На пасяджэньні Рады Бясьпекі ААН 25 верасьня прадстаўнікі Захаду абвінавацілі Расею ў ваенных злачынствах у Сырыі ў сувязі зь нядаўнімі бомбавымі атакамі расейскіх самалётаў у раёне гораду Алепа.
Абвінавачаньні датычаць выкарыстаньня расейцамі бомбаў глыбокага пранікненьня і запальных бомбаў супраць цывільнага насельніцтва падчас наступу ўрадавых войскаў на амаль 300-тысячны горад, які застаецца ў руках паўстанцаў.
«Бомбы глыбокага пранікненьня, якія больш падыходзяць для зьнішчэньня вайсковых аб’ектаў, цяпер руйнуюць дамы, зьнішчаюць бамбасховішчы, ранячы, калечачы і забіваючы дзясяткі, калі ня сотні чалавек», — цытуе The Guardian Мэт’ю Райкрафта, амбасадара Вялікабрытаніі ў ААН, падчас згаданага пасяджэньня Рады Бясьпекі.
На знак пратэсту супраць кампаніі бамбаваньня Райкрафт выйшаў з залі пасяджэньняў разам з сваімі амэрыканскімі і францускімі калегамі перад прамовай прадстаўніка Сырыі.
Францускі амбасадар у ААН Франсуа Дэлятр падтрымаў абвінавачаньні Расеі ў ваенных злачынствах.
«Алепа ў Сырыі сёньня ёсьць тым, чым Сараева было ў Босьніі, або тым, чым Герніка была ў гішпанскай грамадзянскай вайне. Гэты тыдзень увойдзе ў гісторыю як час, калі дыпляматыя пацярпела паразу, а барбарства перамагло», — сказаў Дэлятр.
«Тое, што Расея спансіруе і робіць — гэта не барацьба з тэрарызмам. Гэта барбарства. Гісторыя не паставіцца ласкава да сяброў Рады Бясьпекі, якія захаваюць маўчаньне перад тварам гэтай разьні», — сказала амэрыканская амбасадарка ў ААН Саманта Паўэр.
Тым часам міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што заходнія дзяржавы «не спраўляюцца» з сваімі абавязаньнямі ў справе ўрэгуляваньня грамадзянскай вайны ў Сырыі.
У інтэрвію, паказаным на расейскім тэлеканале НТВ 26 верасьня, Лаўроў раскрытыкаваў скліканьне пасяджэньня Рады Бясьпекі ААН напярэдадні, назваўшы яго «непатрэбнай валакітай».
У сваю чаргу прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна Дзьмітры Пяскоў назваў «непрымальным», як ён выказаўся, «тон рыторыкі некаторых брытанскіх і амэрыканскіх чыноўнікаў», заявіўшы, што іх выказваньні могуць нанесьці шкоду працэсу ўрэгуляваньня ў Сырыі і двухбаковым адносінам.