15 верасьня судзьдзя Цэнтральнага раёну Менску Вікторыя Шабуня аштрафавала на 20 базавых велічыняў (420 рублёў) старшыню грамадзкага аб’яднаньня «Альтэрнатыва» (зарэгістраваная ў Латвіі) Алега Корбана.
Як паведамляе прэс-служба «Альтэрнатывы», штраф грамадзкаму актывісту прысудзілі паводле артыкулу 23.34 КаАП РБ — за арганізацыю несанкцыянаванай вулічнай акцыі 25 жніўня ў цэнтры сталіцы.
У гэты дзень, з нагоды 25-й гадавіны зацьвярджэньня Незалежнасьці беларускай дзяржавы, актывісты «Альтэрнатывы» арганізавалі віншаваньне менчукоў, «раздаючы мінакам сьцяжкі з выявай бел-чырвона-белага сьцяга і герба «Пагоня». Падчас акцыі ўдалося раздаць каля 400 сьцяжкоў.
Як паведамляў БелаПАН, трое мужчын у цывільным тады назіралі за акцыяй, адзін зь іх вёў відэаздымку. Пасьля заканчэньня мерапрыемства, якое доўжылася 40 хвілінаў, адзін зь іх падышоў да актывістаў і, паказаўшы пасьведчаньне супрацоўніка міліцыі, пацікавіўся, чаму была прысьвечаная акцыя, а таксама перапісаў дадзеныя дваіх удзельнікаў.