Каліноўскі: Галоўная міжнародная падзея гэтага тыдня — учорашні даклад сьледчых па катастрофе «Боінга» Малайзійскіх авіялініяў у 2014 годзе над акупаваным Данбасам, калі загінула амаль 300 нявінных людзей.
Высновы сьледзтва былі чаканыя, пра гэта яшчэ ў першыя дні пасьля трагедыі пісалі ўсе СМІ, апрача расейскіх — самалёт зьбіў комплекс «Бук», прыгнаны з Расеі, які пасьля злачынства сьпехам быў адагнаны назад у Расею.
Але цяпер гэтая выснова грунтуецца на юрыдычна вывераных доказах, сьледчыя маюць таксама сьпіс з 100 асобаў, якія маглі быць датычнымі да злачынства.
Такім чынам, Расея канкрэтна абвінавачваецца ў датычнасьці да гібелі малайзійскага самалёта. Даклад пераканаўчы, прафэсійныя каманды сьледчых з розных краін доўга вывучалі трагедыю. Расея адмовілася далучыцца да міжнароднай брыгады сьледчых. Афіцыйная Масква ўсё па-ранейшаму абвяргае, але яе заявы выглядаюць прымітыўнымі «адмазкамі».
Пытаньне — што будзе далей? Сьледзтва працягнецца, і гэта зойме яшчэ нямала часу. Пакуль Расея блякуе стварэньне міжнароднага трыбуналу пад эгідай ААН, таму будзе створаная іншая форма суду. Пойдуць пазовы да Расеі ад сваякоў загінулых, ад Малайзійскіх авіялініяў або ад ураду Малайзіі.
Але галоўнае пытаньне — калі будзе суд і ці трапяць на лаву падсудных злачынцы?
Пуцін пакуль выкручваецца, блякуе дасьледаваньне катастрофы ў ААН.
Што суд будзе, сумненьняў я ня маю, але ня хутка. Суд аб выбуху самалёта над Локербі адбыўся толькі праз 11 гадоў, і лібійскі дыктатар Муамар Кадафі вымушаны быў выдаць злачынцаў. Ці будзе гэтак жа вымушаны расейскі лідэр Пуцін выдаць суду вінаватых у зьбіцьці «Боінга»? Вось пытаньне, якое я хачу з вамі абмеркаваць.
Як і спачатку Кадафі, Пуцін пакуль выкручваецца, блякуе дасьледаваньне катастрофы ў ААН, Масква выдае адна за адной нейкія фантастычныя вэрсіі трагедыі, што нельга ацаніць іначай як танцы на касьцях ахвяраў. Учорашні даклад сьледчых, у якім адкрытыя абвінавачаньні на адрас расейскай улады не прагучалі, яшчэ дае шанец Пуціну прызнаць віну Расеі ў дастаўцы «Бука» ва Ўкраіну, сказаць, што хацелі зьбіць украінскі самалёт Ан-26, але вайскоўцы памылкова трапілі ў пасажырскі. І выдаць вінаватых, выплаціць кампэнсацыі родным загінулых, папрасіць, урэшце, прабачэньня — гэта быў бы найлепшы варыянт. Але ня веру, што Пуцін на гэта пойдзе. Пакуль што.
Іншае пытаньне, што на лаве падсудных павінен быць і сам Пуцін, бо гэтыя афіцэры, якія прамахнуліся і трапілі ў «Боінг», — толькі выканаўцы ягонай волі. Ён разьвязаў вайну ва Ўкраіне, ён пасылае туды сотні танкаў і тысячы салдат, і ён паслаў гэтых няшчасных вайскоўцаў з «Букам».
Любыя ваенныя канфлікты такога роду без узгадненьня з вышэйшым кіраўніцтвам не адбываюцца. І калі расейскія вайскоўцы і спэцслужбы апынуліся на тэрыторыі Ўкраіны, на Данбасе, нават па сваёй волі, то кіраўніцтва таксама вінаватае.
Пуцін трапіў у пастку, якую сам стварыў, ведучы неабвешчаную гібрыдную вайну супраць Украіны. Але ці зразумеў ён гэта, ці далей разьлічвае на сваю сілу і беспакаранасьць, адкінуўшы ўсе людзкія нормы паводзін?
Думаю, што зь цягам часу сьледчая група выкажацца і пра ролю Пуціна ў катастрофе «Боінга».
Глод: Спачатку літаральна яшчэ адзін аспэкт гэтай справы да таго, што ўжо казаў Валер Каліноўскі. Міжнародная камісія пазнаёміла са сваімі матэрыяламі сваякоў загінулых. Сьледчыя дэталёва апісалі, як ішла калёна з «Букам», яе маршрут з Расеі ва Ўкраіну. У якасьці доказаў сваякам падалі фота і відэазапісы, а таксама запісы перамоваў. «Прадстаўленая нам інфармацыя выглядае вычарпальнай», — сказаў адзін са сваякоў. І гэта яшчэ адно сьведчаньне аб’ектыўнасьці сьледчых. Выглядае, што кіраўніцтва Расеі на самым пачатку гэтай гісторыі было ўпэўненае, што праўды сьледчыя не даведаюцца, што можна будзе схаваць канцы ў ваду. Не ўдалося. Ня той цяпер час. Дый украінскія спэцслужбы, працу якіх шмат хто моцна крытыкуе, папрацавалі добра. Яны сабралі мноства дакумэнтаў.
Самае страшнае ў гэтай трагічнай гісторыі (зразумела, пасьля гібелі бязьвінных людзей), — паводзіны Масквы. Ад самага пачатку расейскі бок адмовіўся ад удзелу ў сумесным расьсьледаваньні. Ад самага пачатку заяўляў пра недавер міжнародным экспэртам. І цяпер Масква заяўляе, што самалёт зьбілі ўкраінцы. І нават — што пра гэта сьведчаць дадзеныя радараў. Ну, калі гэта сапраўды так, то лягічна як мага хутчэй перадаваць гэтыя дадзеныя ў міжнародную камісію. І крычаць пра гэта на ўвесь сьвет.
Самае страшнае ў гэтай трагічнай гісторыі (зразумела, пасьля гібелі бязьвінных людзей), — паводзіны Масквы.
Але ж любому зразумела, што калі б дадзеныя радараў, на якія цяпер спасылаюцца расейскія вайскоўцы, сапраўды існавалі, яны ўжо даўно былі б у экспэртаў. А калі гэтага няма, то выглядае, што Крэмль і яго падначаленыя хлусяць. Ну сапраўды: дзе вы былі са сваім радарам два гады?
На мінулым тыдні ў Сырыі здарыўся трагічны эпізод. Амэрыканскія самалёты памылкова абстралялі ўрадавае войска. Загінулі каля 60 чалавек. І што амэрыканцы? Яны не спасылаліся на нейкія дадзеныя таямнічых радараў. Літаральна празь дзень, калі ўсё стала вядома, яны прызналі сваю памылку і прынесьлі выбачэньні. Так, забітых у Сырыі ўжо ня вернеш. Але ж паводзіны вайскоўцаў ЗША выглядаюць нашмат больш прыстойнымі, чым іхніх расейскіх калегаў. Чаму ж і Маскве не набрацца мужнасьці і праўдзіва заявіць, што здарылася трагічная памылка? Пра гэта ў Крамлі нават ня думаюць. Бо такое прызнаньне было б раўназначна прызнаньню ў разьвязваньні вайны супраць сувэрэннай Украіны. Але ж, паводле Масквы, там ваююць адпускнікі, якія, праўда, чамусьці едуць у вайсковы «адпачынак» з самай сучаснай зброяй.
Ніхто не зьбіраецца ў гісторыі са зьбітым «Боінгам» вінаваціць усю Расею, увесь рускі народ. Бо ня ён вінаваты ў гэтай трагедыі. Вінаватыя тыя, хто ўцягнуў расейцаў у сапраўдную вайну, вінаватыя тыя, хто аддаваў загады. У мяне няма сумневу, што зь цягам часу стане вядома, хто прымаў рашэньні. Як стала вядома, хто і як з савецкай вярхушкі паставіўся да адпраўкі савецкага войска ў Аўганістан. Таму сапраўдны суд будзе пазьней. Але ён адбудзецца абавязкова.
Карбалевіч: Гібель малайзійскага пасажырскага лайнэра ў небе над Данбасам стала кульмінацыяй украінскага крызісу. Зьвяртае на сябе ўвагу незвычайная рэакцыя на гэтую трагедыю Пуціна адразу пасьля яе. Ён быццам чагосьці моцна спалохаўся, неяк дзіўна замітусіўся. Здавалася б, катастрофа здарылася на тэрыторыі іншай дзяржавы, самалёт не расейскі, на борце не было грамадзян Расеі, а паводле афіцыйнай вэрсіі Крамля, ніякай падтрымкі сэпаратыстам на Ўсходзе Масква не аказвае. То бок Расея тут была зусім ні пры чым. Але Пуцін адразу ж пасьля падзеньня «Боінга» тэлефануе прэзыдэнту ЗША Абаму, дэманстратыўна праводзіць у тэлеэфіры хвіліну маўчаньня ў памяць аб тых, хто загінуў у катастрофе, выступае зь нейкім дзіўным начным тэлезваротам, нібы за нешта апраўдваецца.
Зьнішчэньне пасажырскага авіялайнэра прынцыпова памяняла ўвесь кантэкст расейска-ўкраінскага канфлікту.
Зьнішчэньне пасажырскага авіялайнэра прынцыпова памяняла ўвесь кантэкст расейска-ўкраінскага канфлікту. Да таго часу вайна на ўсходзе Ўкраіны для ўсяго сьвету, у тым ліку і для ЗША і Эўропы, была ў нейкім сэнсе геапалітычнай абстракцыяй. Так, Расея парушае міжнародныя правілы, ёй трэба мякка ўказаць, але псаваць адносіны з Масквой ніхто не хацеў, бо на ёй было завязана шмат розных інтарэсаў. А пасьля гэтай трагедыі стала відавочна, што ваенны ачаг на ўсходзе Ўкраіны — гэта пагроза міжнароднай бясьпецы. Гэтая вайна пачала забіваць грамадзян Нідэрляндаў, Малайзіі, Аўстраліі і іншых краін, далёкіх ад месца баявых дзеяньняў, бо ў эпоху глябалізацыі бясьпека можа быць толькі ўсеагульная. І адным з важных наступстваў авіякатастрофы над Данбасам стала больш рашучая пазыцыя Эўропы што да неабходнасьці спыніць ваенны канфлікт і рэзкая крытыка Расеі.
Ня думаю, што гэтае заключэньне — гэты даклад сьледчых — будзе мець вялікае палітычнае значэньне. Усе палітычныя рашэньні ўжо прынятыя. Але пэўныя юрыдычныя наступствы могуць быць. Напрыклад, калі нейкі эўрапейскі суд абвесьціць падазраваных у злачынстве ў міжнародны вышук, то ім нельга будзе пакідаць Расею, бо ёсьць рызыка, што іх арыштуюць. Так што пэўныя наступствы, безумоўна, будуць.