На галоўнай вуліцы Ніжняга Ноўгарада – Бальшой Пакроўскай я пабачыў гэты надпіс на беларускай быццам бы мове. На запрашальнай шыльдзе ў Ніжагародзкі музэй мастацкіх промыслаў.
Пачынаецца, як бачыце, з мовы гаспадароў. А сканчаецца іншым полюсам. Брацкім. Урок украінскай мовы для дашкольнікаў гаспада афарміцелі здалі пасьпяхова. А вось зь беларускай выйшла «незадача». Бо беларусы – гэта ж «тыя самыя рускія». Бо хто ж «не знае іх языка»? Ну, не шукаць жа дзеля гэтага нейкі руска-беларускі слоўнік. Ды і дзе яго знойдзеш у Ніжнім! Іншая справа – жывога беларуса! Вось, напрыклад, дзядзя Міша з гастраному насупраць, які служыў пад Мінскам. Ці цёця Моця з суседняга кафэ, якая адпачывала на Нарачы. І атрымалася вельмі яскравая паводле бязглуздасьці канструкцыя. Той выпадак, калі яўная бяссэнсавасьць набывае глыбокі сэнс. «На кой ляд засорять мозги вашим наречием. А что такое “добро пожаловать” и так знаете».
У Ніжні мяне занесла ня толькі жаданьне сямейнікаў пабачыць маю радзіму. У мяне была свая асабістая прычына. Калёнія-пасяленьне ў Сухабязводным. Дзе другі год адбывае тэрмін гамяльчук Кірыла Сілівончык. «За публічныя заклікі да тэрарыстычнай дзейнасьці». Калі я летась даведаўся гісторыю ягонай справы, мне стала сорамна перад незнаёмым гамельчуком за горад продкаў. Ніжні заўжды пазыцыянаваў сябе, як трэці горад краіны. «Сталіца Паволжа». Але ў выпадку зь Сілівончыкам Ніжні напоўніцу выявіў сваю правінцыйнасьць. Бо, калі б беларус уладкаваўся адмінам у Маскве ці Піцеры, магло б і да суду не дайсьці. А тут, «на палітычным бязрыб'і», ніжагародзкія гэбісты, дзякуючы заежджаму беларусу, такі зьдзейсьнілі подзьвіг! «Дабра запрасілі».
Сухабязводнае. У архіпэлагу ГУЛАГа вельмі заўважны востраў. Сталіца Унжлагу, створанага ў 1938 годзе і названага ў гонар ракі Унжы. Вязьняў Унжлагу я асабіста сустракаў. Памятаю, як Марыя Дзярнова, жыхарка Саскай Ліпы, якая за сувязь зь Мікалаем Дэмухам атрымала 25 гадоў лягераў, называла сваё месца зьняволеньня «лягерочкам». Успамінала ня цяжар лесапавалу, а тое, як на тым лесапавале хадзілі ў грыбы. Ад тых сталінскіх лагпунктаў засталіся толькі руіны ў тайзе. Сёньняшняе Сухабязводнае зусім не падобнае на ГУЛАГ. Гэта станцыя з ідэальна чыстым вакзалам, а на вакзале – з ідэальна стэрыльным туалетам. Па адзін бок чыгункі пасялковы цэнтар з паркам і Домам культуры, па другі – доўгая і панылая вуліца з пахіленымі ржавымі электраслупамі.
Калі я спытаў у жанчыны бухгальтарскага выгляду, што ішла насустрач, ці ведаюць тут пра зьняволенага беларуса, тая паглядзела на мяне, нібы на дзетсадаўца. «Да вы што? Да тут все націанальнасті сідят!» Вуліца ўпіраецца ў шлягбаўм, за якім разьмешчаныя дзьве сухабязводзкія калёніі. Адна асобага рэжыму, другая – строгага. Дзякуючы «Нашай Ніве» я ведаў, што «калёнія-пасяленьне – гэта пакараньне мякчэйшае, чым беларуская хімія». Таму зусім не сумняваўся, што нарэшце пазнаёмлюся з гомельскім небаракам. Але на беларускай хіміі асуджаныя жывуць, па-сутнасьці, на свабодзе. Зь імі можна пашпацыраваць пасьля працы. Зайсьці ў госьці ў інтэрнатах. А «мякчэйшая» калёнія-пасяленьне знаходзіцца на тэрыторыі калёніі строгага рэжыму. З усімі, як кажуць, выцякаючымі. Уявіце, каб дзіцячы аздараўленчы лягер разьмясьцілі б на тэрыторыі закрытай школы-інтэрнату для малалетніх злачынцаў…
Напэўна, упершыню ў жыцьці ў мяне так паважліва прымалі з рук мой беларускі пашпарт. «Как Вас сюда занесло?» – спытала кантралёрка, асьцярожна прымаючы сінюю кніжыцу. «Вы к Сілівончіку? А кто Вы ему? Друг?» Затым акенца зачынілася хвілін на пятнаццаць. Да прыкрасьці астатніх просьбітаў: пажылай сямейнай пары з трыма вялізнымі сумкамі, невысокай усьмешлівай маладзіцы і высокага хударлявага хлопца. Усім хочацца хутчэй аформіць перадачу і атрымаць дазвол на спатканьне. Чаканьне можна аблегчыць разгляданьнем фотаздымкаў лягернага жыцьця.
У пакоі пануе карэктнасьць і ўзаемадапамога. Ніхто нікому ня лезе ў душу. Кожны гатовы падзяліцца пустым пакетам. Чай, кава, цыгарэты – усё перасыпаецца ў празрысты цэляфан. Нарэшце запаветнае акенца адчынілася і цётка з радасьцю паведаміла мне, што спатканьня зь Сілівончыкам мне даць ня могуць. Бо я не сваяк. Можа, начальнік калёніі і дазволіў бы, але яго цяпер няма. І нават перадачу могуць прыняць толькі зь пісьмовага дазволу намесьніка начальніка. Дзякуй яму, што дазволіў. Падпісаў маю заяву, як «дабра запрасіў».
У Ніжнім ёсьць ня толькі Волга, крэмль, паліцыя і хахлама. Гонар сёньняшняй Расеі ратуюць людзі з арганізацыі «Нижегородский политический красный крест». Дзякуючы ім Кірыла Сілівончык не адчувае сябе кінутым у тайзе. Тое, што ўдалася высьветліць пра Кірылу, вельмі абнадзейвае. Яму ня трэба курыва. Бо кінуў. У калёніі ён працуе на кухні. Гэта добра ва ўсіх сэнсах. На жыцьцё ня скардзіцца. Наадварот, у лягеры выявіліся лідэрскія якасьці. Але ці не пара бы ўжо «дабра запрасіць»? Я пра датэрміновае вызваленьне. Каб памужнелы Сілівончык хутчэй зьехаў адтуль «по добру, по здорову». І каб больш беларусы ніколі не траплялі ў гэтыя «лягерочкі».