Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва ўмовах абвастрэньня дачыненьняў Расеі і ЗША Нуланд едзе ў Маскву


Вікторыя Нуланд
Вікторыя Нуланд

Візыт памочніцы дзяржсакратара ў Маскву пройдзе на фоне прыпыненьня перамоваў з Расеяй наконт Сырыі і ўказу Пуціна пра выхад з пагадненьня аб утылізацыі плютонію.

Памочніца дзяржсакратара ЗША ў справах Эўропы і Эўразіі Вікторыя Нуланд на гэтым тыдні прыедзе ў Маскву, каб абмеркаваць з прадстаўнікамі Расеі сытуацыю на ўсходзе Ўкраіны і далейшыя крокі для рэалізацыі менскіх пагадненьняў у падтрымку краін-удзельніц Нармандзкага працэсу і трохбаковай кантактнай групы.

Пра гэта паведамілі ў Дзярждэпартамэнце.

Нуланд спачатку будзе суправаджаць дзяржсакратара Джона Керы ў паездцы ў Брусэль, дзе ў аўторак ён выступіць з прамовай, пасьля чаго яна вылеціць у Маскву.

Аб’ява была зробленая пасьля таго, як Украіна і сэпаратысты, якіх падтрымлівае Расея, пагадзіліся вывесьці войскі з трох невялікіх населеных пунктаў на лініі фронту ва Ўсходняй Украіне.

Гэты пілётны праект дээскаляцыі напружанасьці зьяўляецца часткай новых спробаў дамагчыся захаваньня спыненьня агню, якое рэгулярна парушаецца.

Паводле ўмоваў пагадненьня ўзброеным сілам абодвух бакоў забаронена ўваходзіць у тры раёны плошчай чатыры квадратныя кілямэтры кожны.

Аднак паведамленьню пра паездку Нуланд таксама папярэднічала прыпыненьне Злучанымі Штатамі перамоваў з Масквой аб спыненьні агню ў Сырыі ў сувязі з ваеннымі атакамі супраць цывільных аб’ектаў, якія працягваюцца ў гэтай краіне.

Акрамя таго, у панядзелак прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указ аб прыпыненьні расейска-амэрыканскага пагадненьня аб утылізацыі зброевага плютонію празь «недружалюбныя дзеяньні» Вашынгтону.

Пакуль не зразумела, ці будзе Нуланд уздымаць пытаньне пра агульны стан амэрыканска-расейскіх стасункаў.

Што тычыцца вываду войскаў з населеных пунктаў ва Ўсходняй Украіне, ён павінен пачацца на працягу месяца і скончыцца за тры дні.

Пагадненьню Кіева і сэпаратыстаў папярэднічала новае замірэньне, заключанае 15 верасьня, якое спарадзіла надзеі на посьпех мірнага працэсу, хоць і не прывяло да поўнага спыненьня гвалту ў рэгіёне.

Як паведамілі ў Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе, вывад узброеных сіл закране тры сэктары 480-кілямэтровай лініі фронту, дзе разьмешчаныя паселішчы Станіца Луганская і Залатое Луганскай вобласьці і Пятроўскае Данецкай вобласьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG