Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогер Матолька на судзе з БТ: «Каб скрасьці фота, трэба толькі даказаць, што яно ня ёсьць творам мастацтва»


Антон Матолька
Антон Матолька

2 верасьня скончыліся судовыя спрэчкі ў грамадзянскім працэсе вядомага блогера і фатографа Антона Матолькі супроць Белтэлерадыёкампаніі, які другі дзень праходзіць у Вярхоўным судзе Беларусі. Да паўдня суд вывучыў усе рэчавыя доказы, якія прадставілі бакі, і даў ім слова для спрэчак.

Антон Матолька настойваў на спагнаньні зь Белтэлерадыёкампаніі адной капейкі ў якасьці кампэнсацыі за маральную шкоду ад выкарыстаньня на канале «Беларусь 1» ягоных здымкаў паўночнага зьзяньня без пазначэньня аўтарства. А таксама публічнага выбачэньня на сайце кампаніі. Таксама блогер назваў непрымальнай пазыцыю, якую заняў у гісторыі зь ягонымі здымкамі старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька.

«Аказваецца, каб скрасьці фота, трэба толькі даказаць, што яно ня ёсьць творам мастацтва», — кажа Антон Матолька.

Блогер аспрэчыў экспэртызу, на якую спасылаюцца ў БТ, даказваючы немагчымасьць прызнаць ягоны пазоў, і заклікаў суд вынікі гэтай экспэртызы ня ўлічваць.

«Калі суд не задаволіць пазоў, па сутнасьці, гэта будзе азначаць, што ў Беларусі красьці фатаздымкі можна легальна», — мяркуе Антон Матолька.

18 сакавіка 2015 году тэлеканал «Беларусь 1» у дзённым выпуску навінаў распавёў пра рэдкую для Беларусі прыродную зьяву — паўночнае зьзяньне. Сюжэт называўся «Паўночнае зьзяньне колеру беларускага сьцяга». У сюжэце былі выкарыстаныя фатаздымкі, якія Антон Матолька зрабіў напярэдадні непадалёк ад Вязынкі Маладэчанскага раёну, але ягонае аўтарства не было пазначана. Таксама яго абурыла, што здымкі асацыююцца з колерамі дзяржаўнага сьцяга. Між тым ён прыхільнік нацыянальнага сьцяга — бел-чырвона-белага.

Прадстаўнік БТ Андрэй Жылінскі ў спрэчках таксама не адступіў ад пазыцыі, якую займаў да суду. «Не прызнаём пазоў Антона Матолькі цалкам, бо фатаздымкі Матолькі не зьяўляюцца мастацкім творам, што пацьвердзіла і экспэртыза Акадэміі мастацтваў», — заявіў Андрэй Жылінскі.

Паводле прадстаўніка БТ, беларускі закон «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» абавязвае лічыцца з аўтарскімі правамі толькі аўтараў мастацкіх твораў, якія ёсьць вынікам творчай дзейнасьці, і спаслаўся на першы пункт 16 артыкула гэтага закону. Асобна Андрэй Жылінскі выказаўся і адносна маральных пакут, якія, паводле Антона Матолькі, той атрымаў, калі ўбачыў свае здымкі на экране БТ бяз подпісу ды яшчэ і з камэнтаром пра асацыяцыю з колерамі дзяржаўнага сьцяга. «Так перажываць — гэта, канечне, глупства», — заявіў Андрэй Жылінскі і папрасіў суд пазоў блогера адхіліць.

Адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна нагадала суду пра Бэрнскую канвэнцыю аб інтэлектуальнай уласнасьці, якую падпісала і Беларусь. Паводле адваката, пункт 1 артыкула 16 беларускага закону «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» супярэчыць Бэрнскай канвэнцыі, якая прызнала, што аб’ектам аўтарскага права ёсьць любая інтэлектуальная праца, а значыць, і фатаздымкі. Пераважнай для беларускага суду павінна быць Бэрнская канвэнцыя, а не нацыянальны закон, мяркуе Марыя Колесава-Гудзіліна.

Таксама абаронца аспрэчыла вынікі экспэртызы, якую правёў прадстаўнік Акадэміі мастацтваў Андрэй Чупрынскі. Адвакатка назвала экспэртызу «неаб’ектыўнай і неабгрунтаванай». У прыватнасьці, адвакатка ўказала суду на памылкі экспэрта. Прыкладам, Андрэй Чупрынскі абгрунтаваў свае высновы адносна мастацкіх якасьцяў фота Матолькі непрацягласьцю здымкаў па часе — усяго 2 хвіліны паміж двума фота. Але ў судзе высьветлілася, што экспэрт памыліўся — насамрэч паміж фатаздымкамі было 10 хвілін, а ўсяго на здымкі паўночнага зьзяньня Антон Матолька патраціў 5 гадзін.

Таксама ў спрэчках вельмі коратка выступіла прадстаўніца пракуратуры спадарыня Скорабагатава. Пракурор, як і прадстаўнік БТ, спаслалася на 16 артыкул закону «Аб аўтарскім праве і сумежных правах», які лічыць аб’ектам аўтарскага права толькі мастацкія творы, і папрасіла суд не задавальняць пазоў Антона Матолькі.

Суд абвесьціць сваю пастанову па справе Антона Матолькі супроць БТ а 17 гадзіне 5 верасьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG