Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрусь Такінданг пра колер вайны на Данбасе і мову як абарону


Андрусь Такінданг пра вайну, мову і вышыванкі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:26:58 0:00

Андрусь Такінданг пра вайну, мову і вышыванкі

Мастак і музыка Андрусь Такінданг — пра вайну на Данбасе, вышыванкі ад БРСМ і «Арт-сядзібы» і мову як абарону ад агрэсіі.

Госьць Свабоды — мастак, музыка, паэт, тэлевядучы Андрусь Такінданг. Ён завітаў у праскую тэлестудыю Свабоды напярэдадні канцэртаў у Чэхіі.

Ганна Соўсь: Як творчыя дарогі прывялі вас у Чэхію і чаго чакаеце ад чэска-беларускай публікі?

Андрусь Такінданг: Вандроўныя дарогі музыкі, таму што музыку ногі кормяць. Нядаўна я быў у Варшаве, дзе адзначалі 10-я ўгодкі акцыі «Салідарныя зь Беларусьсю»... Ня мог не завітаць у Прагу.

Соўсь: Летась вы разам зь іншымі беларускімі мастакамі езьдзілі на Данбас у зону баявых дзеяньняў, кантактавалі з вайскоўцамі, гутарылі зь мясцовымі жыхарамі, і ў выніку зьявіліся карціны, мастакі ладзілі пленэр ва Ўкраіне, далей была выстава ў Беларусі. Якога колеру вайна? Як яна гучыць?

Такінданг: Якія ў вайны колеры... У вайны не жаночае аблічча, хочацца адказаць словамі Алексіевіч. Гэта сапраўды так, хаця сярод жаўнераў шмат дзяўчат. Гэта мужчынскі, іржавы колер. Мы бачылі вельмі шмат мышэй, катоў і сабак, якія паміж сабой ніяк не варагуюць. Яны туляцца да чалавека, пад’ядаюць салдацкую кашу. Выбухі вымушаюць жывёл трымацца адно аднаго, трымацца чалавека. Гэтая вайна проста не зьмяшчаецца ў галаве. У мяне як у звычайнага чалавека, зьяўляецца пратэст — што гэта адбываецца... У чалавека ёсьць палітычныя погляды, свая пазыцыя, але калі я туды прыехаў, то ўсё згубілася, мне толькі хацелася казаць людзям: «Спыніцеся, стойце, асьцярожна». Я там сьпяваў жаўнерам, але збольшага мы займаліся жывапісам. Нас пад аховай вывозілі на нейкі ўчастак, на нас былі бронекамізэлькі, і мы малявалі...

Соўсь: Андрусь некалькі гадоў таму вы пагадзіліся выступіць падчас прэзэнтацыі кнігі Свабоды «Жыцьця пасьля раку» пра гісторыі людзей, якія перамаглі анкалягічную хваробу і дапамагаюць іншым усьвядоміць, што рак — гэта толькі дыягназ, а не прысуд. Выступ вашага гурту «Рэха» вельмі цёпла вітала публіка. А вас ці вашым блізкім даводзілася непасрэдна сутыкацца з анкалягічнымі праблемамі? І як мастацтва можа дапамагчы змагацца з хваробай?

Прэзэнтацыя «Жыцьця пасьля раку». Фрагмэнты відэатрансляцыі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:08:02 0:00
Наўпроставы лінк

Такінданг: Дзякуй за запрашэньне, было вельмі важна далучыцца да гэтага праекту. Такі гэты год, што шмат у якіх знаёмых былі анкалягічныя хваробы. Маці нашага ўдарніка памерла ад такой хваробы. Гэта цяжка ўсё, але музыка дае чалавеку надзею і моц, каб перажыць такі час. Музыка — гэта не апэрацыя, і не таблетка, але чалавеку патрэбная матывацыя, каб працягваць змагацца, і добра, калі ён можа знайсьці гэта ў музыцы. А я ведаю, што музыка сапраўды спрыяе выздараўленьню.

Афрабеларус грае на домры і сьпявае па-беларуску
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:26 0:00

Соўсь: Вы ў свой час напісалі для Радыё Свабода песьню пра вышыванкі, «калі галава пустая, вышыванка не дапаможа», сьпяваеце ў ёй. Як вы адрозьніваеце сапраўдную беларушчыну ад паказной? Бо цяпер і бээрэсэмаўцы носяць вышыванкі, і Лукашэнка...

Такінданг: На канцэртах заўсёды шмат людзей у вышыванках, і гэта цудоўна. І калі я сьпяваю гэтую песьню на канцэртах, я заўсёды кажу, што я гэта найперш пісаў пра сябе (сьмяецца), таму што ў мяне ёсьць і вышыванка, і вышымайка, але не заўсёды галава поўная ведаў. На самой справе я радуюся любым праявам беларушчыны, гэта для мяне ўжо вялікае шчасьце. Я разумею, што ёсьць мае сябры і знаёмыя, якія беларусы і без вышыванак, якія ніколі іх не насілі, і могуць да іх скептычна ставіцца. А ёсьць людзі, якім сапраўды патрэбны гэты мэйнстрым, трэба адчуць, што гэта крута. Па-першае гэта прыгожа. Вядома, што «Арт-сядзіба» робіць Дзень вышыванкі куды лепей за БРСМ. Гэта сапраўды так, бо ў іх больш густу, досьведу і шчырасьці. Але, калі гэта падштурхнула і БРСМ глянуць у гэты бок, то цудоўна...

Андрусь Такінданг: Вышыванкі — беларускі трэнд
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:55 0:00

Соўсь: Вы самі сябе называлі ў адным з інтэрвію афрабеларусам, ваш бацька — ураджэнец Чаду. Як вы сталі беларускамоўным, як прыйшлі да беларушчыны? У вёсцы дзядулі і бабулі на Віцебшчыне ці ўжо на гарадзкім асфальце?

Такінданг: Я ў пачатковую школу хадзіў у вёсцы Чэрцы на Віцебшчыне. Дзядуля мой быў настаўнікам фізыкі, і свой прадмет ён прынцыпова па-беларуску выкладаў. Бабуля — настаўніца расейскай мовы і літаратуры. Яна дагэтуль жывая, у цьвёрдым розуме, кантралюе мяне, пытаецца мяне: «Калі ўжо я напішу песьню на расейскай мове, каб усе маглі паслухаць і парадавацца?» Пры гэтым яна размаўляе па-беларуску. Калі яна выкладае, гаворыць па-расейску, але калі яна расслабленая ў звычайным жыцьці, то ў яе беларуская мова.

Шмат хто ў нашых вёсках кажа «Здравствуйте, спасибо», а астатняе па-беларуску. Ёсьць жывая, гутарковая беларуская мова, і людзі, якія ёй карыстаюцца ў вёсках, не ўсьведамляюць, што гавораць па-беларуску. Я жыў у вёсцы, хадзіў у беларускамоўную школу, размаўляў на трасянцы. Калі паступіў у каледж мастацтваў імя Ахрэмчыка, там былі такія мастакі, як Рыгор Сітніца, якія і добрыя мастакі, і добрыя беларусы. Там я пабачыў, што ня толькі ў вёсцы размаўляюць па-беларуску, але і сапраўдныя мастакі гаворыць па-беларуску. Падабалася мне беларуская літаратура, чытаў Караткевіча і пачаў паціху размаўляць па-беларуску. Але і па-расейску. І аднойчы маці кажа: «Андрусь, хочаш, я цябе з хаты выганю? Што ты тут па-расейску размаўляеш?» «Не хачу», — сказаў я, і з таго часу ўсё больш па-беларуску....

Соўсь: І ці натхняе ваш прыклад расейскамоўных беларусаў? Калі, напрыклад, вы прыходзіце ў школу з урокам беларускай мовы ці калі на АНТ вялі перадачу пра беларускую мову?

Такінданг: Найперш, гэта мае музыкі, калектыў «Рэха», усе цудоўныя людзі. Калі мы пазнаёміліся, гэта былі збольшага расейскамоўныя людзі, але зь цягам часу ўсё часьцей яны размаўляюць па-беларуску і ня толькі са мной. Калі мы едзем на гастролі, то раптам мова гастроляў становіцца беларускай. Для мяне гэта прыемныя праявы, якія паказваюць, што мова — гэта ня толькі сьцяг, а найперш інструмэнт зносінаў.

Соўсь: Беларусаў часта стэрэатыпна называюць талерантным народам. Ці пагадзіліся б вы з такім вызначэньнем на практыцы? Вы такі яркі, незвычайны, не падобны на большасьць. Ці заўсёды вы пачуваліся камфортна ў Беларусі?

Андрусь Такінданг распавёў, як да яго чапляліся РНЕ-шнікі і ніякавелі ад беларускай мовы
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:15 0:00

Такінданг: У маёй вёсцы я адчуваў сябе камфортна, паколькі бабуля і дзядуля — паважаныя людзі, настаўнікі. Але былі розныя сытуацыі, у тым ліку і непрыемныя, былі сутычкі ў канцы 90-х. Тады ў нас было РНЕ. Было шмат выпадкаў, калі я пачынаў размаўляць па-беларуску, і суразмоўца, у якога былі агрэсіўныя намеры, ніякавеў і пасьля казаў «Прабачце». Вось адзін з выпадкаў. У сквэры быў позьні час, адзін хлопец з нажом падыходзіць і кажа «Едь в свою страну». Я адказваю: «Добры вечар, зь якой справай вы да мяне?» Ён: «Ой, вы па-беларуску размаўляеце, а я ў рыцарскі клюб хадзіў». Мова была для мяне абаронай. Былі выпадкі, канечне, калі мова была нагодай для хамства, але такіх было меней. Часьцей у агрэсіўных людзей, калі яны сутыкаліся зь беларускай мовай, быў кагнітыўны дысананс, і яны станавіліся адразу ветлівымі і добрымі. Важна, як ты сам сябе паставіш, ці гатовы ты ўсьміхнуцца, ці маеш нейкую ўнутраную моц, каб ня быць ахвярай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG