Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казкі пра любоў, або ювэнальная юстыцыя ня пройдзе


Юлія Шарова, музычны кіраўнік у адным зь дзіцячых садкоў Менску.
Юлія Шарова, музычны кіраўнік у адным зь дзіцячых садкоў Менску.

Нядаўна я абедала ў папулярным менскім бістро. За суседнім столікам сядзела сярэдняга веку жанчына, якая ўсё не магла ўтаймаваць свайго маленькага сына. Той заходзіўся ў гістэрыцы і роў на ўсю залю. Маці ня вельмі імкнулася пераключыць яго ўвагу і ўрэшце адпусьціла дзіця рабіць што яно хоча. Дзіця гуляла паміж столікамі, шумела і прыставала да іншых наведнікаў. Для чалавека безь вялікага досьведу камунікацыі з малымі — нагода паслаць і дзіцяці, і ягонай матулі прамень чагосьці нядобрага.

Потым прыйшоў і тата — мужчына гадоў пяцідзесяці. Я ж сама для сябе падумала: час дзённага сну, таму гістэрыка цалкам вытлумачальная, а дзіця позьняе, таму, магчыма, крыху разбэшчанае. Мне падалося, што бацькі не спраўляюцца зь ім ды й ня вельмі хочуць спраўляцца — ім так зручна. Яны нібыта любяць сваё дзіця, умоўна любяць.

​Дзетацэнтрызм, распаўсюджаны ў большасьці разьвітых краінаў, прыйшоў у Беларусь адносна нядаўна. Недзе ў 1990-х гадах бацькі раптам даведаліся, што ў дзіцяці ёсьць правы, якія трэба шанаваць, што дзіця — маленькая асоба, што яно вартае лепшых прысмакаў, цацак і настаўнікаў, чым мелі беларускія бацькі ў свой час. Дзіця паступова стала цэнтрам сям’і і адукацыйнай сыстэмы.

Нахаміць пэнсіянэру ў аўтобусе, які зрабіў заўвагу вашаму малому — нармальная рэч, хай ня лезуць да нас са сваімі забабонамі.

Выхоўваць нашчадкаў дзягай цяпер мавэтон сярод прыстойных людзей. Выдаткі на цацкі і гаджэты набліжаюцца да выдаткаў на харчаваньне. Кідаць працу, або ісьці на месца з гнуткім графікам і маленькім заробкам — сьвятая справа, абы дзецям было шмат увагі. Працаваць на дзьвюх працах і бачыць гэтых дзяцей толькі па выходных — таксама сьвятая справа, на дзяцей жа зарабляем. Захоўваць шлюб, які даўно разваліўся — зноў дзеля дзяцей. Паскандаліць з выхавацелькай або настаўніцай, якая ня так паразмаўляла з крывіначкай — доўг і абавязак сучасных мамаў і татаў, гэта ж абарона дзіцяці. Нахаміць пэнсіянэру ў аўтобусе, які зрабіў заўвагу вашаму малому — нармальная рэч, хай ня лезуць да нас са сваімі забабонамі.

У гэтым сэнсе мы наблізіліся да Эўропы і Паўночнай Амэрыкі. З аднаго боку цудоўна, што мы перасталі ўспрымаць дзяцей як недасканалых дарослых, якіх трэба дацягнуць да свайго ўзроўню, каб яны сталі зручнымі і карыснымі ў гаспадарцы. Але наш, беларускі дзетацэнтрызм узяў ад заходняга грамадзтва толькі форму, з усімі плюсамі і мінусамі, а начыньне ў ім ад старой патрыярхальнай сям’і, прычым ня самае здаровае.

Ня так даўно я прысутнічала на бацькоўскім сходзе, на якім пэдагог-псыхоляг рабіла агляд знакамітага дэкрэту № 18 і тлумачыла, для чаго патрэбнае наведваньне сем’яў і чаму могуць узьнікнуць пытаньні, калі ў садку доўгі час не было ні таты, ні мамы, а малога штодня прыводзіць і забірае бабуля. Выявілася, што некаторыя з прысутных ня ведалі простых рэчаў: толькі яны зьяўляюцца законнымі прадстаўнікамі сваіх дзяцей, і такое ігнараваньне дашкольнай установы можа расцэньвацца як занядбаньне бацькоўскіх абавязкаў.

