Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрусь Такінданг: Ёсьць надзея, што праз мастацтва ўдасца спыніць вайну


11 лютага ў Амбасадзе Ўкраіны ў Беларусі адкрылася выстава твораў беларускіх мастакоў, якія ў лістападзе 2015 году пабывалі ў Данецкай вобласьці, у зоне баявых дзеяньняў: Пяскі, Ваўнаваха, Навагродзіўка, Вялікаміхайлаўка, іншыя мясьціны.

У зону канфлікту паехалі беларускія мастакі Генадзь Драздоў, Алесь Цыркуноў, Алесь Пушкін, Андрэй Такінданг, Алесь Суша. Там ім дапамагаў украінскі мастак Тарас Носар. Падчас паездкі мастакі кантактавалі з вайскоўцамі, размаўлялі зь мясцовымі жыхарамі, пабачылі, што робіцца ва Ўсходняй Украіне. Пад уражаньнем зьявіліся палотны.

3–9 лістапада 2015 году творцы зладзілі пленэр ва Ўкраіне, і вось зараз выстава дэманструецца ў Беларусі.

Як апавёў мастак Алесь Пушкін, на дзяржаўным узроўні не ўдалося знайсьці паразуменьня, каб паказаць выставу ў Беларусі. Дапамагла Амбасада Ўкраіны ў Беларусі.

Часовы павераны ў справах Украіны ў Беларусі Валеры Джыгун, адкрываючы выставу, адзначыў:

«Выстава гэта незвычайная. У зоне АТА дагэтуль ідзе вайна, гібрыдная вайна. Мастакі маглі пабачыць, што там насамрэч адбываецца, на ўласныя вочы.

Зараз існуе тры лініі абароны: першая праходзіць там, дзе стаяць войскі; другая, дыпляматычная, — у Менску, дзе былі падпісаныя менскія дамоўленасьці і дагэтуль праходзяць перамовы, і трэцяя — інфармацыйна-мастацкая.

На выставе прадстаўлены карціны, фота і інсталяцыя — прадметы са зруйнаванага будынку школы.

Выставу, якая прысьвечаная ўсім загіблым падчас вайны ва Ўкраіне, можна назваць антываеннай, яна перадае ўвесь трагізм, які адбываецца на ўкраінскай зямлі.

Слава Ўкраіне! Хай жыве Беларусь!» — гэтымі словамі часовы павераны завершылі свой выступ.

Шэсьць мастакоў, карціны якіх прадстаўленыя на выставе. Генадзь Драздоў, Алесь Цыркуноў, Тарас Носар, Алесь Суша, Алесь Пушкін, Андрусь Такінданг
Шэсьць мастакоў, карціны якіх прадстаўленыя на выставе. Генадзь Драздоў, Алесь Цыркуноў, Тарас Носар, Алесь Суша, Алесь Пушкін, Андрусь Такінданг

Намесьнік старшыні Саюзу мастакоў Беларусі Генадзь Драздоў падкрэсьліў, што ўпершыню пасьля другой Усясьветнай беларускія мастакі пабывалі на вайне. Найбольш прадукцыйна працавалі ў Пясках, уражаньні вельмі моцныя:

«Тут усё навідавоку — разбурэньне, хаос, за якімі стаяць пакуты, трагедыя. Можна ў Менску сядзець у майстэрнях. Але трэба паказаць гледачам, што адбываецца ў суседняй братняй краіне. Мы хацелі паказаць трагедыю, данесьці яе да гледача і пераканаць, што неабходна перамір’е.

Гэта не „расьпіл гранту“, мы паехалі туды добраахвотна, на ўласныя сродкі. Гэта ня пошукі прыгодаў і адрэналіну, а ўсьведамленьне, што там вырашаюцца і нашы, беларускія, праблемы».

Алесь Цыркуноў
Алесь Цыркуноў

Мастак Алесь Цыркуноў апавёў, што першы раз пабываў ва Ўкраіне 50 гадоў таму. І ня мог упусьціць такую магчымасьць — трапіць ва Ўкраіну зноў:

«Мы ня можам не разьдзяліць пакуты ўкраінцаў. Гэта частка нашага нацыянальнага дэсанту. Ня ўсе творы трапілі ў экспазыцыю. Народ наш багата чаго ня ведае, многія знаходзяцца ў самнамбулічным сьне. Інтэлігенцыя павінна абудзіць народ».

«Я ніколі ня думаў, што мне давядзеца маляваць вайну, — прызнаецца мастак Алесь Пушкін. — Гэта абсурд, вайны не павінна быць. Хачу, каб гэтая выстава пра вайну была першай і апошняй. Мы ня хочам мець з гэтай выставы дывідэнды — гэта покліч сэрца, кліч душы. А беларусы на вайне ёсьць, і я не вітаю гэта. Двое маладых хлопцаў загінулі — Міхаіл Жызьнеўскі і Алесь Чаркашын».

На выставе прадстаўлены два партрэты Алеся Чаркашына — Уладзімера Анішчанкі і Алеся Пушкіна.

Уладзімер Анішчанка. «Алесь Чаркашын»
Уладзімер Анішчанка. «Алесь Чаркашын»

Мастак і музыка Андрусь Такінданг таксама адзначыў: «Ёсьць надзея, што праз мастацтва ўдасца спыніць вайну».

Мастакі стварылі и паказали два слайд-фільмы, змантажаваныя з кранальных фатаздымкаў, пакладзеных на песьні «Два колеры» і «Хотят ли русские войны».

Мастакі не пакідаюць надзеі паказаць выставу для больш шырокага кола гледачоў у Беларусі, а таксама ў Кіеве, Варшаве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG