«СМІ ўжо заяўляюць пра 22 загінулых і шматлікіх пацярпелых, няма інфармацыі пра наяўнасьць нашых грамадзян», — паведамляе беларуская амбасада.
Амбасада Беларусі ў Італіі пільна і ўважліва адсочвае сытуацыю ў зьвязку зь землятрусам у цэнтральнай частцы краіны, гаворыцца ў паведамленьні.
МЗС папрасіў тых, чые родныя знаходзяцца ў пацярпелых ад землятрусу раёнах Італіі і не выходзяць на сувязь, паведаміць пра гэта праз тэлефон +39 34 54 80 34 65.
Магутны землятрус здарыўся ў цэнтральнай Італіі ўначы 24 жніўня. Падземны штуршок магутнасьцю ня менш за 6,3 бала паводле шкалы Рыхтэра быў зарэгістраваны ў 3:36 раніцы ў правінцыі Рыеці. Ягоныя водгукі адчуваліся ад Нэапаля да Рыміні, падземныя штуршкі адчуваліся і ў Рыме — за 170 кілямэтраў ад эпіцэнтру.
Паводле інфармацыі Эўрапейскага міжземнаморскага сэйсмалягічнага цэнтру (EMSC), ачаг стыхіі залягаў на глыбіні 4 км. Праз гадзіну яшчэ адзін штуршок магнітудай 3,9 бала зафіксавалі ў раёне Пэруджы на глыбіні 7 км.
Адмыслоўцы заяўляюць, што ахвяраў могуць быць сотні. Пацярпелы раён — у цэнтры Італіі, ён багаты на гістарычныя помнікі. Летам тут вельмі шмат турыстаў.
Апошні буйны землятрус у Італіі здарыўся ў горадзе Ль’Акуіля ў 2009 годзе, тады загінулі больш за 300 чалавек.