Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогер Антон Матолька будзе падаваць наглядную скаргу на рашэньне Вярхоўнага суду


Антон Матолька і Марыя Колесава-Гудзіліна
Антон Матолька і Марыя Колесава-Гудзіліна

Пра гэта Антон Матолька і ягоная адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна паведамілі журналістам пасьля агалошваньня пастановы, паводле якой у пазове да Белтэлерадыёкампаніі Антону Матольку было адмоўлена.

«Так, будзем падаваць скаргу. Але калі дакладна, яшчэ ня вырашылі. У нас на гэта ёсьць 3 гады», — сказаў Антон Матолька. На просьбу пракамэнтаваць рашэньне суду блогер адказаў, што камэнтаваць асабліва няма чаго:

— Пасьля таго, як прадстаўніца пракуратуры, якая ўдзельнічала ў гэтым грамадзянскім працэсе, выказалася супраць сьведкаў, якіх мы запрашалі, а суд нашае хадайніцтва адхіліў, стала зразумела, чым усё закончыцца. Калі спачатку і былі некаторыя спадзяваньні на справядлівы прысуд, дык яны на гэтым закончыліся, што сёньня і пацьвердзілася. Аказалася, што я застаўся яшчэ і вінны экспэрту, які даў заключэньне на карысьць другога боку. Пры гэтым экспэрт нарабіў фактычных памылак у сваім заключэньні, што адзначыў і суд, але ўсё ж прызнаў экспэртызу вартай таго, каб на яе абапірацца ў сваім рашэньні. На жаль.

— Суд не палічыў вашы фатаздымкі паўночнага зьзяньня мастацкім творам. А вы самі іх такімі лічыце?

— Так, гэта добрыя фатаздымкі, вартыя ўвагі і выкарыстаньня, што і пацьвердзілася, калі іх паказалі па БТ. Але ня важна, гэта мастацкі твор ці не мастацкі. Гэта вынік інтэлектуальнай працы, а значыць, Бэрнская канвэнцыя абароны аўтарскіх правоў, якую Беларусь падпісала, наўпрост распаўсюджваецца і на гэтыя здымкі. Але ў Беларусі гэтая канвэнцыя, як бачым, не выконваецца, хаця падпісалі яе многа гадоў таму. Гэта паказаў сёньняшні суд. Дарэчы, нават у Расеі фатаздымкі лічацца вынікам інтэлектуальнай працы і ёсьць абʼектам аўтарскага права. Але ня ў нас.

Тое самае фота Антона Матолькі
Тое самае фота Антона Матолькі

— Падчас працэсу ў заключным выступе вы папярэджвалі, што калі суд адхіліць пазоў, гэта будзе азначаць, што фота ў Беларусі можна красьці легальна. Цяпер Вы гэта можаце паўтарыць?

— Збольшага, так. Вядома, права ў Беларусі не прэцэдэнтнае, таму магчыма, што хтосьці паўторыць мой шлях і зможа дамагчыся перамогі. Хай паспрабуе. Але ўсё ж цяпер відавочна, якім шляхам трэба дзейнічаць, каб крадзеж фота ня быў прызнаны крадзежам. Дастаткова заручыцца падтрымкай экспэрта, які напіша ў экспэртызе, што тваё фота — ня вынік творчай працы, што гэта не мастацкі твор.

— А чаму вы толькі праз год вырашылі судзіцца з БТ? Чаго чакалі?

— У гэтыя дэталі ўдавацца ня варта, у мяне былі на гэта асабістыя прычыны. Закон дазваляе зьвяртацца ў суд і праз год. Дарэчы, мае здымкі выкарысталі без спасылкі і другі раз, у вечаровым выпуску 18 сакавіка 2015 году. Можна яшчэ і за гэта судзіцца...

— Вы казалі, што справа ўвогуле магла б да суду не дайсьці, чаму ўсё ж дайшла? І якія маральныя пакуты вы перажылі, калі ўбачылі свае здымкі на экране БТ, але без пазначэньня вашага аўтарства?

— Сапраўды перажываў, было крыўдна і балюча. Да таго ж суправадзілі мае фота недарэчнымі высновамі пра колеры дзяржаўнага сьцягу. Але і тут было б усё інакш, калі б проста патэлефанавалі і выбачыліся. Чакаў такога тэлефанаваньня, але яго так і не было — і гэта самае дрэннае. Можна зрабіць памылку, але трэба яе выправіць і папрасіць прабачэньня. На жаль, гэта ня ў стылі БТ. Менавіта такую пазыцыю заняў старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька, што ён прадэманстраваў у лісьце, зачытаным на судзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG