Каля будынкаў амбасады і генконсульства Расеі ў Кіеве і Адэсе, дзе адкрытыя выбарчыя ўчасткі, адбыліся сутыкненьні.
Паводле «112 Украіна» каля 10 чалавек з раніцы паспрабавалі заблякаваць уваход у амбасаду Расеі ў Кіеве, у сутыкненьні з паліцыяй пацярпеў адзін чалавек, адзін быў затрыманы. Пазьней праход у будынак амбасады быў вызвалены, на ўчастку пачалося галасаваньне, паведаміў «Інтэрфакс». Паводле агенцтва гэтаксама ў Адэсе актывісты «Правага сэктару» спрабавалі заблякаваць уваход на выбарчы ўчастак на тэрыторыі генконсульства Расеі. Паведамляецца пра затрыманьне двух чалавек.
18 верасьня ў Расеі праходзіць адзіны дзень галасаваньня, калі абіраюцца дэпутаты Дзяржаўнай Думы, кіраўнікі часткі рэгіёнаў і дэпутаты мясцовых парлямэнтаў.
Першыя выбарчыя ўчасткі на тэрыторыі Расеі адкрыліся 17 верасьня ў 23.00 па менскім часе на Камчатцы і Чукотцы, апошнімі прагаласуюць выбарцы Калінінградзкай вобласьці, дзе ўчасткі закрыюцца ў 21 гадзіну па Менску.
У Беларусі грамадзяне Расеі змогуць прагаласаваць на ўчастках у Менску і абласных цэнтрах, якія адкрытыя на тэрыторыі дыпляматычных місій і навучальных устаноў.
Выбары ў расейскую Дзярждуму на тэрыторыі Ўкраіны, паводле заявы расейскіх уладаў, мусяць адбыцца ў будынках расейскіх дыпляматычных місій. Між тым улады Ўкраіны раней заявілі пра немагчымасьць правядзеньня расейскіх выбараў ва Ўкраіне з-за таго, што расейскія ўлады праводзяць выбары ў Крыме.
Ў ноч на 18 верасьня будынак амбасады Расеі ў Кіеве закідалі пэтардамі і салютамі. Адказнасьць за акцыю ўзяла на сябе маладзёвая групоўка «С14». МЗС Расеі выступіла з нотай пратэсту і заявіла, што нягледзячы на адмову ўкраінскіх уладаў аказаць арганізацыйную падтрымку выбарам выбарчыя ўчасткі будуць адкрытыя ў дыпляматычных прадстаўніцтвах у Кіеве, Адэсе, Харкаве і Львове.
ЗША не прызнаюць законнасьць выбараў у Дзярждуму Расеі на тэрыторыі Крыму. Пра гэта напярэдадні заявіў прэсавы сакратар Дзярждэпартамэнту Джон Кербі.