Рашэньне па справе блогера Антона Матолькі — гэта не судовы прэцэдэнт, які будзе абавязковы для прымяненьня іншымі беларускімі судамі ў аналягічных справах. Але такая судовая практыка ўсё роўна не на карысьць аўтараў.
Пра гэта ў інтэрвію Свабодзе расказала адвакатка Антона Матолькі, экспэрт у галіне інтэлектуальнай уласнасьці Марыя Колесава-Гудзіліна.
— Пасьля ўчорашняга суду вы напісалі на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што справа Антона Матолькі — гэта ня кропка, а шматкропʼе і пачатак доўгага шляху. Што вы мелі на ўвазе?
— Па-першае, у нас ня вычарпаныя ўсе мэтады судовай абароны. Мы можам абскардзіць гэтае рашэньне, і ня толькі ў Рэспубліцы Беларусь. Па-другое, абарона фатаграфічных твораў не сканчаецца справай Антона Матолькі. Ёсьць і іншыя справы і прэцэдэнты, ня толькі ў адносінах да Белтэлерадыёкампаніі, якія таксама ствараюць практыку.
— А як паўплывае рашэньне Вярхоўнага суду на прававую практыку ў галіне інтэлектуальнай уласнасьці ў Беларусі? Ці будуць нейкія наступствы?
Мы існуём у сыстэме рамана-германскага права, якое не абавязкова ўлічвае прэцэдэнты. Гэта значыць, прэцэдэнтнага права ў нас няма. Але часьцей за ўсё пры вынясеньні рашэньняў менавіта па аўтарскім праве, вядома ж, судзьдзі глядзяць на існуючую практыку. Я б не сказала, што яна абавязковая для прымяненьня астатнімі судамі, але, безумоўна, будзе напісаны нейкі агляд практыкі, куды будзе ўключана і гэтае рашэньне, і, вядома, такая практыка не на карысьць аўтарам. То бок ускосна гэтае рашэньне будзе мець значэньне, але не абавязкова.
— Ці можаце вы ўзгадаць аналягічныя справы, калі рашэньне прымалася на карысьць аўтара?
— Так, вядома. Гэта быў пазоў Сяргея Гудзіліна. Фатаграфіі былі выкарыстаныя ў часопісе і не падпісаныя. Была прызначаная экспэртыза. Першая экспэртыза не прызнала здымкі вынікам творчай працы. Аднак была прызначаная паўторная экспэртыза, якая ў далейшым прызнала здымкі вынікам творчай працы, і пазоў быў задаволены. Але падкрэсьлю: было дзьве экспэртызы, і кожны раз было па тры экспэрты.
— Як вы лічыце, ці магло быць рашэньне Вярхоўнага суду іншым?
— Магло. Падчас судовых спрэчак мы выказалі свае аргумэнты, паводле якіх можна не ўжываць экспэртызу ў якасьці доказу пры вынясеньні рашэньня. Мы паказвалі на тое, што ёсьць міжнароднае заканадаўства, якое мае вышэйшую сілу ў адносінах да закону аб аўтарскім праве і Грамадзянскага кодэксу. Калі б міжнароднае заканадаўства было ўжытае, то пазоў быў бы задаволены.
***
Учора Вярхоўны суд Беларусі адмовіў вядомаму блогеру і фатографу Антону Матольку ў задавальненьні пазову да Белтэлерадыёкампаніі.
Антон Матолька настойваў, каб зь Белтэлерадыёкампаніі спагналі адну капейку ў якасьці кампэнсацыі за маральную шкоду ад выкарыстаньня на канале «Беларусь 1» ягоных здымкаў паўночнага зьзяньня без пазначэньня аўтарства, а таксама каб на сайце кампаніі зьявілася публічнае выбачэньне і каб яму кампэнсавалі выдаткі, панесеныя на здыманьне.
Белтэлерадыёкампанія, на якую падаў у суд Антон Матолька, адпачатку пазоў не прызнала. Прадстаўнік кампаніі юрыст Андрэй Жылінскі заявіў у судзе, што кампанія ня лічыць здымкі блогера творам мастацтва, таму не пазначыла іх аўтарства, як таго патрабуе закон «Аб аўтарскім праве і сумежных правах». Пры гэтым прадстаўнік БТ патлумачыў цікаўнасьць БТ да здымкаў паўночнага зьзяньня, якія зрабіў Антон Матолька, тым, што гэта ня толькі прыродная, але і «сацыяльная зьява».