У менскім Цэнтры сучаснага мастацтва прайшла выстава Андрэя Такінданга «Крыжовы шлях». Ці лёгка даліся маладому творцу сакральныя сюжэты? І чаму для моладзі вулічныя канцэрты больш прыцягальныя, чым «Славянскі базар»? Мастак і музыка — госьцем перадачы.
Андрэй Такінданг: Я доўгі час асьцерагаўся брацца за сакральныя сюжэты. У нас такі цудоўны беларускі іканапіс! Але калі гаварыць пра сучаснае мастацтва, то яно нярэдка папсовае і мяне раздражняе. А прапанову напісаць «Крыжовы шлях» я атрымаў ад ксяндза Мікалая Ліпскага з Лýчайскай парафіі, што на Пастаўшчыне. Гэта ўвогуле наш улюбёны рэгіён, мы там часта бываем з выступамі. Вядома, я адчуваў вялікую адказнасьць, але сказаў сам сабе: Андрусь, расслабся, каштоўнасьць «Крыжовага шляху» не ў тваім умельстве, не ў тваіх высілках, а ў самім сюжэце. Я, вядома ж, памятаў, што́ раблю, я многа разважаў і, калі працаваў, то слухаў Эвангельле, цяпер можна ўключыць аўдыё-Біблію і слухаць. Мае творы будуць выстаўленыя ў адмысловых каплічках на Лýчайскіх могілках. Нешта падобнае можна бачыць у знакамітым мястэчку Мосар.
Мы хацелі неяк паехаць на «Славянскі базар» і там паграць на вуліцы. Але нашы сябры-музыкі нас папярэдзілі: ня едзьце, там усіх хапаюць, усіх вяжуць. Тады было вельмі жорстка з вулічнымі выступамі. І мы самі сабе сказалі — паміраць дык зь песьняй, і пайшлі ладзіць вулічны канцэрт у цэнтры Менску, каля Ратушы. Хай там нас і павяжуць. Мы выступілі, і ўсё абышлося, сілавікі нас не кранулі. А там зьбіралася шмат людзей, і для нас гэта было сьвятам свабоды, мы былі пад вялікім уражаньнем. І мы гралі там колькі маглі. А потым неяк мяне запрасілі з выканкаму выступіць на пешаходнай вуліцы Маркса. Я ледзь не расплакаўся — у нас у Беларусі афіцыйны вулічны выступ?! Гэта немагчыма! Але мы пайшлі туды, пачалі граць, і прыехаў АМАП...