Вярхоўны суд Беларусі адмовіў вядомаму блогеру і фатографу Антону Матольку ў задавальненьні пазову да Белтэлерадыёкампаніі. Грамадзянскі працэс паводле пазову праходзіў у Вярхоўным судзе Беларусі 1–2 верасьня. Справу разглядаў судзьдзя Віктар Коўшун.
Таксама суд пастанавіў спагнаць з Матолькі 89 рублёў на аплату паслуг экспэрта Чупрынскага з акадэміі мастацтваў.
Антон Матолька настойваў, каб зь Белтэлерадыёкампаніі спагналі адну капейку ў якасьці кампэнсацыі за маральную шкоду ад выкарыстаньня на канале «Беларусь 1» ягоных здымкаў паўночнага зьзяньня без пазначэньня аўтарства, а таксама каб на сайце кампаніі зьявілася публічнае выбачэньне і каб яму кампэнсавалі выдаткі, панесеныя на здыманьне.
18 сакавіка 2015 году тэлеканал «Беларусь 1» у дзённым выпуску навінаў распавёў пра рэдкую для Беларусі прыродную зьяву — паўночнае зьзяньне. Сюжэт называўся «Паўночнае зьзяньне колеру беларускага сьцяга». У сюжэце былі выкарыстаныя фатаздымкі, якія Антон Матолька зрабіў напярэдадні непадалёк ад Вязынкі Маладэчанскага раёну, але ягонае аўтарства не было пазначана. Таксама блогера абурыла, што здымкі асацыююцца з колерамі дзяржаўнага сьцяга. Між тым ён прыхільнік нацыянальнага сьцяга — бел-чырвона-белага.
Белтэлерадыёкампанія, на якую падаў у суд Антон Матолька, ад пачатку пазоў не прызнала. Прадстаўнік кампаніі юрыст Андрэй Жылінскі заявіў у судзе, што кампанія ня лічыць здымкі блогера творам мастацтва, таму не пазначыла іх аўтарства, як таго патрабуе закон «Аб аўтарскім праве і сумежных правах». Пры гэтым прадстаўнік БТ патлумачыў цікаўнасьць БТ да здымкаў паўночнага зьзяньня, якія зрабіў Антон Матолька, тым, што гэта ня толькі прыродная, але і «сацыяльная зьява».
Пазыцыю БТ адносна пазову Антона Матолькі ў судзе падтрымала прадстаўніца пракуратуры. Яна таксама спаслалася на артыкул закону «Аб аўтарскім праве і сумежных правах», у якім аб’ектам абароны аўтарскіх правоў у Беларусі лічыцца толькі мастацкі твор. Між тым Бэрнская канвэнцыя аб абароне аўтарскіх правоў, якую падпісала Беларусь і на якую спасылалася адвакат Марыя Колесава-Гудзіліна, лічыць аб’ектам абароны аўтарскага права любы твор інтэлектуальнай працы.
У апошні дзень працэсу суд адмовіў Антону Матольку ў тым, каб выклікаць дадатковых сьведак. «Адхіленьне майго пазову будзе азначаць, што красьці фатаздымкі ў Беларусі можна легальна», — казаў у заключным выступе на працэсе блогер Антон Матолька.