабіста яе камандзір Аляксей Мільчакоў. Сам 25-гадовы Мільчакоў сказаў тады Свабодзе, што ў «Русіча» «вялікія інтарэсы, зьвязаныя зь Беларусьсю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG