Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто вінаваты ў гібелі 13-гадовай дзяўчыны «на бульбе»?


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Абмяркоўваюць Аляксандра Дынько, Уладзімер Глод і Віталь Цыганкоў.

Дынько: 29 верасьня на полі пад Маладэчнам загінула 13-гадовая дзяўчынка. Разам з аднаклясьнікамі на загад мясцовай адміністрацыі яе адправілі дапамагаць гаспадарцы зьбіраць бульбу. Дзяўчынка загінула пад коламі грузавіка. Кажуць, што ў яе былі праблемы з слыхам і яна проста не пачула папераджальнага гудку кіроўцы.

Адразу пасьля здарэньня журналісты сталі высьвятляць, як дзеці ў навучальны час маглі апынуцца на полі. Аказалася, што загад дапамагчы сельскагаспадарчым прадпрыемствам быў падпісаны кіраўніком Маладэчанскага райвыканкама Аляксандрам Яхнаўцом.

Сьведкі здарэньня расказваюць, што ў той дзень на полі было каля паўтысячы чалавек, зь іх чалавек 80 — школьнікі. Гэта 2-3 клясы сярэдняй школы. Апроч дзяцей, дапамагаць зьбіраць бульбу выклікалі будаўнікоў і беспрацоўных.

Журналісты высьветлілі, што, пасылаючы дзяцей «на бульбу», чыноўнікі парушылі адразу 6 законаў. Самы галоўны, якім мусілі кіравацца і аддзел адукацыі адміністрацыі, і школа, і настаўнікі — гэта артыкул 89 Кодэксу аб адукацыі, які забараняе прыцягваць навучальныя ўстановы да выкананьня работ, якія не прадугледжаныя навучальна-праграмнай дакумэнтацыяй. Апроч таго, маладзейшым за 18 гадоў любая праца дазволеная толькі пасьля мэдычнага агляду, а тым, каму ад 14 да 16, можна займацца толькі лёгкімі работамі. З 14 гадоў сапраўды можна працаваць, але па працоўнай дамове і толькі са згоды аднаго з бацькоў. А прыцягваць да працы дзяўчынку, якой толькі 13, увогуле ніхто ня меў права.

Сапраўды, практыка пасылаць школьнікаў і студэнтаў «у поле» існуе яшчэ з савецкіх часоў. Патлумачыць яе эфэктыўнасьць немагчыма нічым. Пры тым узроўні афіцыйнага і неафіцыйнага беспрацоўя, які ёсьць у Беларусі, цяжка адказаць на пытаньне, навошта існуе гаспадарка, якая не дае рады свайму ўласнаму ўраджаю. Няўжо ў будаўнікоў, якіх прыгналі на поле «зьбіраць бульбу», няма сваёй работы? Няўжо праца настаўнікаў больш патрэбная на бульбяным полі, чым у школьнай клясе?

У любой краіне ЭЗ адказныя чыноўнікі самі падалі б у адстаўку, не чакаючы, пакуль іх пра гэта папросяць

Найбольш уражвае рэакцыя на гэтую дзіцячую сьмерць, і ня толькі саміх чыноўнікаў. Я ўпэўненая, што ў любой краіне ЭЗ адказныя чыноўнікі самі падалі б у адстаўку, не чакаючы, пакуль іх пра гэта папросяць. Аднак беларускія чыноўнікі сталі апраўдвацца і абараняць сябе. Найбольш уразіла пазыцыя начальніцы аддзела адукацыі Маладэчанскага райвыканкама Іны Драпезы. На яе думку, школьнікі займаліся «грамадзка карыснай працай». Чыноўніца ня згадвае ўзросту дзяўчынкі, не выбачаецца перад яе бацькамі і перад усімі бацькамі, дзяцей якіх могуць адправіць на прымусовыя работы, а толькі абяцае «пакараць вінаватых».

Але дзівіць і рэакцыя грамадзтва. У камэнтарах пад матэрыяламі пра сьмерць дзяўчынкі людзі пішуць, што так, сапраўды, і школьнікаў, і студэнтаў, і настаўнікаў дагэтуль прымушаюць займацца такой «грамадзка карыснай» працай. Але ніхто ўголас не паўстаў супраць. І нават цяпер, калі загінула дзіця, спагнаць з Міністэрства адукацыі не наважваецца ніхто, запатрабаваць адстаўкі таксама.

Верагодна, адзіным вінаватым у гэтай справе будзе кіроўца таго самага грузавіка. Яму самому 22 гады. «Добры хлопчык», — кажа пра яго дырэктар гаспадаркі, у якой здарылася гэтая трагедыя.

І ўласна маё пытаньне: хто вінаваты ў сьмерці гэтай дзяўчынкі?

Глод: Мне здаецца, вытокі трагедыі трэба шукаць найперш у тым, што шмат хто ў Беларусі, уключаючы Аляксандра Лукашэнку, атаясамлівае сёньняшнюю Беларусь з БССР і Савецкім Саюзам, дзе праца дзяцей на ўборцы бульбы была звычайнай справай. Я і сам, калі вучыўся яшчэ ў шостай клясе, дапамагаў калгасу. Адзінае, выбіралі мы тады ня бульбу, а турнэпс. А пасьля была і работа на бульбе.

Памятаю, мы ставіліся да гэтага па-рознаму. Хтосьці сумленна выкопваў кожную бульбінку, хтосьці, наадварот, загортваў яе ботам у зямлю, каб лішні раз не нагінацца і радзей цягаць кошык ад баразны ў агульную кучу. Але ўражаньне было аднолькавае: нам знайшлі занятак на полі ня столькі каб дапамагчы калгасьнікам, колькі дзеля самога занятку.

Я думаю, што за гэты час у стаўленьні да дзіцячай працы ў Беларусі мала што зьмянілася. Хоць нашы ўлады і падкрэсьліваюць, што Рэспубліка Беларусь — прававая дзяржава. Але калі б гэта было так, дык як жа можна тады парушаць адначасова аж шэсьць ці сем законаў?!

Зразумела, што з нагоды сьмерці 13-гадовай вучаніцы завялі крымінальную справу. Пад сьледзтвам знаходзіцца кіроўца «МАЗа». Але ці ёсьць віна кіроўцы ў тым, што школьніца апынулася на ўборцы бульбы? Відавочна, што дастанецца дырэктару школы, кляснаму кіраўніку. Але ж зноў, не яны пасылалі дзяцей ў поле. Ім загадалі.

Разумеючы ўсё гэта, Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў Беларусі выступіў са спэцыяльнай заявай пра трагедыю. У ёй патрабуецца прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці «сапраўдных вінаватых трагедыі, якімі зьяўляюцца кіраўнікі двух міністэрстваў — сельскай гаспадаркі і харчаваньня і адукацыі, мясцовыя ўлады, а не кіроўца грузавіка і настаўнікі школы».

Аднак наўрад ці сьледзтва ўздымецца да такога высокага ўзроўню. Пракурор Маладэчанскага раёну Ўладзімер Дубоўскі гаворыць, што віна ці невінаватасьць кіроўцы «МАЗа» будзе ўстаноўленая ў рамках расьсьледаваньня крымінальнай справы. Але сьледзтва праверыць таксама дачыненьне да трагедыі работнікаў устаноў адукацыі Маладэчанскага раёну. Пракурор пакуль не гатовы сказаць, каго прыцягнуць або не прыцягнуць да адказнасьці — настаўнікаў СШ № 11 або супрацоўнікаў аддзелу адукацыі райвыканкаму.

Як бачыце, вышэй раённага ўзроўню пракурор не ўздымаецца.

Незалежныя прафсаюзы ў катэгарычнай форме запатрабавалі ад беларускіх уладаў «неадкладна і публічна забараніць прыцягненьне школьнікаў, студэнтаў і прадстаўнікоў любых іншых сацыяльных груп беларускага грамадзтва на сельскагаспадарчыя і іншыя работы, адмовіцца ад прымусу да ўдзелу ў суботніках... Інакш маладэчанская трагедыя здольная паўтарыцца зноў і зноў у розных месцах нашай краіны».

Міжнародная арганізацыя працы неаднойчы адзначала, што ў Беларусі выкарыстоўваецца прымусовая праца. Але ўлады дагэтуль не прывялі ў адпаведнасьць з Канвэнцыяй № 29 МАП адпаведныя законы, дэкрэты і ўказы прэзыдэнта. Ня думаю, што маладэчанская трагедыя нарэшце прымусіць іх пайсьці на карэнныя зьмены.

Я ўпэўнены, калі б нехта з бацькоў гэтых дзяцей, бо яны непаўналетнія, сказаў бы, што маё дзіця ні на якую бульбу ня пойдзе, нічога яму б не было

Цыганкоў: Мне здаецца, якраз варта сказаць, што гэта адзін з рэдкіх выпадкаў, калі беларускія ўлады баяцца Міжнароднай арганізацыі працы, і нашыя прафсаюзьнікі, якія з ёй супрацоўнічаюць, гэта актыўна выкарыстоўваюць. У мяне наогул перакананьне, што нейкія рэшткі незалежных прафсаюзаў на прадпрыемствах, якія спрабуюць адстойваць правы працоўных, існуюць толькі дзякуючы таму, што Беларусь у нейкай ступені слухаецца і баіцца гэтай міжнароднай структуры, бо ўнутры краіны нічога не перашкаджала б цяперашнім уладам раздушыць гэтыя незалежныя прафсаюзы і юрыдычна, і фактычна.

Што да нашай справы, то гэта паказьнік некалькіх рэчаў: перш за ўсё таго, як людзі ня ведаюць сваіх правоў і ня маюць традыцыі і жаданьня іх адстойваць. Яны не разумеюць, што правы — гэта ня толькі нейкая абстрактная апазыцыя, якая выходзіць на мітынгі, і бʼюць яе, і ў гэтым выяўляюцца правы чалавека. А правы — гэта якраз звычайнае штодзённае жыцьцё, у тым ліку і адпраўка дзяцей на бульбу. Аляксандра сказала, што чыноўнікі парушылі 6 законаў — але я ўпэўнены, калі б нехта з бацькоў гэтых дзяцей, бо яны непаўналетнія, сказаў бы, што маё дзіця ні на якую бульбу ня пойдзе, нічога яму б не было, як не было тым студэнтам, якія адмовіліся ісьці на датэрміновае галасаваньне. Ніхто іх не выганяе ні з унівэрсытэтаў, ні з інтэрнатаў. Гэта ня мітынг, а проста звычайны мінімальны грамадзянскі крок. І нават можна ўявіць сабе атмасфэру ў нейкай вёсцы, дзе такая культура паслухмянасьці, тое, што называецца патрыярхатам, людзі сапраўды слухаюцца ўладаў амаль безь перашкодаў. Але калі б бацькі — адзін, два, тры — праявілі элемэнтарную грамадзянскую пазыцыю, адказнасьць і грамадзянскую, і бацькоўскую, і сказалі б, што мае дзеці нікуды ня пойдуць, ніхто б ня мог іх прымусіць і пагражаць ім. Ва ўсякім разе, у мяне ёсьць такое перакананьне.

І таму трагедыя як паказьнік усяго стану Беларусі і з правамі чалавека, і эканамічнай бязглуздасьці сыстэмы, бо даўно даказана, што бясплатная рабская праца менш эфэктыўная, чым праца за грошы і падрыхтаваных людзей. Але беларускай сыстэме сельскай гаспадаркі гэта... Гэта «выхаваньне патрыятызму», гэта мае ня толькі эканамічны сэнс, а мае менавіта такі сэнс выхаваньня паслухмянасьці, такога калектывізму. Гэта тое, пра што неаднаразова казаў Аляксандар Лукашэнка, калі выказваўся пра калгасы.

Чаму мы захоўваем калгасы? Таму што гэта ня толькі эканоміка, а гэта структура нашага грамадзтва. Калі людзі ў такой ячэйцы, у такім калектыве, яны адпаведна выхоўваюцца, гартуюць сябе ў павазе да начальства, да дзяржавы. Таму вось такая павага і выяўляецца тым, што парушаюцца ўсе законы, 13-гадовых дзяцей адпраўляюць на бульбу, і яны там часам гінуць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG