Замежныя грамадзяне змогуць наведваць бязь візы турысцка-рэкрэацыйны парк «Аўгустоўскі канал» і прылеглыя да яго тэрыторыі. А гэта амаль што ўвесь Гарадзенскі раён і Горадня.
Пра гэта напісаў у фэйсбуку намесьнік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной.
«Добрыя навіны. Аўгустоўскі канал і прылеглыя да яго тэрыторыі ўжо праз два месяцы замежныя турысты змогуць наведваць бяз візы. Старажытны горад Горадня таксама стане даступны для турыстаў у рамках падпісанага прэзыдэнтам указу № 318 „Аб усталяваньні бязьвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян“. На дадзены момант ідуць узгадненьні з зацікаўленымі ведамствамі і рыхтуецца пастанова Савету міністраў. Гэта чарговы крок на шляху да павелічэньня турыстычнага патоку ў нашу краіну», — адзначыў Партной.
Бязьвізавы ўезд тэрмінам да пяці сутак прадугледжаны для замежных грамадзян, якія перасякаюць мяжу з боку Польшчы праз пункты пропуску Лясная (Рудаўка) і Брузгі (Кузьніца Беластоцкая), з боку Літвы — праз пункты пропуску Прывалка (Швяндубрэ) і Прывалка (Райгардас).
Указ дзейнічае да 31 сьнежня 2017 году «з магчымасьцю падаўжэньня на нявызначаны тэрмін».