Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чавусы адзначылі гадавіну наданьня Магдэбурскага права пад гербам ад расейскай імпэратрыцы


Знак на ўезьдзе ў Чавусы, архіўнае фота
Знак на ўезьдзе ў Чавусы, архіўнае фота

У Чавусах гадавіну наданьня гораду Магдэбурскага права адзначылі адкрыцьцём інфармацыйнай дошкі. Яе ўсталявалі на будынку раённага гісторыка-краязнаўчага музэю. Шыльда стала плёнам руплівасьці Магілёўскай абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы.

Раней афіцыйным гарадзкім гербам мясцовыя ўлады зрабілі герб, нададзены расейскай імпэратрыцай Кацярынай. Цяпер яны падтрымалі ініцыятыву ТБМ дзеля папулярызацыі традыцыяў гісторыі эўрапейскага самакіраваньня ў Чавусах.

Інфармацыйная шыльда пра магдэбурскае права ў Чавусах
Інфармацыйная шыльда пра магдэбурскае права ў Чавусах

«12 жніўня 1634 году прывілеем караля Ўладзіслава Вазы гораду Чавусы было нададзена Магдэбурскае права», — гэткі надпіс на дошцы ад сёньня будзе сустракаць наведнікаў музэю. Разам з Магдэбурскім правам Чавусы атрымалі і герб — конную выяву сьвятога Марціна. Гэты магдэбурскі герб таксама зьмешчаны на дошцы.

Кіраўнік абласной арганізацыі ТБМ Яраслаў Клімуць назваў усталяваньне інфармацыйнай дошкі вялікай справай. Ён прыгадаў, што ў часы, калі беларускім гарадам надавалася Магдэбурскае права, беларуская мова была дзяржаўнай.

«На ёй пісалі законы, выдавалі пастановы. Магдэбурскае права, такім чынам, было вялікім стымулам разьвіцьця беларускай культуры, кнігавыданьня. Таму тыя традыцыі павінны для нас цяперашніх быць сьветачам. Наша задача — зрабіць так, каб болей не перарываліся традыцыі, як гэта было неаднойчы ў нашай гісторыі», — казаў Клімуць.

Старшыня Чавускага райсавету Анатоль Мацюлін уручае ліст падзякі ТБМ за клопат аб захаваньні гістарычнай памяці
Старшыня Чавускага райсавету Анатоль Мацюлін уручае ліст падзякі ТБМ за клопат аб захаваньні гістарычнай памяці

На пасяджэньні грамадзкай рады па ўстойлівым разьвіцьці Чавускага раёну, якое папярэднічала ўрачыстаму адкрыцьцю дошкі, гаварылася пра вялікае значэньне Магдэбурскага права ў разьвіцьці беларускіх гарадоў.

Магілёўскі гісторык Ігар Пушкін адзначыў, што традыцыі мясцовай магдэбургіі дазваляюць беларусам з аптымізмам глядзець у будучыню. Ён выказаў спадзеў, што 12 жніўня стане ў Чавусах агульнагарадзкім сьвятам.

«Спадзяюся, што гэтае сьвята будзе адзначацца ня толькі ў вузкім коле, але і ўсімі гараджанамі. У 1634 годзе гораду быў нададзены асаблівы статус, згодна зь якім усе жыхары лічыліся свабоднымі, — казаў выступоўца. — Магдэбурскае права — гэта эўрапейская традыцыя самакіраваньня, якое імкнуліся займець жыхары многіх гарадоў Беларусі, каб самім вырашаць свой лёс. У такіх гарадах жыхары самі стваралі орган самакіраваньня — магістрат».​

Яраслаў Клімуць і Анатоль Мілюцін адкрываюць дошку
Яраслаў Клімуць і Анатоль Мілюцін адкрываюць дошку

Кандыдат гістарычных навук Аляксандар Агееў сказаў: «Традыцыі Магдэбурскага права — гэта не чароўны ўспамін, а наша рэчаіснасьць і будучыня».

«Паводле нашай Канстытуцыі, — казаў гісторык, — павінна разьвівацца самакіраваньне. Ува ўсіх канвэнцыях, якія падпісала Рэспубліка Беларусь, праглядаецца тэндэнцыя, што функцыі ад цэнтру пакрысе перадаюцца на месцы. З функцыямі перадаюцца грошы, якія разьмяркоўваюцца на месцах. Гэта эўрапейская тэндэнцыя, і для нас яна — як задача на будучыню. Таму Магдэбурскае права — гэта наша будучыня. Зразумела, што яно будзе называцца інакш і дзеіць у новых формах».

На пасяджэньні рады па ўстойлівым разьвіцьці. Аляксандар Агееў (зьлева, выступае), Ігар Пушкін (у сярэдзіне), Анатоль Мілюцін
На пасяджэньні рады па ўстойлівым разьвіцьці. Аляксандар Агееў (зьлева, выступае), Ігар Пушкін (у сярэдзіне), Анатоль Мілюцін

Аляксандар Агееў выказаў спадзеў, што надыдзе час, і ў Чавусах адбудуюць сымбаль самакіраваньня — ратушу. Навуковец прывёў прыклад адбудовы ратушы ў Магілёве. Ён нагадаў, што яе ўзяліся адбудоўваць, калі стала відавочным, што гэтага прагне грамадзтва.

Пра чавускую ратушу засталіся гістарычныя дакумэнты са згадкамі пра яе. На месцы, дзе яна некалі стаяла, цяпер невялікі сквэр. Пасярэдзіне памятны знак зь лічбамі «1604». У гэты год Чавусам быў нададзены статус гораду.

Памятны знак у гонар наданьня Чавусам статусу гораду — з казацкім гербам
Памятны знак у гонар наданьня Чавусам статусу гораду — з казацкім гербам

«Ратуша была пабудаваная ў стылі барока. У яе быў высокі шпіль. На жаль, мы маем толькі яе апісаньне. Яна апісаная даволі добра. І пры жаданьні ратушу можна ўявіць», — заўважыла дырэктарка музэю Іна Казакова.

Паводле яе, задума аднавіць будынак ратушы ў Чавусах ёсьць.

«Нічога немагчымага няма, але фінансава будзе цяжкавата гэта зрабіць. Але калі ня ставіць вялікіх мэтаў, дык нічога не даб’есься. У любым разе аддзелу будаўніцтва данесеная такая думка, і, магчыма, нешта атрымаецца», — выказалася пра пэрспэктывы адбудовы ратушы ў Чавусах дырэктарка мясцовага музэю.

На месцы сквэра і стаяла ратуша
На месцы сквэра і стаяла ратуша

Два гады таму ў Чавусах задумалі стварыць пазнавальны для гораду брэнд. За такі сымбаль прапанавалі казака. Цяперашні герб Чавусаў — з казацкіх часоў. Казакоў пачалі рабіць зь мясцовых сялян маскоўцы, калі захапілі ўсходняю Беларусь у 1654 годзе.

У дырэктаркі музэю пытаюся: ці азначае ўсталяваньне інфармацыйнай дошкі пра магдэбурскае права адмову ад казацкага сымбалю?

«Я б так ня ставіла пытаньне, бо гэта наша гісторыя. Можа, цяпер гэтая тэма, гаворачы сучаснай мовай, 50 на 50, але казацтва ў Чавусах было. Многія тутэйшыя маюць прозьвішчы, зьвязаныя з казацкай гісторыяй. Казацтва ўсё ж тэма, блізкая праваслаўнаму насельніцтву», — адказала Казакова.

Іна Казакова: «Магдэбурскае права і казакі: наша гісторыя»
Іна Казакова: «Магдэбурскае права і казакі: наша гісторыя»

Яна адзначыла, што некаторыя актыўныя праваслаўныя вернікі плянуюць усталяваць шыльду ў гонар казакоў.

У 2001 годзе падпраўлены герб, нададзены расейскай імпэратрыцай Кацярынай — са скрыжаванымі мячом і шпагай — стаў афіцыйным для Чавусаў. Чыноўнікі тлумачылі, што гэты сымбаль найбольш адпавядае мэнталітэту жыхароў райцэнтру.

Будынак, на якім усталявалі магдэбурскую шыльду, — адзін з найстарэйшых у райцэнтры. Яго ўзьвялі ў 1902 годзе. Пасьля рамонту аддалі пад музэй.

Зьяўленьне інфармацыйнай дошкі пра Магдэбурскае права старшыня Чавускага райсавету Анатоль Мацюлін назваў гістарычнай падзеяй.

Два гістарычныя гербы Чавусаў і сучасны. Зьлева — часоў Магдэбурскага права: сьвяты Марцін. Па цэнтры — часоў Расейскай імпэрыі. Справа — сучасны.
Два гістарычныя гербы Чавусаў і сучасны. Зьлева — часоў Магдэбурскага права: сьвяты Марцін. Па цэнтры — часоў Расейскай імпэрыі. Справа — сучасны.

«Мы павінны ганарыцца, што нашы людзі былі свабоднымі. Свабоднымі ў прыняцьці рашэньня, — казаў ён. — Мы сёньня павінны карыстацца спадчынай таго часу, калі нам было нададзена Магдэбурскае права. Сёньня гістарычны дзень».

Старшыня райсавету панаракаў, што мясцовыя жыхары задужа пасіўныя. Паводле яго, не хапае ініцыятываў.

Ніводнага помніка архітэктуры з часоў магдэбурскага права ў Чавусах не засталося. Апытаныя жыхары райцэнтру прызнавалі, што пра магдэбурскае права яны ня ведаюць. Людзі сталага веку з настальгіяй згадвалі даўнейшыя брукаваныя дарогі і старасьвецкія дамы. Моладзь жа ў тым, што ня ведае мясцовай гісторыі, вінаваціла школу.

Будынак музэю, на які павесілі «магдэбурскую» шыльду
Будынак музэю, на які павесілі «магдэбурскую» шыльду

Месяц таму ў райцэнтры Чэрыкаў таксама ўсталявалі інфармацыйную дошку пра магдэбурскае мінулае. На чарзе ў рупліўцаў беларушчыны — усталяваць аналягічную дошку ў Бялынічах.

Летась абласная арганізацыя ТБМ ладзіла сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады ды грамадзкасьці шэрагу райцэнтраў на тэму «Магдэбурскія традыцыі на Магілёўшчыне». На іх гаварылі пра шляхі папулярызацыі традыцыяў гісторыі эўрапейскага самакіраваньня. Зьяўленьне інфармацыйных дошак — плён гэтых сустрэчаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG