Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтааматар зь Літвы ў шоку ад мэтадаў працы беларускай сыстэмы BelToll


Томас Селятыцкіс
Томас Селятыцкіс

«Мне прасьцей заплаціць за візу беларускім сваякам, каб яны самі прыехалі ў Літву, чым яшчэ раз прайсьці празь пекла платных дарог Беларусі», — літоўскі аўтатурыст пра (сама-)дзейнасьць BelToll.

Жыхар літоўскіх Салечнікаў (Šalčininkai) Томас Селятыцкіс працуе ў буйной лягістычнай кампаніі Lotos Baltica каардынатарам па аплаце дарог і паліва. Па іроніі лёсу, днямі ён сам выступіў у ролі «паддосьледнага пацука» для BelToll — сыстэмы электроннага збору платы за транзыт па дарогах Беларусі.

У мінулыя выходныя малады чалавек зь сямʼёй на сваім «Опэлі» выправіўся да сваякоў у Воршу. Гэта быў першы ягоны вопыт падарожжа ў Беларусь на аўтамабілі. Аказалася, што чатыры гадзіны мяжы — яшчэ нічога ў параўнаньні з нэрвамі, якія давядзецца патраціць на пункце, дзе зьбіраюць плату за карыстаньне беларускімі дарогамі:

«Мы калі перасякалі мяжу, нас адразу папярэдзілі, што ў Беларусі ёсьць участкі платных дарог, таму трэба будзе набываць адмысловыя бартавыя прыстасаваньні. Усе падрабязнасьці, маўляў, даведаемся на пунктах аплаты BelToll, разьмешчаных пры ўезьдзе на тэрыторыю краіны. Мы туды заехалі, паўтары гадзіны проста стаялі, бо якраз была перазьменка. А ў адно месца па апараты сьцякаюцца кіроўцы і фураў, і легкавушак, і паступова ўтварылася чарга. На шчасьце, перад намі людзі прыборы ў бальшыні сваёй здавалі, а ня бралі, таму крыху часу зэканомілі».

Краіна ўсё шчыльней пакрываецца павуціньнем платных дарог
Краіна ўсё шчыльней пакрываецца павуціньнем платных дарог

Як і іншыя законапаслухмяныя замежнікі, Томас Селятыцкіс сказаў, што жадае пакінуць энную суму за карыстаньне беларускімі «аўтабанамі». Але якое было зьдзіўленьне, калі ў мудрагелістай сыстэме яму прапанавалі... разьбірацца самастойна:

«Мне далі прыборчык, сказаўшы, што ён вызначыць склад лабавога шкла аўтамабіля — або яно звычайнае, альбо мэталізаванае. То бок я сам мусіў пайсьці, праверыць, якое ў мяне шкло, і далажыць пра вынікі. Бо ў выпадку несупадзеньня характарыстык усё выльецца ў вялікі штраф. Я пайшоў, неяк настроіў апарат, які выдаў, што шкло мэталізаванае. На што мне сказалі: у вашага аўто такога ня можа быць, ідзіце правярайце па-новаму. Пайшоў, усё пацьвердзілася. Супрацоўніца зноў сказала, што гэта выключана, шукайце месца, дзе яно нармальнае. Толькі на чацьвёрты раз са мной пайшоў іншы работнік BelToll, які нарэшце пераканаўся, што шкло мэталізаванае. Пасьля гэтага жанчына схапілася за галаву, што давядзецца афармляць лішнюю кіпу дакумэнтаў».

Пасьля доўгай працэдуры афармленьня, якое суправаджалася бясконцым узгадненьнем зь іншымі калегамі, Томас Селятыцкіс нарэшце атрымаў на рукі набор тэхнічных прыстасаваньняў. І зноў чакаць дапамогі было марна:

Так апарат аплаты выглядае з салёну
Так апарат аплаты выглядае з салёну

«Яна дала мне два прыборчыкі, патлумачыўшы: адзін трэба замацаваць з вонкавага боку, а другі ў салёне. І падкрэсьліла, што апарат на лабавым шкле павінен быць усталяваны карэктна, іначай ён не спрацуе і атрымаеце штраф у памеры 50 эўра за кожны плацёж, які не спрацаваў. Справа ў тым, што на трасе стаяць брамы з прыёмаперадатчыкамі, якія праз бартавы прыбор счытваюць дадзеныя аўто. Дык вось колькі такіх брамаў, столькі ў выпадку форс-мажору будзе і штрафу. І яшчэ параіла: будзеце праяжджаць месца аплаты, уважліва слухайце, выключыце музыку — апарат павінен запішчэць. Як будуць два сыгналы, на рахунку засталося меней за 8 эўра. А як пачне пішчэць безь перапынку ці маўчыць увогуле, адразу ж спыніцеся і тэлефануйце на нумар, пазначаны ў рэгістрацыі на апарат. Маўляў, экспэрты скажуць, што рабіць далей».

Пасьля лекцыі зь пералікам магчымых фінансавых наступстваў малады чалавек выправіўся на стаянку, каб паспрабаваць карэктна ўсталяваць апарат, тым самым застрахаваўшы сямейны бюджэт ад непрадказальных тратаў:

Прыстасаваньне істотна абмяжоўвае бачнасьць
Прыстасаваньне істотна абмяжоўвае бачнасьць

«На шчасьце, удалося ўсталяваць як трэба, хоць ня зь першай спробы. Сам апарат прымацоўваецца да шкла клейкай налепкай, і каб ідэальна сумясьціць дзьве часткі — звонку і знутры, давялося некалькі разоў адрываць, пераклейваць. Калі празь некалькі гадзін праяжджалі першую брамку, усе напружыліся, застылі, і толькі калі пачуўся піск, мы з палёгкай выдыхнулі і далей паехалі зь лёгкім сэрцам.

Да ўсяго, нас яшчэ нагрузілі кучай дакумэнтаў невядома пра што. Перш чым расьпісвацца, натуральна, хочацца пачытаць, пад чым ставіш подпіс, а табе тыкаюць — давай хутчэй, людзі ў чарзе чакаюць. У выніку расьпісваесься, не разумеючы за што. А сварыцца ў чужой краіне неяк не выпадае, проста хочацца як найхутчэй разабрацца і зьехаць».

Як кажа суразмоўца, за сам апарат трэба пакінуць задатак, і калі тэхніка зламаецца або згубіцца, то задатак ня вернуць. Гэта ня лічачы сумы аплаты, якая набягае падчас руху па платнай дарозе:

«За сам апарат плаціш 20 эўра. Яго на зваротным шляху можна здаваць ці не здаваць, бо ён сапраўдны цягам 3 гадоў. То бок гэты час магу ім карыстацца. Іншая справа, калі я зноў паеду ў Беларусь — незразумела. Па-першае, прыбор актуальны ў прывязцы толькі да канкрэтнага аўто, перадаваць у іншыя рукі яго нельга. Памяняю машыну — і лічы, што выкінуў. Па-другое, з такой працай мытні і BelToll жаданьня паўтарыць падарожжа няма ніякага — мне прасьцей заплаціць за візу беларускім сваякам, чым яшчэ раз праехаць па вашых платных дарогах. Па вялікім рахунку, пасьля эпапэі зь перасячэньнем мяжы і набыцьцём апарата лепш за ўсё наўпрост скіравацца ў бліжэйшы гатэль, супакоіцца, паспаць і ехаць куды трэба. Бо нэрвы пасьля такіх прыгодаў ні к чорту...»

Часовага ўладальніка прыбора абкладаюць стосам абавязкаў
Часовага ўладальніка прыбора абкладаюць стосам абавязкаў

Томас Селятыцкіс са сваімі сваякамі-падарожнікамі вымушаны быў заначаваць у машыне за паўсотні кілямэтраў ад Менску — выехаўшы з памежных Салечнікаў у абед, да скрыжаваньня віленскай і гарадзенскай трасаў дабраўся амаль апоўначы. Адчуў, што 300-кілямэтровы марш-кідок да Воршы — небясьпечная рызыка. І то яшчэ пашчасьціла з надворʼем — каб раптам пайшоў дождж, прасьвету на ўзбочыне давялося б чакаць у любым выпадку:

«Праблема ў тым, што зьверху, дзе ёсьць участак зацемненага шкла, сыгнал з брамы да прыбору не даходзіць. Таму нічога не застаецца, як мацаваць яго ніжэй. Адпаведна, ён перашкаджае працы шклоачышчальнікаў. Адзін раз забыўся і на аўтамаце ўключыў, каб сагнаць муху — як стукнула ў прыбор, яшчэ добра, што шчотку не зламаў, а сам апарат не закінула ў кювет ці пад кола іншага аўтамабіля. Тады ўсё дакладна пайшло б насмарку».

Госьць зь Літвы не хавае зьдзіўленьня: як у такой справе можна давярацца інтуіцыі кіроўцы, які ў сваёй практыцы ні з чым падобным дагэтуль не сутыкаўся?

Прыехаў у Беларусь — пачынай плаціць
Прыехаў у Беларусь — пачынай плаціць

«Усё перакідваецца на кіроўцу, на ім адказнасьць за ўсталяваньне апарата. Дрэнна справіўся з заданьнем BelToll — атрымаеш штраф. Дрэнна зразумеў — сам вінаваты. Ніхто не падыдзе і не патлумачыць, як зрабіць, каб не было праблемаў. Нам далі нейкую інструкцыю, але яна напісаная такім дробным шрыфтам, што ў цемры немагчыма было нічога разабраць. Давялося вяртацца. Жанчына, якая працавала ў той зьмене, дастала аднекуль 10 аркушаў і пазычыла толькі з умовай, што я адразу вярну пасьля ўсталёўваньня. А белтолаўская стаянка нават не асьветленая, давялося мэтраў 200 ехаць да запраўкі. Узьнікае пытаньне — заводзіш машыну, вяртаесься. Зразумеў — зноў едзеш на АЗС, каб працягнуць мантаж пры сьвятле. Куча нязручнасьцяў. І калі наперадзе пад 400 кілямэтраў дарогі, а ты пасярод ночы стаіш і разьбіраесься з апаратам, міжволі задумаесься: можа, прасьцей атрымаць штраф 100 эўра, спакойна ехаць і зэканоміць кучу часу?».

Томас Селятыцкіс нямала праехаў па эўрапейскіх дарогах — у масе сваёй бясплатных — і зьдзіўлены, чаму беларускія ўлады вырашылі спаганяць грошы за праезд. Найперш, тут няма аўтабанаў у заходнім разуменьні, па-другое, у першай жа паездцы спадарожныя нязручнасьці адбіваюць ахвоту вярнуцца:

Іншаземца ў Беларусі можна вылічыць па лабавым шкле
Іншаземца ў Беларусі можна вылічыць па лабавым шкле

«Мяне адразу папярэдзілі, што 25 эўра пакрыюць 600 кілямэтраў платнай дарогі. Але колькі я катаўся па Эўропе, не сутыкаўся, каб спаганялася плата зь легкавых аўто. Было літаральна некалькі ўчасткаў, дзе дарога прыватная і няма іншых варыянтаў, каб яе абʼехаць — так, тады плаціш. Але, па-першае, не з такімі праблемамі, як у Беларусі, па-другое, маеш адпаведную якасьць, бо гэта сучасныя аўтабаны. У беларускім выпадку адлічваеш не такія ўжо малыя грошы па заробках і беларускіх, і літоўскіх, а якасьць пакідае жадаць лепшага. У адным месцы ехалі, добра, што пасьпеў зрэагаваць: пасярэдзіне дарогі ў другой паласе — канкрэтная яма памерам з 10-літровае вядро. Ну дык пра што тады гаворка?»

Між тым, як кажа Томас Селятыцкіс, у сваёй першай аўтамабільнай вандроўцы па Беларусі ён атрымаў неацэнны досьвед на будучыню. І прызнаецца, што дагэтуль з пэўным недаверам слухаў аповеды сваіх падначаленых, якія наракалі на недасканаласьць беларускай сыстэмы BelToll:

Вялікія непрыемнасьці ад маленькага прыбора
Вялікія непрыемнасьці ад маленькага прыбора

«У кампаніі Lotos Baltica я працую куратарам па платных дарогах і ніколі ня думаў, што сам траплю ў такую непрыемную сытуацыю. Зь іншага боку, атрыманы вопыт мяне радуе, бо гэта можа паўтарыцца зь любым з нашых кіроўцаў. Нярэдка ім даводзіцца самім купляць на фуры апараты, калі не пасьпяваем замовіць у BelToll, каб іх нам даслалі, і чалавек пачынае тлумачыць: маўляў, затрымка ў дарозе не зь ягонай віны, што трэба ўсё вырашаць загадзя і г. д. Здаралася, што ня верыш, а часам проста адмахваесься — добра, наступным разам замовім да выезду. А калі сам паспытаеш усёй гэтай кашы, рэальна разумееш, зь якой сытуацыяй сутыкаецца чалавек, не падрыхтаваны да такіх выпрабаваньняў».

На падставе асабістага досьведу Томас Селятыцкіс рыхтуе кіраўніцтву BelToll прапановы, якія маглі б аблягчыць жыцьцё замежным аўтакіроўцам, не знаёмым зь беларускімі рэаліямі.

BelToll у дзеяньні
BelToll у дзеяньні

BelToll — электронная сыстэма збору платы за праезд па аўтадарогах, якая дзейнічае на тэрыторыі Беларусі ад 1 ліпеня 2013 году. У аснове сыстэмы — радыёсувязь на кароткіх адлегласьцях. Над дарогамі, якія кантралюе BelToll, усталяваныя мэталічныя парталы збору платы, абсталяваныя прыёмаперадатчыкамі, якія забясьпечваюць абмен інфармацыяй з бартавой прыладай на лабавым шкле транспартнага сродку.

Праезд па платных аўтадарогах, якія ўваходзяць у сыстэму BelToll, абавязаныя аплачваць кіроўцы наступных відаў транспарту:

— мэханічныя транспартныя сродкі з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай больш за 3,5 тоны;

— мэханічныя транспартныя сродкі з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай ня больш за 3,5 тоны, зарэгістраваныя па-за межамі Эўразійскага эканамічнага саюзу.

Незадаволенасьць мэтадамі працы BelToll выказваюць ня толькі замежнікі, але і беларусы. Падчас адаптацыі сыстэмы ў тэставым рэжыме дзясяткі кіроўцаў і ўладальнікаў велікагрузных аўтамабіляў атрымалі агромністыя штрафы — ад соцень да дзясяткаў тысяч эўра. Грузаперавозчыкі нават пагражалі акцыямі непадпарадкаваньня са спальваньнем фураў перад Домам ураду ў Менску, але ўсё скончылася 15-суткавым адміністрацыйным арыштам галоўнага завадатара Сяргея Штоды. Фінансавай амністыі пацярпелыя так і не дачакаліся, нягледзячы на запэўніваньні чыноўнікаў, што прыкрае непаразуменьне будзе вырашана.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG