Старадаўняя Ашмяна дэманструе, як канвэртаваць эўрапейскія гранты ў аднаўленьне цікавасьці да гістарычных каранёў. Паўгода таму ў рамках міжнароднай праграмы Сhoice тут запачаткавалі праект «Спадчына і сучаснасьць», які ў супрацы зь мясцовымі ўладамі рэалізуе Беларускі камітэт Міжнароднай рады дзеля захаваньня помнікаў і славутых мясьцін ICOMOS.
Разгледзець цуд у звыклым
Кіраўнік праектнага бюро Беларускага камітэту ICOMOS, рэстаўратар Ігар Раханскі так тлумачыць сутнасьць праекту:
«Гэта свайго роду сацыякультурны праект. Ён доўжыўся досыць доўга — паўгода. Сацыякультурная яго сутнасьць палягае ў тым, што цягам усяго гэтага часу жыхары Ашмяны, мясцовая ўлада, тутэйшая супольнасьць, прафэсіяналы зь Менску былі ўцягнутыя ў адзіную справу. А ў нядзелю мы пабачылі апатэоз гэтага праекту — премʼеру спэктакля «Гісторыя».
Паводле летапісаў, Ашмяну заснавалі 675 гадоў таму, якраз у часы росквіту Вялікага Княства Літоўскага. Амаль за сем стагодзьдзяў места зазнала нямала маштабных узрушэньняў. Як і ў іншых беларускіх ваколіцах, тут на адным «пятаку» мірна ўжываліся прыхаджане касьцёла, царквы і сынагогі, а яшчэ раней кампанію ім складалі манахі — францішканцы і дамініканцы. За савецкім часам зьявіўся яшчэ адзін адрас ідалапаклонства — тыпавы помнік правадыру ўсясьветнага пралетарыяту.
Аформіць насычаную гісторыю ў зразумелую нашым сучасьнікам форму паспрабавалі аўтарытэтныя адмыслоўцы і апантаныя энтузіясты. На пачатку году мясцовых старажылаў апытвалі пра колішні побыт у мястэчку, а ўчора пад адкрытым небам разгарнулася маштабная рэканструкцыя гісторыі гораду — ад XIV стагодзьдзя і да нашых дзён.
Сыстэматызацыяй успамінаў жыхароў займаліся супрацоўнікі Ашмянскага краязнаўчага музэю імя Францішка Багушэвіча. Вусныя аповеды былі інтэграваныя з дасьледаваньнем «Павет Ашмянскі». Яго аўтар — паэт, публіцыст, гісторык-краязнавец, Чэслаў Янкоўскі, сам родам з Ашмяншчыны. У грунтоўным чатырохтомніку грамадзкі дзеяч канца ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя падрабязна апісаў мінулае свайго краю.
Усё гэта і легла ў аснову пастаноўкі «Гісторыя». Сцэнарыстам стаў Аляксей Стрэльнікаў, рэжысэрам — Тацяна Шылава. Усе ролі выконваюць самі ашмянцы. Да працы падключыліся школьнікі і настаўнікі зь мясцовай школы № 2.
«Збор інфармацыі адбываецца і падчас навуковай рэстаўрацыі, — гаворыць Ігар Раханскі. — Зьвесткі зьбіраюцца ў архівах, у працэсе раскопак. Іх сыстэматызуюць у сваёй дзейнасьці інжынэры. Мы ў дадзеным выпадку паспрабавалі працаваць зь нематэрыяльнай часткай помніка. То бок ня з цэглай, растворам ці цэмэнтам, а зь яго нематэрыяльным складнікам — памяцьцю. Бо архітэктура, матэрыяльная спадчына — толькі носьбіты гэтай памяці. Таму працуем з тым неадушаўлёным, што многія якраз выпускаюць з-пад увагі. Мы намагаліся рэстаўраваць памяць. Увесь эвалюцыйны пошук, стварэньне сцэнару на аснове ўспамінаў жыхароў — гэта аднаўленьне калектыўнай памяці».
Паводле спадара Раханскага, для яго галоўная мэта — не ператварыць Ашмяну ў цэнтар турыстычнага паломніцтва, а адхінуць завесу мінуўшчыны найперш для мясцовых жыхароў:
«Мяне, напэўна, менш за ўсё цікавіла б раскручанасьць места з пункту гледжаньня прыцягненьня турызму. У гэтым сэнсе мяне больш хвалюе яго нераскручанасьць сярод тутэйшых жыхароў. На жаль, як гэта часта бывае, карэнныя насельнікі не ўспрымаюць звыклы для іх антураж як нешта каштоўнае і значнае. Яны прызвычаіліся да асяродзьдзя і ня бачаць навокал ніякіх цудаў. Таму задача, якую мы ставілі, — раскруціць места ў мазгах саміх ашмянцаў. Так, відаць, будзе дакладней. І калі казаць, што нешта атрымалася, дык не таму, што пра гэта гавораць прафэсійныя рэстаўратары. А якраз таму, што гэта абмяркоўваюць мясцовыя жыхары. Адкрываем Ашмяну ашмянцам, прыкладна так».
Выходзіць за рамкі шаблёну
Сярод гледачоў, якіх шмат сабралася на адкрытай пляцоўцы перад музэем, сустракаю выканаўцу, арганізатарку культурна-адукацыйных імпрэзаў, Тацяну Грыневіч. Яна сама родам з Ашмяны, толькі вярнулася з працяглай творчай вандроўкі па Злучаных Штатах і адразу трапіла на імпрэзу-рэканструкцыю ў родным горадзе:
«Можна толькі спадзявацца, што гэтае мерапрыемства па-новаму адкрые вочы на нашу гісторыю і моладзі, і сталым жыхарам. Людзі даведаюцца пра розныя цікавосткі, драбносткі, якіх няма ў школьных падручніках. Хай гэта стане такім пунктам адліку, ад якога яны пачнуць цікавіцца сваім краем, пачнуць, як быў заклік, разьведваць „белыя плямы“, дзяліцца з дасьледчыкамі, з музэем. Можа, якраз з гэтага і пачнецца найшырэйшае вывучэньне агульнай спадчыны. Бо паселішчу амаль 700 гадоў, а ня ўсе нават здагадваліся, колькі глябальных падзеяў выпала на яго долю. Думаю, спэктакль выканаў сваю місію, быў вельмі эмацыйны. Прыемна, што дзеткі хораша гралі, празь сябе прапусьцілі гісторыю і яе ўжо не забудуць. Цешыць, што цудоўна па-беларуску прамаўлялі, а значыць, і родная мова застанецца ў іхных сэрцах і душах. Карысьць ад такой падзеі бясспрэчная».
Тым часам у адной з заляў музэю можна пабачыць усю даўнейшую Ашмяну. Макеты адлюстроўваюць розныя гістарычныя адрэзкі. «Плоскі» макет — канец XIV стагодзьдзя, калі пачаў закладацца замак і навакольныя пабудовы. Два панарамныя ахопліваюць XVIII і ХІХ стагодзьдзі. Працу выканаў мастак-рэстаўратар Сяргей Верамейчык. Якая доля верагоднасьці, што ўсё выглядала менавіта так, а не іначай?
«Аднавіць было ня вельмі складана — дзякуй богу, захаваліся пляны. Так, ёсьць інвэнтары гораду яшчэ да вайны з Напалеонам, дзякуючы ім удалося рэканструяваць вобраз цэнтральнага пляца. Нават з ратушай. Таму ў нашым макеце паказваем два гістарычныя зрэзы, афіцыйна спраўджаныя. Тым больш, ёсьць старыя фатаздымкі, на якіх можна з дакумэнтальнай дакладнасьцю пабачыць стан гораду ў ХІХ стагодзьдзі. Якраз той выпадак, калі інфраструктура адлюстраваная з высокай ступеньню дакладнасьці. На жаль, мала матэрыялаў адносна канца XIV стагодзьдзя, але існуе стратыграфічная гіпотэза, як выглядала места за Ягайлавым часам. Так і зроблена. Своеасаблівы вобраз ільдзінак, празь якія бачныя тры гарады — Ашмяна на трох гістарычных этапах».
Аднаго позірку на макет хапае, каб пераканацца: праца запатрабавала неверагодных высілкаў. Кожная ашмянская пабудова прапісаная з фатаграфічнай дакладнасьцю. Колькі агулам такіх віртуальна адноўленых дамкоў?
«Дакладна не лічыў, але, мабыць, недзе пад паўтары сотні, — кажа Сяргей Верамейчык. — Што называецца, прыдумаў на сваю галаву: першапачаткова была задума не рабіць абʼёмны макет у звыклым разуменьні, а ў выніку аказалася, што задаў сабе задачу яшчэ больш складаную. Давялося кожны дамок маляваць у фармаце А4, потым яго зьмяншалі і пераводзілі мініятурную выяву на аргшкло. У выніку на кожны будынак ёсьць два фасады — франтальны і бакавы. Галоўнае, што датычна XVІІІ і ХІХ стагодзьдзяў усё зроблена паводле гістарычнага пляну. Так ці інакш, праца была цікавая і захапляльная».
Стварыць сваю легенду
Акрамя нематэрыяльнай спадчыны, якая грунтуецца на архіўных зьвестках, а таксама легендах ды паданьнях, кожная мясьціна намагаецца заняць годнае месца ў гісторыі сваімі помнікамі. На Ашмяншчыне рэстаўратарам ёсьць дзе прыкласьці свае намаганьні. Так і не ўдалося своечасова спыніць разбурэньне візытоўкі краю — Гальшанскага замку. У самім горадзе ў аварыйным стане знаходзяцца фрагмэнты велічнага францішканскага кляштара, у самым цэнтры прыходзіць у заняпад манумэнтальная сынагога.
І ўсё ж якую ролю адыгрывала Ашмяна ў маштабах гісторыі — правінцыйнага места ці стратэгічнага пункту на эўрапейскай мапе?
«Гледзячы якую браць на ўзбраеньне стратэгію, — кажа Сяргей Верамейчык. — Але гістарычнае значэньне Ашмяна мела пачынаючы ад моманту свайго зьяўленьня — ад барацьбы за трон Скіргайлы і потым падчас войнаў пэрыяду ВКЛ. Справа ў тым, што на этапе раньняй гісторыі тутэйшы замак быў зьвязаны зь Меднікамі (Мядзінінкай. — РС), якія належалі вялікаму князю Альгерду. Менавіта адтуль ішоў захоп Ашмяны. Швэдзкая, француская ваенныя кампаніі таксама мелі непасрэднае дачыненьне да гэтага месца. Ну, а цяпер стратэгічнае культурнае, эканамічнае значэньне горад мае ў выглядзе памежжа зь Літвой».
Першы пісьмовы ўспамін пра Ашмяну як замак у Віленскім княстве зьмяшчаецца ў «Хроніцы Літоўскай і Жамойцкай», датаваны ён 1341 годам. У той час Ашмянай валодаў вялікі князь Гедзімін. За часамі вялікіх князёў Ягайлы і Вітаўта Ашмяну спрабаваў захапіць Тэўтонскі ордэн, але безвынікова.
На пачатку XV стагодзьдзя места ўвайшло ў склад Віленскага ваяводзтва і было рэзыдэнцыяй вялікіх князёў. У 1519-м Ашмяну разбурылі маскоўскія войскі, потым маскоўцы ня раз учынялі такія набегі ў XVII стагодзьдзі.
За часамі Рэфармацыі Мікалай Радзівіл Руды заснаваў тут кальвінскі збор, дзякуючы чаму места стала адным з найбольш вядомых цэнтраў кальвінізму ў ВКЛ. У 1683 годзе кароль і вялікі князь Ян Сабескі надаў Ашмяне прывілей на Магдэбурскае права. У 1702-м нейкі час горад быў заняты швэдзкім войскам.
У 1792-м кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў Ашмяне герб: срэбнае поле падзелена на тры часткі, у правай — рука з залатымі шалямі, у левай — шчыт, паміж імі ў дольнай частцы чырвонае цялё.
За часамі паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі ў Ашмяне стаяў штаб паўстанцкага войска Якуба Ясінскага, а ў ліпені 1794-га паўстанцы біліся тут з расейскімі карнікамі.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795-м Ашмяна апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі і стала цэнтрам павету Віленскай губэрні. Новыя ўлады ліквідавалі Магдэбурскае права і перадалі места расейскаму камандаваньню. На абноўленым гербе зьявіўся мядзьведзь.
У ліпені-сьнежні 1812 году Ашмяну акупавалі францускія войскі, ад баёў горад часткова пагарэў.
На пачатку Першай усясьветнай вайны ў 1915 годзе Ашмяну занялі нямецкія войскі. Потым яна па чарзе была ў складзе БССР, Літоўска-Беларускай ССР, Сярэдняй Літвы, Польшчы. З 1939 году — у складзе БССР.