Больш за тое, даручаць бабулі суправаджэньне малога ў садок трэба толькі з паважнай прычыны. Напрыклад, з-за складанага працоўнага графіка. І гэта трэба задакумэнтоўваць тлумачальнымі запіскамі і заявамі.

Дэкрэт № 18 па-ранейшаму ўспрымаецца як безумоўна карны дакумэнт, пакліканы ўвесьці ў краіне ювэнальную юстыцыю, якой усе так баяцца.

У гэты момант слова «піпец» залунала сярод прысутных татаў і мамаў. Псыхолягу спатрэбілася шмат такту і цярпеньня, каб іх супакоіць і запэўніць, што ніхто ня будзе на іх залішне ціснуць. Мне тады падумалася, што дэкрэт № 18 па-ранейшаму ўспрымаецца як безумоўна карны дакумэнт, пакліканы ўвесьці ў краіне ювэнальную юстыцыю, якой усе так баяцца.

Беларуская сям’я па-ранейшаму гатовая песьціць і галубіць сваіх дзяцей на эўрапейскі манер, але пры гэтым пакідае за сабой права часам трэсьці іх як грушу, хай сабе маральна, бязь дзягі. Нават тыя сем’і, якім асабліва няма чаго хаваць, сьціскаюцца ад пэрспэктывы візыту сацыяльнага пэдагога, выхавацеля або настаўніка — маўляў, раптам засумняваюцца ў любові бацькоў да сваіх дзяцей.

Сказалі ехаць на бульбу — без праблемаў, а што загінула 13-гадовая дзяўчынка, дык гэта трагічная выпадковасьць.

Між тым яны абсалютна спакойна давяраюць дзяржаве сваіх нашчадкаў, калі «партыя загадала». Загадалі сагнаць школьнікаў на набажэнства з удзелам Аляксандра Лукашэнкі — дзеці дзьве гадзіны стаяць на жудаснай халадэчы, а потым іх мамы скардзяцца на форумах і ў сацыяльных сетках, што малыя пахварэлі. Сказалі ехаць на бульбу — без праблемаў, а што загінула 13-гадовая дзяўчынка, дык гэта трагічная выпадковасьць.

Дзеля ўмоўнай любові да сваіх дзяцей можна пасварыцца з выхавацелькай, а вось паваяваць з раённымі ці гарадзкімі ўладамі, або перавесьці дзіця ў іншую школу, з больш адэкватнай адміністрацыяй, бацькі не бяруцца. Ім так зручней, нават калі дзеці зьлягаюць з тэмпэратурай пасьля калектыўнай «Малітвы за Беларусь».

Дзеля зручнасьці наймаюць прыватных лягапэдаў і псыхолягаў — чамусьці плаціць спэцыялістам па выпраўленьні хібаў маўленьня атрымліваецца таньней, чым чытаць дзецям казкі на ноч, размаўляць з імі і і гуляцца. Пра гаджэты, безь якіх вельмі маленькае дзіця яшчэ можа пражыць, згадваць не будзем — зручней жа даць яму пляншэт, чым павесьці на прагулку. Ну, і ўсё ў такім стылі.

Беларуская сям’я ўсьведамляе найперш свае правы на дзіця, але абавязкі па яго паўнавартасным выхаваньні звыкла дэлегуе дзяржаве.

Беларуская сям’я ўсьведамляе найперш свае правы на дзіця, але абавязкі па яго паўнавартасным выхаваньні звыкла дэлегуе дзяржаве, як гэта было за савецкім часам, калі дзяржава менавіта ўмешвалася ў сям’ю і развальвала яе. Беларуская дзяржава ў сваю чаргу пабойваецца заяўляць правы на кантроль за выхаваньнем у сям’і і прапускае дзікія рэчы, кшталту загрызенай сабакам дзяўчынкі. Бо «янажмаці», таму па змоўчаньні ня можа не любіць сваё дзіця.

Я думаю, што гэтая казка пра непазьбежную бацькоўскую любоў — вельмі небясьпечная штука. Яна не спрыяе ні абароне дзяцей, ні дыялёгу паміж сям’ёй і сыстэмай адукацыі. Але нават тыя, хто ня раз чытаў пратаколы камісіі па адбіраньні дзіцяці ў сацыяльна праблемных бацькоў, з усімі апісаньнямі страшных умоваў існаваньня маленькага чалавека, усё адно чамусьці лічаць, што сям’і трэба даць яшчэ адзін шанец, хоць усе шансы даўно выбраныя.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG