У райцэнтры Бялынічы, што на Магілёўшчыне, адкрыцьцём інфармацыйнай дошкі адзначылі гадавіну наданьня гораду магдэбурскага права.
На дошцы, усталяванай на сьцяне раённай бібліятэкі, значацца даты, калі быў атрыманы прывілей на гарадзкое самакіраваньне і калі выдалі першую ў Бялынічах кнігу. Шыльда стала плёнам руплівасьці абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы.
Прывілей на самакіраваньне прыватнаўласьніцкаму мястэчку Бялынічы дараваў кароль Уладыслаў Ваза 4 кастрычніка 1634 году. Дасьледчыкі адзначаюць імклівае разьвіцьцё Бялынічаў па атрыманьні магдэбурскага права. Горад становяцца ўплывовым гандлёвым і рамесьніцкі асяродкам.
Прывілеем на самакіраваньне жыхары Бялынічаў карысталіся да 1803 году. Пасьля яго скасаваньня бялынічцы судзіліся з расейскімі ўладамі, каб яго вярнуць. Цяжба доўжылася 29 гадоў. Расейскі суд прызнаў дакумэнты на самакіраваньне несапраўднымі, а тыя, хто адстойваў гарадзкія правы, былі залічаныя ў прыгонныя.
Гісторык Ігар Пушкін кажа: Бялынічы вядомыя перадусім як духоўны, рэлігійны ды культурны цэнтар тагачаснай Беларусі, дзе суіснавалі моцныя каталіцкія і праваслаўныя супольнасьці.
Герб Бялыніч — стылізаваная выява абраза Маці Божай Бялыніцкай.
«Нездарма абраз Маці Божай Бялыніцкай шанаваўся, дый шануецца дагэтуль, як каталікамі, гэтак і праваслаўнымі, — кажа Пушкін. — У кляштары кармэлітаў быў унікальны помнік архітэктуры — фрэскавы росьпіс. Яго амаль увесь зьнішчылі. Цудам ацалеў толькі невялікі фрагмэнт, які захоўваецца ў Магілёўскім музэі імя Масьленікава».
Манахі-кармэліты выдалі і першую кнігу ў Бялынічах. Іхная чыннасьць спрыяла прытоку ў горад паломнікаў.
Ад багатай бялыніцкай даўніны да сёньня ацалела толькі некалькі старых будынкаў. З часоў магдэбурскага мінулага не адшукаць ані знаку. На месцы кляштара кармэлітаў — праваслаўная царква, адміністрацыйныя ды гаспадарчыя пабудовы.
«На жаль, шмат якія помнікі архітэктуры і гісторыі былі разбураныя ў часы змаганьня з „культам рэлігіі“, — кажа намесьнік старшыні райвыканкаму Андрэй Ганчук. — Органы ўлады прыкладаюць намаганьні, каб захаваць тое нешматлікае, што ацалела. Праводзім упарадкаваньне тэрыторыі вакол памятных месцаў. Рэгулярна абсьледуем іх стан. Галоўнае, ня даць разбурыць ацалелае прыродным зьявам і, вядома ж, чалавеку».
Андрэй Ганчук уручыў кіраўніку абласной арганізацыі ТБМ Яраславу Клімуцю ліст з падзякай за ўвагу да гісторыі Бялыніч. У імпрэзе бралі ўдзел вучні бялыніцкіх школ.
Руплівасьцю ТБМ інфармацыйныя дошкі пра магдэбурскае права зьявіліся ў Чэрыкаве ды Чавусах.
Летась абласная арганізацыя ТБМ ладзіла сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады ды грамадзкасьці шэрагу райцэнтраў на тэму «Магдэбурскія традыцыі на Магілёўшчыне». На іх гаварылі пра шляхі папулярызацыі традыцыяў гісторыі эўрапейскага самакіраваньня. Зьяўленьне інфармацыйных дошак — плён гэтых сустрэчаў.